У часы Расійскай імперыі адноўлены Агінскі канал з’яўляўся важным элементам так званай Агінскай сістэмы, у якую таксама ўваходзілі рэкі Ясельда і Шчара. У дачыненні да азначаных водных шляхоў сустракаецца і назва Агінска-Нёманская сістэма, паколькі іх лёс быў павязаны з Нёманам, праз які тавары з Валыні, Падняпроўя, Піншчыны і Слонімшчыны накіроўваліся ў Заходнюю Еўропу.

Пачатак артыкула: Гісторыя Агінскага канала. Частка 1. Канал у часы Рэчы Паспалітай

Працяг: Гісторыя Агінскага канала. Частка ІІІ. Агінскі канал у часы ІІ Рэчы Паспалітай


Пасля знішчэння Рэчы Паспалітай улады Расійскай імперыі паступова ўводзілі свае парадкі ў Заходняй Беларусі. З пачаткам панавання Паўла І яны звярнулі ўвагу на “амаль забыты” Агінскі канал, у адносінах якога было прынята рашэнне прысупіць да яго рамонта “з мэтаю прынесці больш выгоды расійскім падданым”.

 



У 1799 годзе пачаліся рамонтныя працы, якія планавалася завершыць у 1802 годзе. На іх, згодна інжынер-генералу дэ Віттэ, штогод выдаткоўвалася па 60 тысяч расійскіх рублёў, узятых з сум, прызначаных першапачаткова на будаўніцтва іншага канала – Марыінскага. Аднак працы па аднаўленню канала працягваліся яшчэ і ў 1803 годзе, а для суднаходства той афіцыйна быў адкрыты 10 красавіка 1804 года. З гэтай нагоды 31 жніўня Сенат Расійскай імперыі выдаў “указ аб адкрыцці Агінскага ў Літоўскай імперыі канала”, у якім адзначалася:

-    Канал складаўся з 10 дворных і аднаго вадаўтрымальнага шлюзаў, а таксама 4 мастоў;
-    Канал мог прапускаць судны даўжынёю не больш 11 сажняў, шырынёю да 15 англійскійскіх футаў, і глыбінёй 2,5-3 футы.

Таксама для паляпшэння ўмоў суднаходства па Агінскім канале, у адпаведнасці з рашэннем Сената дадаткова прадугледжавалася прывядзенне ў парадак берагавых палос і ўпарадкаванне па рэках Прыпяць, Гаруна, Шлюдцы, Ясельда, Струмень і Піна: млыны і глухія масты не павінны былі перашкаджаць суднаплаванню і выклікаць спыненні суднаў і плытоў. Перамяшчэнні грузаў па Агінскай сістэме звычайна працягваліся да канца верасня – пачатку кастрычніка.

Вялікай праблемай для інжынераў, якія аднаўлялі канал было тое, што ён прарыты ў балоцістай глебе, ілаватай, і толькі ніжняя яго частка, бліжэй да Ясельды, мела пясчаную глебу. Дадатковая складанасць заключалася ў тым, што Выганаўскае возера, якое ўваходзіла ў Агінскую сістэму вельмі плыткае (каля 2-х аршын у глыбіню), берагі яго тарфяністыя, дно на большую глыбіню складаецца з жыдкага ілу. Таму пры хваляваннях выхад канала з возера ў бок Ясельды засмечваўся, у сувязі з чым каля вусця канала, у бок возера, была зроблена простая шандорная плаціна. Таксама ў сувязі з недастатковасцю вады Выганаўскага возера як рэзервуара меўся план уключэння ў якасці запасных вод для Агінскага канала азёр Бабровіцкага і Соміна.

 


Праведзеная расійскімі ўладамі адбудова Агінскага канала дала яму другое жыццё і ў 1810-1820-я гг. назіраўся шпаркі рост кошту тавараў, якія па ім транспартаваліся, што садзейнічала аднаўленню края пасля вайны 1812-га года. Гэта быў час, калі палескія пушчы былі багатыя на велічэзныя векавыя дрэвы, і таму па канале сплаўляўся пераважна лес. Так, 8 гадоў у Коўна выпраўлялі дрэва з Валыні для французскага флота. Рыжскі гандляр Леанард Берхгальд зарабіў на гэтым вялізныя для таго часу грошы – 4 мільёны польскіх злотых.

