Гродзенцы заўсёды паважалі і любілі піва. Першыя згадкі пра гродзенскіх півавараў сустракюцца ў гарадскіх дакументах ужо ў пачатку XVI стагоддзя. З тых даўніх часоў да нас дайшлі імёны півавараў Марціна Затычыча і Міхала Міхайлавіча.

У тыя часы бровары існавалі амаль пры кожным шынку і карчме. Вельмі актыўнымі ў прыгатаванні і продажы піва былі таксама гродзенскія езуіты, дамінікане і брыгідкі.

Тады піва не рабілася вялікімі партыямі. Гэта было “хатняе” піва, ферментацыя якога адбывалася пры дзённай тэмпературы – каля 15-24 градусаў па Цэльсію (у адрозненні ад сучаснага піва, якое ферментуецца пры тэмпературы 4-10 градусаў па Цэльсію). Не гледзячы на тое, што тэхналогія піваварання яшчэ не была уніфікавана, гродзенскае піва на заходніх абшарах Вялікага княства Літоўскага было сінонімам якаЛітаграфія Гродна пачатку 1860-х гг. На пярэднім плане палац, які пасля стане броварам Кунцасці гэтаксама, як піва з Оршы на ўсходзе Вялікага княства.

Толькі ў другой палове XIX стагоддзя ў Гродне пачалі рабіць піва на прамысловым узроўні і ў прамысловых маштабах. І пачатак яго вытворчасці звязаны з будынкам былога гродзенскага бровара, які да сённяшняга дня стаіць у самым цэнтры горада. Мала хто ведае, што былы бровар – гэта адзін з найбольш старых будынкаў нашага горада і, на самай справе, гэта не бровар, а палац знакамітых магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай Сапегаў і Агінскіх. Першы раз яго можна пабачыць на вядомай „Стакгольмскай карце” Гродна 1665 года. Гэта быў магутны палац, сапраўдная крэпасць над Нёманам з вежачкамі па вуглах будынка. У XVIII стагоддзі яго ўладальнікамі былі Агінскія, а над перабудовай палаца нейкі час працаваў адзін з найбольш вядомых архітэктараў Джузэпэ Сака.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эпоха слаўных магнацкіх палацаў падышла да канца. Былы палац належаў гродзенскім купцам, якія выкарыстоўвалі яго ў якасці складаў для сваіх тавараў.Бровар Кунца ў пачатку ХХ стагоддзя

У 1870-х гг. будынак былога палаца трапіў у рукі аўстрыйскага падданага купца Юзафа Мацеевіча Кунца, які скончыў піваварскія курсы ў Празе. Палац быў перабудаваны і з 1877 года пачаў функцыянаваць як бровар. У падзямеллях палаца адбываўся працэс ферментацыі піва, тут жа яно захоўвалася ў вялікіх дубовых бочках. У год заснавання бровара Ю. Кунца ў Гродне існавала яшчэ чатыры меншыя бровары (у Ю. Кунца працавала 18 чалавек, на ўсіх астатніх разам узятых броварах – толькі 35). У 1897 годзе Юзаф Кунц перадаў вытворчасць сваім сынам Ігнацію і Францу, а сам памёр у кастрычніку 1907 года.

Заснавальнік бровара стары Ю. Кунц клапаціўся пра якасць піва больш, чым ягоныя сыны. У 1911 годзе кантралёры, якія наведалі бровар, адзначылі, што прадукцыя завода адзначаецца нейкім асаблівым непрыемным смакам. Узоры прадукцыі адправілі ў лабараторыю гродзенскага акцызнага ўпраўлення. Вынікі раследавання паказалі, што Ігнацій Кунц падчас кожнай варкі піва дадаваў у яго да 18 пудоў цукру, што павялічвала канчатковы выхад прадукта, аднак півам яго назваць было ўжо нельга, бо сапраўднае піва – гэта напой, дзе выкарыстоўваюцца толькі чыстая вада, ячмень, хмель і солад. У 1912 г. І. Кунц памёр і бровар выставілі на продаж. Новым уласнікам стаў Браніслаў Краткоўскі, які набыў яго за 76 тыс. рублёў. Далей бровар паспяхова развіваўся і ў 1914 годзе прадукцыя піва дасягала ўжо каля 315 тысяч вёдзер штогод, гэта значыць прыкладна 6 мільёнаў бутэлек. Зразумела, што такая колькасць піва задавальняла як патрэбы горада, так і ў значнай ступені экспартавалася па ўсёй Расійскай імперыі. Праўда, у гэтага найвялікшага ў Гродне бровара было некалькі канкурэнтаў у самым горадзе, бо нават у канцы XIX стагоддзя ў Гродне функцыянавала як мінімум пяць бровараў а ў папярэднія дзесяцігоддзі іх было нават болей.

