Колькі таямніц хавае ад нас мінулае нашага горада! Сёння гарадзенцы нямала ведаюць пра палац Радзівілаў на сучаснай Савецкай плошчы, які стаў знакаміты пасля абароны яго падмуркаў мясцовымі і мінскімі актывістамі ў 2006 годзе. Сёння расповед яшчэ аб адным цудоўным помніку гарадзенскай палацавай архітэктуры, які не захаваўся да сённяшняга дня.

У сучаснай гістарычнай літаратуры пра палац Агінскіх на Сенным рынку пішуць як пра драўляны. Напрыклад “Энцыклапедыя архітэктуры Беларусі” паведамляе, што палац быў пабудаваны каля 1790 г. архітэктарам К. Шыльдгаўзам і праіснаваў да сярэдзіны 19 ст. На старонцы 170 размешчана нават рэканструкцыя гэтага палаца, на якой ён ізноў жа паказаны як драўляны. Больш фактаў пра палац падае Юры Гардзееў у сваёй манаграфіі “Магдэбургская Гародня”. Адтуль вынікае, што пляц, на якім паўстаў палац, належаў Катовічам, пасля Рукевічам, а ў 1752 годзе быў выкуплены Міхалам Казімірам Агінскім. У 1792 годзе палац дастаўся знакамітаму Міхалу Клеафасу Агінскаму. Паводле згадкі 1803 года палац фігураваў як драўляны на высокіх падмурках (фактычна трактуецца так, быццам першы паверх яго быў мураваны, а другі драўляны). Аднак на фота паданых ніжэй выразна бачым цудоўны барочны палац, цалкам мураваны (малаверагодна, што ён мог так цудоўна захавацца ў абтынкаваным выглядзе). Магчыма, палац быў перабудаваны як мураваны ў самым пачатку 1800-х гадоў, аднак яго выразна барочны выгляд гаворыць аб тым, што будавалі палац хутчэй пад канец 18 ст. Цікавае пытанне, на якое трэба пашукаць адказ гарадзенскім гісторыкам. Пакуль жа можаце пабачыць, як цудоўна ён выглядаў яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.

Палац Агінскіх на Сенным рынку (на здымку злева пасярэдзіне на другім плане пад выявай ваданапорнай вежы)

Палац Агінскіх на Сенным рынку (на здымку злева над палацам Радзівілаў)

Палац Агінскіх (у коле светлага колеру) на карце Гродна 1867 года

Так выглядаў палац Агінскіх у 1903 годзе.

Scroll to top