У 1829 годзе Польскі банк накіроўвае на Палессе, развіццю якога садзенічаў Агінскі канал, аднаго са сваіх служачых – Казіміра Кантрыма (1762-1836) Перад Кантрымам была пастаўлена задача даследаваць гаспадарчыя і гандлёвыя адносіны краю. Аднак ён зрабіў значна больш, пакінуўшы цікавае сачыненне “Podróż odbyta w roku 1829 po Poliesiu” (1836), дзе падрабязна апісаў сплаўны і плытавы гандаль. Тут жа Кантрым адзначыў, што па Агінскім канале “у адзін год падчас праходу, плыты рознага дрэва расцягнуліся неперарывальнаю палоскаю ад названага возера [Гарадыйскага возера] аж да Слоніма, так аж болей, як на міль 30 па масту ўздоўж па іх можна было праходзіць”.

Вялікая колькасць сплаўляемага лесу патрабавала наяўнасці неабходнай колькасці працоўных – плытароў. Гэта была вельмі цяжкая фізічная праца, якая патрабавала ад чалавека дасканалага ведання маршрута. Паступова з’яўляліся цэлыя сем’і плытароў, майстэрства якіх перадавалася ў спадчыну. Згодна Кантрыму, “усе пры якім-небудзь сплаве людзі, абавязаныя, кожны асобна, мець пашпарты, і мяшчане і сяляне паводле асаблівай на тое формы і кошту. Сялянам даюць пашпарты паны, або паўнамоцныя, і папера каштуе штомесячна па капеек 50 асыгнацыйных, што выходзіць на злоты срэбрам. Па заканчэнню тэрміну пашпарта, праз адзін месяц можа быць селянін без новага пашпарту, і гэта называецца хота альбо льгота”.

 


Хутка раслі населеныя пункты, якія злучаў Агінскі канал. Перш за ўсё Слонім і Целяханы, у апошнім з якіх знаходзіліся рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні, дзе вырабляліся пласкадонныя баркі і паўбаркі рознай водазмяшчальнасці. Увогуле ў 1836 годзе праз Агінскі канал было правезена тавараў на паўтары мільёны рублёў. Акрамя дрэва, гэта былі: соль, пшаніца, жыта, авёс, льняное семя, воцат, гарох, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэгла, тытунь, якія ішлі на экспарт, а прывозілі шоўк, віно, жалеза і вырабы з каштоўных металаў.

У сувязі са скарачэннем плошчаў лясоў на Палессі і Валыні, зменьшыліся яго пастаўкі праз Агінскі канал у Коўна і Кёнігсберг. Адначасова павялічваецца колькасць збожжа (хлеба), якое сплаўлялася каналам на Захад. Аднак залежнасць ураджаяў ад прыродных умоў адмоўна сказвалася на тэмпах развіцця гандлю на Агінскім канале.

Цяжкімі для яго выдаліся 1840-я гады. З 1843 года ў сувязі з трохгадовым неўраджаем ( 1844-1846) у Еўрапейскай частцы Расійскай імперыі суднахоства зменьшылася на ўсіх рэках, па якіх сплаўляўся хлеб за мяжу, у першую чаргу па Нёмане і Шчары. Часам здараліся моцныя разлівы і ледаход на канале і Шчары, як у 1846 годзе, калі былі знішчаныя масты на рацэ і на 8 дзён спынены рух 2-ой лёгкай кавалерыйскай дывізіі ва Украіну. А ў 1847 годзе здарылася новая пошасць – плыткаводдзе з-за бясснежнай зімы і сухога лета. У выніку чатыры судны пацярпелі крушэнні на Нёмане і адно на Шчары.

У 1848 годзе ў сувязі з рэвалюцыямі ў Еўропе адпраўка грузаў па Нёмане і Шчары ўвогуле спынілася. У выніку Агінскі канал у гэты час абслугоўваў толькі ўнутраныя патрэбы Гродзенскай губерні. З-за моцнай засухі прыйшлося спусціць Выганаўскае возера, каб павялічыць узровень вады ў канале, што аказалася недастатковай мерай. У сувязі з гэтым з’явілася прапанова зрабіць на рацэ Шчары дзве вадаёмныя разборныя плаціны – адну з іх вышэй упадзення ў Шчару рэчкі Ісы, другую – ніжэй в. Парэчча (пра гэты план успомнілі ў часы другой Рэчы Паспалітай у канцы 1920- пачатку 1930-х гг. і рэалізавалі яго). Быў складзены таксама праект пра паляпшэнне рэчышча Нёмана за кошт ачысткі плыткіх месцаў, прарыцця пратокаў, знішчэння небяспечных быстрыняў, выцягвання камянёў і калодаў. Але нічога з гэтых прапаноў і праектаў так і не было рэалізавана, таму што ў 1849 годзе прыродныя ўмовы значна палепшыліся, у выніку па Агінскім канале прайшло тавараў коштам 246288 рублі 95 капеек. У асноўным гэта быў лес, смала, дзёгаць і вугаль, які нарыхтоўваўся ў Гродзенскай і Мінскай губернях. З Крэменчуга праз Пінск атрымлівалі значную колькасць солі, якая перавозілі на пласкадонных вялікіх лодках, якія мелі 8-16 сажняў даўжыні і 2,5-3 сажні шырыні.

