А езьдзіць у госьці пачала вельмі рана... Першы раз павезла мяне маці ў Гродна, каб паказаць татавым бацькам, калі мне было шэсьць месяцаў. Тады мяне першы раз сфатаграфавалі. Пасьля ўжо з году ў год летам, прыяжджаючы з далёкай Украіны, дзе мы з бацькам жылі,— тата быў вайскоўцам,— я гасьцявала ў дзядоў Сівіцкіх — Міхала і Міхаліны.



Першыя чатыры гады сьлядоў у памяці не пакінулі. Але з пяці гадоў падарожа з Альхоўнікаў, маленькага фальварка маміных бацькоў Садоўскіх, дзе мы праводзілі два, а то і тры летнія месяцы, помніцца жыва і ясна.

Езьдзілі коньмі. 3 Альхоўнікаў вузкая конная дарога вяла да шашы, якая злучала форт Асавец з Гродна. Гладкая шаша праходзіла паміж палямі, а вялікі яе адрэзак ляжаў паміж старым густым яловым лесам. У адным месцы сярод лесу была палянка, якая выходзіла аж на шашу. Расказвалі, быццам калісь на гэтай палянцы стаяла вялікая карчма, а ў гэтай карчме начамі зьбіраліся разбойнікі і нападалі на падарожнікаў. Памятаю, калі мне было гадоў шэсьць, на гэтым месцы я са страхам ціхенька, шэптам спыталася:
— А цяпер карчмы німа? А мо яе перанясьлі глыбей у лес? А разбойнікаў німа?

Канчаўся лес — міналі страхі. Далей ізноў палі, сенажаці. Нарэшці здалёк відаць дамкі Фарштата — як з нямецкай называлі прадмесьце Гродна. Шаша зьлівалася з вуліцай, якая рабілася штораз больш стромкай, бо спускалася да Нёмана. Але перад самым спускам на правым баку вуліцы быў заезд. Заезд, якіх поўна было на Беларусі. Праўда, не было тут карчмы, як усюды, а невялічкі чысты драўляны дамок, у якім першы ад увахода пакойчык — сьветлы, з фіранкамі на вокнах і нядрэннай мэбляй,— быу месцам адпачынку для падарожных. Нават можна было заказаць шклянку гарбаты і ваду, каб змыць дарожны пыл.

 



Але “заездам” называлі гэты дом таму, што да яго была прыбудавана вялікая будыніна: чатыры высокія сьцяны, страха, таксама высокая, з гонтаў; столі не было, а замест дзьвярэй — шырокія вароты, так што параконны воз ці брычка лёгка туды ўяжджалі ці на некалькігадзінны адпачынак, ці на ноч. Найчасьцей, адпачыўшы, пакарміўшы і папаіўшы коней, ехалі ў горад.

I тут было самае страшнае. Стромкая вуліца спускалася да Нёмана на мост. Але мост быў пантонны. За кожным крокам каня, за кожным паваротам калёсаў пантоны калыхаліся, вада хвалявалася. Коні стрыглі вушамі, коса паглядалі на ваду. Таму праз мост фурманкі маглі ехаць толькі па адной, ня больш. Часам па некалькі фурманак стаяла пры ўезьдзе — чакалі сваёй чаргі. Каб утрымаць належны парадак, пры ўезьдзе на мост жыў стражнік. Для яго быў збудаваны дамок — нешта падобнае да марской ліхтарні. На высокіх чатырох слупах невялікі дамок — адзін пакой.

 


Уваходзілася па сходах. У адной пярэдняй сьцяне — дзьверы, тры вялікія, амаль на ўсю сьцяну, акны. Гэта каб відаць было ня толькі мост, але і Нёман з абодвух бакоў мосту. Стражнік пільнаваў парадку і разводзіў мост, калі з аднаго або другога боку зьяўляліся плытнікі. У гэтым дамку я была ў дзесяцігадовым узросьце. Маці тагачаснага стражніка Вішнеўскага шмат гадоў была хатняй памочніцай маёй бабулі Міхаліны Сівіцкай. Якраз улетку, калі я гасьцявала ў Гродне, гэты стражнік памёр. Бабка мая пайшла наведаць нябожчыка і ўзяла мяне з сабой.