Напрыклад у 1869 годзе ў Гродне існавалі наступныя бровары:Бровар Кунца ў пачатку ХХ стагоддзя
1.    Міхаіла Роберта Турка на Млынарскай вуліцы на Занёманскім фарштаце. Існаваў з 1860 года.
2.    Саламона Ляпіна (або Лапіна) на Хлебнай вуліцы на Занёманскім фарштаце. Існаваў з 1863 года.
3.    Лейбы Шэрэшэўскага на Млынарскай вуліцы. У 1892 годзе ён стаў уласнасцю Рахілі Андрэс.
4.    Янкеля Лапідуса на вуліцы Хлебнай. Існаваў з 1847 года.
5.    Вільнера на Агароднай. Існаваў з 1864 года.
6.    Ракавіцкага на Віленскім завулку. Існаваў з 1864 года.
7.    Яфэ, які існаваў з 1861 года і на якім варылі баварскае піва.

У 1877 годзе быў адчынены півавараны завод Льва Велера, а ў 1882 годзе з’явіўся бровар Лейбы Слуцкага, які знаходзіўся на Фабрычнай вуліцы ў доме Куронскага і Збора. З апошняга прадпрыемства вядзе сваю гісторыю гродзенскі гарэлкава-лікёравы завод “Неманоф”.Піўны корак гродзенскага бровара часоў першай сусветнай вайны

У гады Першай сусветнай вайны бровар Краткоўскіх сур’ёзна пацярпеў падчас ваенных дзеянняў, пазней нямецкая адміністрацыя вывезла частку абсталявання завода ў Германію. Аднак ужо пад канец нямецкай акупацыі ў 1918 годзе бровар быў выкуплены прадпрымальнікам Юдалем Марголісам і пасля грунтоўнай рэканструкцыі ў пачатку 1920-х гадоў тут ізноў пачалася вытворчасць піва. У міжваенныя гады ў Гродне існавала тры бровары – Юдаля Марголіса на Садовай вуліцы (цяпер Завадская), Эўфраіма Яфэ на вуліцы Збажовай (існаваў прыкладна да 1928 года) і Лейбы Слуцкага на Віленскай вуліцы.

У прэсе тых гадоў можам адшукаць рэкламу бровараў Гродна. Напрыклад, бровар Л. Слуцкага рэкамендаваў шаноўным спажыўцам “новае, непараўнальнае па Забудова вуліцы Збажовай з броварам Э. Яфэ за апорай узарванага чыгуначнага моста, 1916 г. Будынак бровара, таксама як і ўся вуліца, згарэў у чэрвені 1941 годасмаку цудоўнае піва сартоў „Сталовае”, „Сакавіцкае”, „Экспартнае”. Аднак “шаноўныя спажыўцы” не былі надта захоплены якасцю гродзенскага піва. Аўтар фельетона, надрукаванага ў „Беластоцкім Штодзённіку” у 1921 годзе, пісаў: “Ужо тыдзень Гродна абыходзіцца без піва. Гэта жахлівы сон ці бязлітаснае злачынства? Так напісаў бы паэт, які зваліўся з Марса, але Гродзенскі летапісец не ўспрымае гэтую справу так трагічна бо ведае, што піва ў Гродне няма ўжо даўно, бо тое, што нам падаюць астатнім часам з такім жа поспеха магло б назвацца дажджавой вадой ці рыбіным тлушчам... У Гродне ёсць два бровары паноў МарголісаЭтыкетка ад піва бровара Марголіса, 1920-я гг і Слуцкага; яны забяспечвалі дрэннай імітацыяй нектару Гамбінуса розныя тутэйшыя рэстараны, кавярні, корчмы, буфеты і шынкі. Піва, як ужо сказана, было нядобрым, бо мела смак скабіёзы, а знешні выгляд пануры, гэта значыць мутны ад смалы, якой былі насычаны бочкі (замест каніфолі)”. Былі прэтэнзіі і да санітарнага стану піва. Напрыклад, у 1922 годзе паліцыя забрала з рэстарана Антонія Дымпара на вуліцы Палявая, 10 некалькі пляшак з півам бровара Л. Слуцкага, якія не толькі знешне выглядалі неахайна, але і ўтрымлівалі ўнутры трупы мух! Часам жа вытворцы піва, змовіўшыся, падымалі кошты на сваю прадукцыю і гаспадары рэстаранаў вымушаны былі прывозіць піва ажно з Сувалак.