У 1851 годзе з-за дажджлівага лета выдаўся вельмі дрэнны ўраджай, што замарудзіла тэмпы развіцця суднаходства. З 1852 года зноў назіраецца значны рост плытоў і суднаў у Агінскім канале. Як вынік: на Шчары разбіліся 2 баркі і адно судна, у 1853 годзе на рацэ патанулі двое суднарабочых. У 1854 годзе зноў здарыўся неўраджай: калі ў папярэднім, 1853-м годзе праз канал прайшлі 2739 плытоў, 17 чаек (барак) і 34 лодкі, то ў 1854-м годзе толькі 1998 плытоў, 3 чайкі, затое 140 лодак. У 1850-х гг. у сярэднім за год праз Агінскі канал праходзіла па дзве тысячы плытоў, а ў 1855-1856 тут рэзка ўзрасла колькасць лодак, якія перавозілі грузы вагой да 800 пудоў: 1855 – 246, 1856 – 281, аднак з 1857 года іх лічба так жа рэзка скарацілася – да 69, а ў 1858 увогуле толькі 17.

З’яўляюцца прапановы выкарыстоўваць канал і для руху параходаў. Гэтаму садзейнічаў прыклад, ажыццёўлены памешчыкам Віленскай губерні Тызенгаўзам на рацэ Нёман, дзе пасля ачышчэння ад лёду ў 1856 годзе з’явіліся чатыры параходы, якія выкарыстоўваліся для вывучэння фарватэра.

У 1857 годзе ў адным з партоў Агінскага канала – Слоніме – грузіліся 15 суднаў і 280 платоў, на якіх працавала 600 чалавек, кошт груза 76480 рублёў. Праз сам жа Слонім прайшло ў гэты год 80 суднаў, з якіх 67 тут разгрузілі, і 2294 (!) платы, з якіх разгрузіліся толькі 10. На 1858 год Слонім быў на першым месцы ў Гродзенскай губерні па колькасці сплаўляемых праз яго плытоў.

 



Сплаўленне плытамі было асноўным транспартаваннем па Агінскім канале, нягледзячы на тое, што тут таксама выкарыстоўваліся і судны невялікіх памераў, напрыклад, лодкі з грузам не больш 800 пудоў і чайкі – род барак з дахам пінскай пабудовы, якія падымалі каля 2 тысяч пудоў груза. Плыты з грузам або без яго спачатку ішлі ў Ясельду, часам нават незаходзячы ў Пінск. Чайкі ж заўсёды накіроўваліся ў Пінск, дзе на іх з берага грузілі хлеб (або перагружалі той з берлінаў).

Падрабязнае апісанне працэса сплаўлення плытамі апісаў дацэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Ю. Янсон у кнізе “Пинск и его район” (1869). Згодна яму, плыты вязаліся з сасны, якая разглядалася не толькі як самастойны тавар (брусы, бярвёны), але і як прылада, прызначаная для перавозкі грузаў. Такія плыты называлі “фурманкамі” і ішлі яны звычайна з самога Палесся, Валыні або Падняпроўя ў выглядзе карабельнага леса ў Прусію.

Плыты вязаліся “гонкамі” (або “гонзкамі”), кожная з якіх на Агінскім канале складалася з 12 брусоў 13-дзюймовай таўшчыні і даўжынёй не больш 17-18 сажняў. Г.зн., што пры шасці сажнях даўжыні гонка складаецца з 36 брусоў. Калі плыты ідуць па Прыпяці, то яны звязваюцца ў некалькі гонак, але пры ўваходзе ў Ясельду і Агінскі канал, гонкі развязваюцца і ўтвараюць такія часткі, якія б можна было свабодна правесці праз шлюзы (г.зн. не большыя за 18 сажняў даўжыні). Пры ўваходжанні ў Нёман праз Шчару гонкі зноў звязваліся разам і ўтваралі плыты даўжынёй да 30 сажняў і шырынёй да 5. На кожную гонку, якая праходзіла праз Прыпяць звычайна патрабавалася 8-10 плытароў.