 

 


Едзем далей... Мост шчасьліва пераехалі, паварочваем налева, на вуліцу Падольную, якая праходзіла па беразе Нёмана. Яна вывела нас на вуліцу Мастовую. Можа, яна ў той час называлася інакш, а Мастовай назвалі, як пабудавалі сталы мост? Гэтага ня помню. Ехалася гэтай шырокай вуліцай пад гару, побач Бэрнардынскага касьцёлу і далей аж да Фары. Гэта для мяне быў самы цэнтр гораду, дзе цяперашняя вуліца Карла Маркса, а тады Купецкая. Яна ня раз мяняла свой назоў, бо да Купецкай называлася Брыгіцкай. Гэты апошні назоў зноў ужывалі з 1908 году. За Фарным касьцёлам жылі мае дзяды Сівіцкія. Вялікія вароты амаль заўсёды зачынены, каля іх вузкая брамка.
Уваходзілася на брукаваны панадворак, уздоўж якога расьлі дрэвы, а ў іх цяньку стаялі лаўкі. Каля самай брамы — мураваны двухпавярховы дом. 3 правага боку — даўгі, праз цэлы панадворак, дом: ніз мураваны, верх драўляны. Наверх вялі вонкавыя сходкі. У мураванай частцы дома жылі мае дзяды. Кватэра вялікая, сьветлая, мела адзін недахоп — была напалавіну сутарэннай. Дзяды перабраліся ў гэтую кватэру пасьля апошняга вялікага пажару Гродна.

 

 


Насупраць, за дрэвамі, стаялі гаспадарчыя будынкі — складзікі, скляпы, якія служылі ўсім жыхарам. Чацьвёрты бок панадворку займаў высокі мур, за якім віднеўся апошні паверх астрогу. Было непрыемна бачыць вокны з кратамі, за імі — часам змучаныя людзкія твары...

Дамы, пра якія толькі што расказала, усе разам мелі назву “Дом саборнага духавенства”. Захавалася паштоўка, адрасаваная дзеду ў 1905 годзе, з такім адрасам.


Малой усё было цікава. Выйдзеш за браму — на супрацьлеглым баку вуліцы дом Аўтусевіча: унізе цукерня, на другім паверсе невялічкі гатэль. На рагу — будынак з чырвонай цэглы — дом Стэфана Баторыя. Паміж сьцяной Фарнага касьцёлу і невысокім мурам — вузкі будынак кнігарні Левандоўскага. Вокнаў у кнігарні не было, гарэлі лямпы. Апрача кніжак прадаваліся пісьмовыя прылады. Часта я там бывала са сваёй бабуляй. Пакуль ня ўмела чытаць, куплялі мы там паперу і каляровыя алавікі, фарбы.

 


Але самае цікавае чакала перад уваходам у Фарны касьцёл. Там, дзе цяпер сквэр, быў пляц і, здаецца, некалькі дрэваў. Уздоўж пляца — вялікі драўляны будынак Ратушы. На другім паверсе магістрат ці гарадзкая ўправа, унізе — цэлы рад маленькіх крамак. Калі ў такую краму ўвойдуць адразу тры асобы, павярнуцца цяжка.

 

 


У першай краме была галянтарэя. Гаспадарыла там Гарбатая Бася. Чаго там ні было! Дзіцячыя вочы разьбягаліся, бо тут і касьнікі розных колераў, карункі, гузікі, іголкі, шпількі, шнуркі да боцікаў.

Наступная крама — жалезныя тавары: сярпы, косы, сякеры, малаткі, а найцікавей на даўгім услоне скрыні з цьвікамі. Ад велізарных да такіх малюсенькіх, што цяжка было пальцамі захапіць.

Далей крамка з мукой і крупамі. У апошняй краме стаяла аграмадная бочка з кранам. Праз кран налівалі газу. Тут былі жалезныя дзьверы, а усярэдзіне і сьцены, і падлога, і столь абабітыя бляхай.

Каля Ратушы ў рынкавыя дні зьбіраліся сяляне. За пляцам і Ратушай узвышаўся Дамініканскі касьцёл. Пасьля паўстаньня 1863 году царскі ўрад касьцёл ператварыў у гарнізонны сабор. Пасьля Першай сусьветнай вайны ён зноў стаў касьцёлам. Направа ад яго ішла Дамініканская вуліца, назва якой зьмянялася разам з назвай касьцёлу — то Дамініканская, то Саборная. Гэта была галоўная вуліца ў горадзе. У суботу вечарам і ў нядзелю на ёй было месца спатканьняў і шпацыраў гродзенскай моладзі. Ходнік, асабліва з правага боку, быў так шчыльна запоўнены, немагчыма ні абмінуць, ні разьмінуцца. Так да позьняга вечару адны другім наступалі на пяткі...

