Месца, на якім зараз знаходзіцца пажарнае дэпо, адно з самых цікавых у Горадні. Гэта пацвярджаюць матэрыялы апошніх археалагічных раскопак восенню 2006 г. Прапануем матэрыял Ю. Гардзеева аб гісторыі гэтага месца.

 Гэты ўчастак гарадской зямлі быў забудаваны ў раннім сярэднявеччы. Як сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак, правы бераг р. Гараднічанкі, што ляжаў насупраць замкавага дзядзінца, быў заселены ўжо ў 11 ст. Не выключана, што ў 12 ст. на тэрыторыі гэтага старажытнага пасада была ўзведзена т.зв. Малая царква. Гэтую гіпотэзу ўскосна пацвярджаюць вынікі археалагічных раскопак, праведзеных у 1987 г. Аляксандрам Краўцэвічам. Падчас іх на згаданым участку быў зафіксаваны багаты культурны слой 12 ст.1 Да той жа высновы схілялася Алена Квітніцкая, якая правяла грунтоўны аналіз эвалюцыі горадабудаўнічай структуры Гародні. На яе думку, "манастырык на Падзамчы" прымыкаў да плошчаў фарнага касцёла, участкаў жыдоўскага квартала, а з двух бакоў межаваў з вулічнымі артэрыямі. Г.зн. Малая царква з манастыром знаходзілася на невысокім ўзгорку сярэднявечнага пасада, на поўнач ад Старога замка2.

Малая царква

Малая царква.
Медзярыт Адэльгаўзера-Цюндта 1567-1568 гг.

Такім чынам. галоўным аб'ектам згаданага ўчастка быў манастыр з Малой царквой. Першае ўпамінанне пра Малую царкву і "малы папоўскі манастырык" паходзіць з фальсіфікату прывілея на права і свабоды гарадзенскіх жыдоў 1389 г., які быў складзены ў першай палове 16 ст.3 Згодна з меркаваннем Квітніцкай, выява Малой царквы была зафіксавана на медзярыце Адэльгаўзера-Цюндта 1567-1568 гг. Мяркуючы па графічным матэрыяле, гэта была невялікая па аб'ёме, аднанефная мураваная царква, крытая двухскатным дахам, з цыліндрычным барабанам з невялікім купалам.

Каралеўскія рэвізоры, якія ў канцы 17 ст. склалі спіс ўладальнікаў нерухомай маёмасці горада ды забудовы гарадскіх плошчаў, зафіксавалі факт знішчэння манастыра з царквой маскоўскімі войскамі ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя4. У гэтым інвентары захавалася сціплая згадка аб тым, што на пляцы знаходзіўся "малы папоўскі манастырык пад замкам"5.

План 1793 г.

Фрагмент плана 1753 г.

На плане 1753 г. у раздзеле легенды плана "Спецыфікацыя. Што яшчэ з будынкаў засталося стаяць" пад літарай "h" пазначаны пляц "рускага папа з юрыздыкай і будынкам"6. Гэта азначае, што ў сярэдзіне 18 ст. участак з'яўляўся ўласнасцю ўніяцкай царквы. Апошняя згадка пра царкву паходзіць з 1783 г., калі на пляцах пачалося ўзвядзенне каралеўскай канцылярыі ды стайняў7. Іх выява была змешчана на плане горада 1798 г. "Конюшни" на ім былі пазначаны пад №148.

На французскім плане 1812 г. на аналізуемым участку бачна "ecuries du chateau de magasin á fourrages" ці "стайня замка, які выкарыстоўвацца як фуражны склад"9.

Пра функцыянальны характар забудовы ўчастка сведчаць графічныя матэрыялы 19 ст. У легендзе плана горада 1823-1831 гг.10 ды 1824 г.11 стайні названы мураванымі. Паводле апісання плана Гародні 1831 г. стайні з двума флігелямі былі заняты "шпіталям і рознымі шпітальнымі рэчамі"12. Стаенныя будоўлі пазначаны на планах 1833 г.13 ды 1841 г.14 Паводле тлумачэння плана горада 1882 г. у будынках стайняў мясціўся "летній госпиталь"15.

План 1823-1831 гг.

План 1823-1831 гг.

Паводле крыніц на пачатку 20 ст. на ўчастку было ўзведзена пажарнае дэпо, завершанае ў 1902 г. Комплекс пажарнай часткі горада быў пабудаваны ў форме карэ. Галоўны, паўднёвы фасад комплексу з боку вуліцы Замкавай складаўся з сучаснага дома № 17, № 19 ды пажарнай каланчы, якія злучала 1-павярховае збудаванне з 7 ўездамі для пажарных машын. З захаду, з боку Старога замка, знаходзіўся 1-павярховы фасад. З боку Гараднічанкі і сучаснай вуліцы Траецкай праходзіў мур. У паўночнай частцы комплекса знаходзілася драўляная трэніровачная вежа.

На плане 1903 г. побач са збудаваннямі даўніх каралеўскіх стайняў бачны скарочаны подпіс вуліцы ці завулка "Пожар.", што дадаткова сведчыць аб размяшчэнні ў іх пажарнага дэпо.

Эвалюцыю забудовы аналізуемага ўчастка, а таксама яго матэрыяльную культуру можна прасачыць дзякуючы правядзенню археалагічных даследаванняў.

План 1882 г.

План 1882 г.

Вул. Замкавая, паштоўка пач. 20 ст.

Вул. Замкавая. Паштоўка пач. 20 ст.


1 А. Краўцэвіч, Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV — XVIII стст. (планіроўка, культурны слой), Мінск, 1991, с. 32, 70-71.
2 Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI — XVIII вв. // “Архитектурное наследство”, 1964, № 17, с. 20-21; НГАБ Ф. 1882 воп. 1 спр. 3 арк. 18адв.
3 Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386 — 1430, zebrał J. Ochmański, Warszawa-Poznań, 1986, s. 181.
4 Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI — XVIII вв. // “Архитектурное наследство”, 1964, № 17, с. 21.
5 Писцовая книга Гродненской экономии, т. II, Вильно, 1882, с. 189.
6 S. Szymański, Urbanistyczno-architektoniczne..., s. 259.
7 НГАБ у Гродне, Ф. 1475 воп. 1 спр. 3 арк. 66адв, 112-112адв; Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI — XVIII вв. // “Архитектурное наследство”, 1964, № 17, с. 21.
8 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 846 воп. 16 спр. 6 арк. 4.
9 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 349 воп. 12 спр. 1485.
10 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 349 воп. 12 спр. 1486.
11 Расійскі Дзяржаўны Гістрарычны архіў, Ф. 1298 воп. 168 спр.3.
12 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 349 воп. 12 спр. 1487.
13 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 349 воп. 12 спр. 1490.
14 Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI — XVIII вв. // “Архитектурное наследство”, 1964, № 17, с. 21.
15 Расійскі Дзяржаўны Ваенна-гістарычны архіў, Ф. 1959 воп. 2 спр. 36 арк. 14

Юры Гардзееў
Scroll to top