Аснову грузаў плытоў складалі дубовыя лясныя матэрыялы з ваколіц Гомеля і хлеб з Украіны і Беларусі. Калі хлеб купляўся на Валыні, то ён там жа грузіўся на плыты, спускаўся ў Прыпяць, ішоў Прыпяццю да вусця Ясельды і потым аж да Кёнігсберга, або да Коўна. Аднак хлеб таксама закуплялі ў Прыдняпроўі і дастаўлялі тады яго на берлінах у Пінск, дзе ён перагружаўся на плыты, якія замаўляліся звычайна на Валыні.

Прычым на берлінах зерне везлі россыпам, а на плыты яно павінна было класціся ў мяшках. Але адразу на брусы мяшкі ніколі не лажылі. Пад іх ішла падкладка са звычайнага дрэвавага леса. Падкладка гэтая заўсёды належыла ўладальніку плытоў, а яе дастаўка ўваходзіла ва ўмовы найму, роўна як і абавязак гаспадара плытоў забяспечыць яго працоўнымі пры перагрузцы. Але турбота пра мяшкі ўжо ляжала на ўладальніку хлебнага груза.

 


Гэта выклікала вялікую патрэбу ў мяшках, галоўным месцам гандлю якімі зрабіўся Пінск. Мяшкі сюды прывозілі пераважна са Слуцка, Шышкава, Клецка, Канулаў, Любчы, Дзеляцічаў. Палатно для мяшкоў выраблялі сяляне, якія гатовы матэрыял прадавалі на базарах пераважна мясцоваму гарадскому жыдоўскаму насельніцтву. Тыя ж займаліся ўжо шыццём мяшкоў і іх продажам.

Мяшкі вырабляліся двух памераў: 5-6-пудовыя і 8-пудовыя. Першыя каштавалі 25 кап., а другія – 40 кап. З Коўна і Кёнігсберга яны ўжо не вярталіся, а прадаваліся там каля 12-14 кап. за штуку.

Які б сухі хлеб не быў, ён усё роўна прамакае, асабліва ніжнія мяшкі. Тым больш мяшкі нічым не прыкрываліся зверху і зерне псавалася таксама ад дажджу і высокай вільготнасці, ды нават магло прарасці. Таму пасля дастаўкі ў Коўна хлеб выгружалі на бераг, высыпалі на ветразі, праветрывалі і зноў засыпалі ў мяшкі. Такая аперацыя называлася “перапрацоўка” і менавіта пасля яе зерне накіроўвалася ў Прусію.

Па Ясельдзе плыты ішлі вясной у час разліву напрамую на ялінах (лясках) 3-4 тыдні да канала, а астатні час – 7 сутак (калі няма ветра, які б прыбіваў плыты да берагу). Па канале, калі няма ветру ў Выганаўскім возеры, плыты праходзілі за 5 сутак. Такім чынам, у ідэале да Шчары яны дабіраліся за 12 сутак. Аднак да гэтага часу неабходна дадаць час, неабходны для праходжання шлюзаў, што займае не больш паўгадзіны (на адзін шлюз), а таксама прасушка. Усяго для ўвахода ў Шчару неабходна было 3-3,5 тыдня. Сплаў па Шчары займаў каля 2,5-3 тыдняў, а затым яшчэ Нёманам – 3-4 тыдні, прычым калі з прыпынкаў у Коўне, то 4-5 тыдняў. Шлях ад Коўна да Мемеля на суднах займаў яшчэ 2 тыдні. Такім чынам, увесь шлях ад Гарадзішча, дзе вязалі плыты да вусця Нёмана займаў у сярэднім каля трох месяцаў.

Вельмі важным момантам пры адпраўцы на плытах складаў разлік колькасці дрэва, неабходнага для падняцця груза. Сасновыя брусы, зразумела, мелі розную таўшчыню і даўжыню, аднак у асноўным на продаж ішло дрэва вызначаных памераў. Валынскі лес ў 1860-я гг. меў у большасці сваёй 8-9-дзюймовую таўшчыню і ад 10-20 футаў даўжыню; брусы 12-15-дзюймовыя пры даўжыні 30-40 футаў. Лес прадаваўся па кубічнаму зместу драўлянай масы, па яе колькасці разлічвалася і нагрузка плытоў. Адзінкай лясной меры з’яўлялася “капа”, якая раўнялася 360 прускім ці валынскім сажням таўшчынёй у 13 дзюймаў ці 500 казённым рускім. На меншыя брусы зерне не грузілі. На капу клалі 1800 пудоў груза. Колькасць жа брусоў залежыла ад іх даўжыні. Калі, напрыклад, даўжыня было роўнай 6 сажням, то для груза ў 1800 пудоў патрабавалася 360:6=60 брусоў.