На пачатку гэтай вуліцы, калі лічыць ад Дамініканскага касьцёлу, адзіны у Гродне ўнівэрсальны магазін рускага купца Мухіна. Прадаваліся тульскія самавары, дарагія футры, ільняное палатно і дарагія сукны, і ядвабы, і сярэбраныя лыжкі, лыжачкі, відэльцы, нават элегантны абутак. Прадаваў сам гаспадар. Кліентаў было мала, але магазін існавау доўга.

У 1898 годзе бацька мой, афіцэр пяхоты, атрымаў трохтыднёвы адпачынак, і мы ўсёй сям’ёй прыехалі ў Гродна. Тады я пабачыла ўвесь горад. Бацька любіў родны горад і яго ваколіцы. Перадусім павёў мяне на Каложу ды на Замак. Сьцежачкай каля Замку сышлі на бераг вольнага, не закаванага ў бэтон, Нёману...

Процілеглы бераг быў нізкі, пясчаны. Пад старымі, схіліўшыміся над вадой вербамі, рыбакі ў цяньку трымалі свае лодкі. Заўсёды нехта быу каля лодкаў. Даволі было паклікаць, як хто-небудзь сьпяшаўся павазіць жадаючых па Нёмане. Вось і вазіў мяне бацька да Крэйдавых гораў або ў процілеглы бок, аж за чыгуначны мост. У наступныя гады ня раз плавала я са сваім дзедам.

Так ішлі гады. Мы ўжо жылі ў Кіеве. Я вучылася ў гандлёвай школе. У1907 годзе раптоўна памёр бацька. Не хацелася заставацца там, і мы з мамай пастанавілі ехаць да сваіх у Гродна. 1909 год застаў мяне ў Гродне вучаніцай шостае клясы прыватнай гімназіі Кацярыны Баркоўскай, якая мясьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя. Гзтай самай восеньню зарганізавалі Горадзенскі гурток беларускай моладзі. Мяне выбралі бібліятэкарам. Праца ў гуртку разьвівалася плённа. Сходы, лекцыі, арганізацыя хору. Жылі з мамай амаль насупраць Брыгіцкага касьцёлу. У кватэры было піяніна, рэпэтыцыі хору адбываліся ў нас. Так пражылі толькі адну зіму.

Цяжка было праіснаваць на невялікую пэнсію па бацьку, таму мама атрымала дазвол у школьных уладаў арганізаваць у нас “вучнёўскую кватэру”. Трэба было шукаць адпаведнае памяшканьне. Знайшлі ў знаёмай бабулі Будрыкавай на Гараднічанскай вуліцы, нумар чатырнаццаць. Пяць пакояў, кухня, перадпакой, балькон. Праўда, у мансардзе. На панадворку стаялі дрэвы, расла трава. Балькон выходзіў на панадворак. Вучняў набралася восем чалавек — усе беларусы, сябры гуртка. Бібліятэку перанесьлі сюды. Наш дом стаў кватэрай гуртка. Тут адбываліся рэпэтыцыі хору, спэктакляў, лекцыі і вечарынкі для малодшай сэкцыі. Заўсёды былі ў нас сябры з гуртка.

Як толькі прыходзіла вясна, не сядзелася ў горадзе. У першую цёплую нядзелю ішлі ў поле спатыкаць вясну. Ішлі аж пад прыстанак Ласосна або і далей.

Восеньню хадзілі на бераг ракі насупраць Францішканскага касьцёлу. Ціха стаялі цеснай групкай і чакалі, пакуль туман не падымецца настолькі, каб закрыць ніжнюю частку касьцёлу. Тады вежы, здавалася, плылі ў небе высока, нібы адарваныя ад зямлі. Як у казцы...

 



Але не заўсёды былі ў такім рамантычным настроі. Прыходзілі ў галаву і вясёлыя выдумкі. Быў у нас у гуртку Казюк Калышка з-пад Ваўкавыска. Сярэдняга росту, твар круглы. Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касьцюм, завязалі на галаву шаляноўку, дзьве дзяўчыны ўзялі яго пад рукі і павялі ў самую гушчу шпацыруючых па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабой, як заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз спэцыяльна гучна, каб зьвярнуць на сябе ўвагу. Зразумела, пачалі на нас аглядацца, ісьці за намі. Так дайшлі амаль да самай мужчынскай гімназіі. Але тут спахапіліся, што можам трапіць каму на вочы з настаўнікаў гімназіі, якія час ад часу сачылі за паводзінамі гімназістаў на вуліцы. Хуценька павярнулі ў першы папаўшыся завулак і пайшлі дамоў.