Піўная бутэлька з сімволікай бровара Марголіса, 1920-я ггСітуацыя змянілася пасля таго, як абанкроцілася сям’я Марголісаў і бровар быў выкуплены ў 1933 годзе Варшаўскім гандлёва-прамысловым таварыствам “Гарацый Геллер” (“Horacy Heller”), якое належала аднаму са сталічных мільянераў. У 1939 годзе бровар выпускаў ужо каля 385 тысяч дэкалітраў піва і іншых напояў (для параўнання, у апошні год свайго існавання бровар у Гродне прадукаваў каля 500 тысяч дэкалітраў півЭтыкетка ад піва бровара Гарацыя Геллера, 1930-я гга).

Пасля рэканструкцыі пачатку 1950-х гадоў у дадатак да “Баварскага” піва пачалі варыць “Аксамітнае”, “Карамельнае”, “Украінскае”. Аднак уніфікацыя савецкіх часоў, калі па ўсім СССР прадукавалася выключна аднастайнае і найчасцей бязвартаснае “Жыгулёўскае”, выклікала падзенне якасці гродзенскага піва.

Шкада, але ўжо ў часы незалежнай Беларусі гродзенскі бровар аказаўся не ў стане канкурыраваць хаця б з броварам у Лідзе. Напрацягу астатніх гадоў існавання гродзенскага бровара шмат гаварылася пра перспектывы піваварэння ў нашым горадзе. У прэсе пісалі пра тое, што пасля рэканструкцыі будынка на Завадской вуліцы адчыніцца малы бровар, у якім будуць рабіць гэтак званае “жывое” піва і падаваць яго ў мясцовым рэстаране і карчме (вялікія падзямеллі палаца пад былым броварам – хіба што найлепшае для такой карчмы месца). Там жа павінна была з’явіцца вялікая гасцініца і цэнтр адпачынку, дзе можна было б паназіраць за працэсам прыгатавання піва. Няма сумніву, што пры шчырай зацікаўленасці адпаведных структур можна было б не перарываць традыцыі гістарычнага існавання бровара і рэканструіраваць вытЭтыкетка ад піва Гродзенскага піўзавода пачатку 2000-х гадоўворчасць на базе старога прадпрыемства. Аднак, на жаль, імкненне пазбавіцца ад бровара яшчэ да рэканструкцыі Старога мосту прывяло да хуткай ліквідацыі прадпрыемства летам 2007 года і дэмантажу ўсяго старога абсталявання. Такім чынам 130-я гадавіна заснавання бровара ў былым палацы Сапегаў стала датай яго закрыцця.

Няпэўная будучыня і ў будынкаў на Нёмане. Здаецца, што толькі статус помніка прамысловай архітэктуры канца XIX стагоддзя абараніў бровар ад поўнага знішчэння ў 2007 годзе. Будынкі пустуюць і часткова пачынаюць разбурацца. Ужо напрацягу пяці гадоў у Гродне няма ніводнага завода мясцовага піва і толькі дата “1877” на сцяне былога бровара нагадвае нам пра слаўныя традыцыі гродзенскага піваварэння.


Невялічкае фотападарожжа па ўжо зачыненаму гродзенскаму піўзаводу ў 2007 годзе:

 Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе  Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе
 Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе  Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе
 Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе  

 

P.S. Адзін са збіральнікаў даўніны знайшоў на польскім інтэрнэт-аўкцыёне бочку з міжваеннага бровара Марголіса. Думаю, што гарадзенцы з задавальненнем паглядзелі б на такі экспанат у музеі (піва).

Бочка з бровара Марголіса, 1930-я гг   Бочка з бровара Марголіса, 1930-я гг
 Бочка з бровара Марголіса, 1930-я гг  Рэклама прадукцыі бровара Марголіса. Гродна, 1930-я
Scroll to top
Website Security Test