У 1863 годзе ў сувязі з паўстаннем супраць царскіх уладаў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, гандаль праз Агінскі канал рэзка скараціўся. За ўвесь год праз яго прайшлі толькі 4 баркі, 30 лодак і 1097 плытоў. Затое пасля задушэння паўстання, у 1864 годзе тут быў дасягнуты пік па колькасці плытоў – 3228 (!), у дадатак да 4-х барак і 89 лодак.
У 1865 годзе Прускі ўрад па просьбе кёнігсбергскіх гандляроў звярнуўся да міністэрства замежных спраў Расійскай імперыі з запіскай пра неабходнасць паляпшэння Агінскай сістэмы. Аднак расійскі ўрад прызнаў прапанаваныя ў запісцы меры занадта дарагімі (неабходна было затраціць больш 500 тысяч расійскіх рублёў) і бескарыснымі для прывядзення ўсёй сістэмы ў стан плавання вялікіх суднаў. Тым больш расійскія ўлады не планавалі дзейнічаць на карысць Кёнігсберга, які з’яўляўся канкурэнтам Данцыга.

У 1865 годзе праз канал прайшлі 73 лодкі і 2091 плыты, у 1866 – 2 баркі, 52 лодкі і 1596 плытоў, у 1867 – 6 барак, 67 лодак і 2387 плытоў.

Летам 1868 года з-за моцнага бязводдзя, напрацягу 29 дзён суднаходства па Агінскім канале бесперапынна ішло толькі за кошт вады Выганаўскага возера. У гэтым жа годзе з’явілася магчымасць страхаваць тавары, якія перавозіліся Агінскім каналам у кампаніі “Надзея”, якая адкрылася ў Пінску. Такой магчымасцю ў першы год скарысталіся 150 чаек, дзве з якіх разбіліся і іх ўладальнікі атрымалі грашовую кампенсацыю.

У 1870-80-я гг. роля Агінскага канала паступова змяншалася ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі ў Беларусі, аднак Расійская імперыя працягвала выдаткоўваць на яго падтрыманне значныя грашовыя сродкі. Напрыклад, з пачатку аднаўлення (1799) да 1876 года на ўтрыманне састаўных частак Агінскай сістэмы ўсяго было выдзелена: на Ясельду – 88445 руб., Агінскі канал – 884857 руб, Шчару – 547112 руб і Нёмана 38326 руб, ці ўсяго 1558741 руб. Тады ж паўстаў план паляпшэння ўсёй воднай сістэмы, ініцыятарамі чаго выступілі Лісоўскі і Шульц. На дадзены праект планавалася затраціць каля 4 мільёнаў рублёў, што было амаль у 8 разоў больш той сумы, якую ў 1865 годзе прасілі выдаткаваць на развіццё Агінскай сістэмы прускія гандляры. Праект планавалі расцягнуць на многія гады, а затраты вярнуць коштам аплаты ад судоў і павялічаннем іх руху па канале. Слонім, Целяханы і перш за ўсё Пінск сталі бы тады важнейшымі складавымі пунктамі для збожжавага гандлю ва ўсім рэгіёне. Гэтыя планы так і засталіся на паперы, таму што ў 1880-1890-я гг. узрастала роля чыгункі, тавары па якой дастаўляліся значна хутчэй, чым плытамі або суднамі па вадзе. Таму нядзіўна, што ў 1887 годзе па Шчары з Агінскага канала прайшло ўсяго 7 суднаў і 1100 плытоў коштам тавара 160296 рублёў.

З пачаткам новага стагоддзя Расійская імперыя, якая ўвайшла ў лік найбольш развітых краін свету як ніколі мела патрэбу ў камунікацыях. Таму зноў развіваюцца водныя шляхі, у тым ліку Агінскі канал. У 1912 годзе праз Агінскую сістэму ўключна з ракою Нёман грузілася 812 суднаў і 2308 плытоў коштам тавараў на 2612347 руб., а разгружалася 829 суднаў і 1164 плыты коштам тавараў на 1033887 руб. У 1913 годзе на Агінскай сістэме разам з Нёманам грузілася 875 суднаў і 1951 плыты коштам тавараў 2516098 руб., разгружалася 1058 судны і 1262 плыты коштам тавараў на 1379068 руб.