Апошняй падзеяй гуртка быў выдадзены на шапірографе ў 1913 годзе зборнічак “Колас беларускай нівы”. Ішоў апошні год майго жыцьця ў Гродне. Восеньню выехала ў Варшаву на курсы. Пажагнала Гродна назаўсёды.

У памяці захавалася яшчэ адна падзея. У1910 годзе цяжка захварэла Эліза Ажэшка. Вуліца перад яе домам была заслана тоўстым пластом саломы, каб грукат колаў фурманак не трывожыў хворай. Горад перажываў моцна штораз горшыя весткі аб стане здароўя пісьменьніцы. Паправы не было. Прыйшла сьмерць.


Адчынены дзьверы. Чорныя заслоны ў вокнах. 3-за іх відаць запаленыя сьвечкі. Гродзенская інтэлігенцыя стварыла камітэт, які ўтрымліваў парадак і ладзіў хаўтуры. Нехта пісаў, што ўлады забаранілі моладзі з гімназій прымаць удзел у хаўтурах. Можа, мелася на ўвазе моладзь з дзяржаўных гімназій. Дзяўчаты з прыватных школ былі ўсе, пачынаючы ад пятае клясы. Мы ведалі творы пісьменьніцы, любілі іх. Узяўшыся моцна пад рукі, мы зрабілі ланцуг, які стрымліваў натоўп, што сабраўся на ходніках, каб не сыходзіў на вуліцу, сярэдзінай якой нясьлі на руках труну. Маса людзей розных нацыянальнасьцяў не зважала, што ў ланцугу пераважна дзяўчаты, націскалі моцна. Але мы неяк вытрымалі.

На трэці дзень пасьля хаўтур дом пісьменьніцы быў адчынены. Можна было ўвайсьці, агледзець кватэру, дзе столькі гадоў яна жыла, працавала. Мяне найбольш зьдзівілі прымацаваныя на сьценах кампазыцыі з засушанага лісьця і кветак, зробленыя рукамі Элізы Ажэшка.

Як жа я шкадавала, што мая нясьмеласьць не дазволіла зайсьці да яе. І магчымасьць была. Сваячка маёй бабулі была з Элізай Ажэшка ня толькі знаёмай, а і сталай спадарожніцай у шуканьні тыпаў, жыцьцёвых фактаў для творчасьці паміж горадзенскіх бедных рамесьнікаў.

ГОРАДЗЕНСКІ ГУРТОК БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

1909 год. Восень. У маленькім памяшканьні ў Бэрнардынскіх мурах у ксяндза Францішка Грынкевіча сабралася невялікая грамадка моладзі. Гэта арганізацыйны сход беларускага гуртка. Былі там гімназісты апошніх клясаў: Адам Бычкоўскі (першастрэчны брат рэдактара “Беларуса” Антона Бычкоўскага), Ф. Эйсмант, П. Аляксюк, сёстры Салянкоўны — Анна і Марыя, Гэлена Шэгідзевічанка (ужо скончыўшыя школы) і я, Людвіка Сівіцкая, вуч(аніца) 6-ай клясы.

 


Гаварылі аб патрэбе сваёй арганізацыі, выбралі назоў — Горадзенскі гурток беларускай моладзі, у скарачэнні — ГГБМ, абдумалі, якую зрабіць пячатку і выбралі ўрад: старшыня — А. Бычкоўскі, віцэ-старшыня — П. Аляксюк, сакратар — 3. Абрамовіч, бібліятэкар — Л. Сівіцкая.

 



Сябры ўраду асталіся, каб запраектаваць працу на бліжэйшы час. Мэтай гуртка было аб’яднаньне горадзенскай беларускай моладзі, галоўным чынам школьнай, самаасьвета і, магчыма, найлепшая сувязь з вёскай. Кіраўніком гуртка быў кс(ёндз) Грынкевіч, што было вельмі важна, бо гурток нелегальны, мог бясьпечна зьбірацца ў свайго кіраўніка, які быў школьным капэлянам.