 

 Такім чынам, напярэдадні першай сусветнай вайны Агінскі канал зноў набыў важнае значэнне для ўсяго рэгіёна, рост гандля на ім станоўча сказваўся на развіцці Піншчыны і Слонімшыны, і ў цэлым усёй Гродзенскай губерні. Аднак вайна 1914-года прывяла да разбурэння яго гідратэхнічных камунікацый, паколькі сама лінія фронту на 1916 год праходзіла як раз па канале.

 



ДАДАТАК 1: Пра шлюзы Агінскага канала (Крыніца: Ю. Янсон, “Пинск и его район” (1869))

 

Ад возера Выганаўскага да Ясельды на 43 вёрстах канал мае 52 фута падзення. На гэтую вышыню плыты і судны падымаюцца дзевяццю шлюзамі, у бок Шчары ж выпускаюцца адным шлюзам. Ад мястэчка Тэлеханы да вусця ў Ясельду канал мае контр-фассэ, для рэгулявання вады ў самім канале, з неабходнай колькасцю разборных плацін. Шлюзы аднакамерныя, драўляныя, маюць шырыню 17 ½ футы пры 18 сажнях даўжыні. Шлюзы служылі па 10-12 гадоў, пасля чаго іх тэрмін эксплуатацыі скончваўся і яны перабудоўваліся па-новаму.

Шлюзы размешчаныя былі наступным чынам: № 1 на першай вярсце, № 2 паблізу в. Твардуўкі, затым б’еф 3 вярсты і шлюз № 3 на пятай вярсце, шлюз № 4 на 9-й вярсце; б’еф 8 верст, які перасякаўся дарогай з Азарычаў у Сасноўку, на якой меўся пад’ёмны мост (называўся Сасноўскі), пры пачатку 17 вярсты шлюз № 5, б’еф 5 вёрст і шлюз № 6 на 22-ой вярсце, б’еф 3 вярсты і шлюз № 7 у 1 ½ вярсты ад Тэлехан на 25-й вярсце, шлюз № 8 з бейшлотам напалове 27-й вярсты; на 30-й вярсце № 9; б’еф паміж 8 і 9 шлюзамі ўключаў ў сябе 2 ½ вярсты працягласці возера Вулька. Ад возера Вулька да возера Выганаўскага лічылася 13 вёрст№ затым ідзе 4 ½ вярсты працягласці Выганаўскага возера і ў 200 сажнях ад яго на Шарскай пакатасці змяшчаецца шлюз № 10 на 48-й вярсце, ад якога дзве вярсты да Шчары.

Складанасць уяўляла толькі плаванне па Выганаўскаму возеру, так як плыты ідуць на ялінах пры топкім грунце, а ў выпадку ветра вымушаныя яны рабіць доўгі абход каля берагоў, якія цяжка праходзіць з-за іх тарвяністасці і топкасці.

Для суднаходства ў канале прынятая за норму глыбіня вады ў 3 ½ фута.

Найбольшую колькасць цяжкасцяў уяўляла трэццяя складаная частка Агінскай сістэмы – рака Шчара. Усе тэхніныя збудаванні на ёй абмяжоўваюцца прасторай паміж каналам і в. Добры Бор на працягу 80 вёрст, і складаюцца толькі з двух шандорных вадаспускаў і 7 разборных плацін.

 



ДАДАТАК 2: ПРА паўшлюзы на рацэ Шчары (Крыніца: Военно-статистическое обозрение Гродненской губернии. 1849)

 

Рака Шчара ўваходзячы ў склад сістэмы Агінскага канала, суднаходна, толькі для пласкадонных суднаў, якія маюць асадку ў вадзе 2 ½ фута, таму дастаўка правіянта гэтым шляхам робіцца няўдобнаю. На адлегласці ад вусця Агінскага канала да г. Слоніма маецца 9 паўшлюзаў: каля некаторых зроблены берагавыя поласы, адпаведна толькі з мэтаю утрымаць гарызонт падпорных вод ад разліва па нізінным яе берагам. Самая вялікая працягласць гэтых берагавых палос паміж в. Чэмялы, дваром Злотава і паўшлюзам № 5.

Scroll to top