У бібліятэку на пачатак сябры ахвяравалі “Смык” “Дудку”, “Жалейку”, ды гадавік “Нашай нівы”, а кс(ёндз) Грынкевіч падараваў усе тамы М. Федароўскага “Люд беларускі”. Зараз жа было выпісана (за складковыя грошы) крыху кніжак з суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а я сьпісалася з віленскай “Беларускай кнігарняй” (Завальная, 7), якая згадзілася прысылаць нам “Нашу ніву”, календарь і кніжкі на камісію з вялікай зьніжкай. Грошы, атрыманыя з прадажы, ішлі на патрэбы бібліятэкі, а часткова і канцылярыі гуртка.

Сябры гуртка былі абавязаны браць усю літаратуру, едучы дамоў на сьвяты і канікулы, і прадаваць яе на вёсках. Рахункі захаваліся ў мяне дагэтуль. Разьлічаліся за ўзятае акуратна. Некаторыя сябры прадавалі кніжкі, але большасьць раздавала дарма, а плацілі ў бібліятэку з уласнай кішэні.

Зразумела, цікавілася кніжкамі найбольш моладзь. А як рэагавапі? Найлепшы прыклад: вершы з “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча завучваліся на памяць. Я асабіста ведала двух такіх мападых хлапцоў. Адзін — Болек Бенеш — вывучыў некалькі вершаў, але ўлюбёным быў верш “Хрэсьбіны Мацюка”. Як жа часта яго паўтараў! Косіць — а верш гучыць на ўсю сенажаць! Другому — Хвэльку Рэпуху — больш падабаўся верш “Не цурайся мяне, панічок”. Трэба дадаць, што мы выпісывалі і “Нашу ніву”, і кожны год — 100 календароў-кніжак, якія расходзіліся ўсе да аднаго.

У хуткім часе пачаліся пэрыядычныя лекцыі. Так, напрыклад, на першай лекцыі (20 лютага 1910 г.) пазнаёміліся з граніцамі Беларусі: азначылі на мапе губэрні і паветы, дзе беларусы жылі ў даны час і г.д. На другой лекцыі (10 сакавіка) чыталі народнае апавяданьне “Хітры мужык”. Гаварылі аб Ф. Багушэвічу і чыталі яго творы. На трэцяй лекцыі (3 красавіка) заняліся суседзямі-славянамі, чацьвёртая лекцыя (1 мая) была прысьвечаная памяці С. Палуяна:1) нэкралёг “Памяці С. Палуяна” з “Нашай нівы” прачытаў П. Аляк¬сюк; “Беларусы і іх нацыянальнае адраджэньне” — выступ М. Салянка; “Ня рвіся к багатым” Я. Купалы — дэклямаваў А. Бычкоўскі; “Вясну” Каршуна10 — П. Аляксюк; “Гэй ты, вецер” — М. Салянко.

Хутка разьехаліся на летнія канікулы, набраўшы з сабой газэтаў і кніжак. Увосені пачалася работа э новай энэргіяй. Прыбывала штораз больш сяброў, пачалі арганізоўваць хор, а хлопцы — струнны аркестр. I надумаліся зрабіць спэктакль. Выбралі п’еску “Па рэвізіі”. Разабралі ролі, пачаліся рэпэтыцыі — у памяшканьні М. і А. Салянкаў на Паліцыйнай вуліцы (пад выглядам імянінаў — усё тая ж нелегальшчына!) зрабілі малую сцэну. Перад спэктаклем А. Бычкоўскі прачытаў рэфэрат аб адраджэньні Беларусі. Гасьцей сабралася поўна. Сядзелі і стаялі пры сьценах, не было дзе павярнуцца. На гэты спэктакль прыйшлі прадстаўнікі Роlskiego kola samoksztalczenia Сыльвэстар Ваяводзкі (у свой час пасол польскага Сойму) і Мар’ян Янкоўскі (пазьней — віленскі ваявода, з каторым я тут спатыкалася; ён хаця і не паказываў яўна прыхільнасьці да беларусаў, але і ворагам ня быў).

Справа ў тым, што каб увайсьці ў кантакт з польскім гуртком, дзе згрупавалася лепшая паступовая польская моладзь, мы — А. Бычкоўскі і я — уступілі ў польскі гурток, бывалі там на лекцыях літаратуры, на вечарынах, карысталіся іх багатай бібліятэкай, а яны ўзаемна бывалі ў нас. Часам у памяшканьні маёй маткі рабілі сьпеўкі (у нас было піяніна) і вечарынкі.

Адыгралі камэдыю добра. Я была Пантурчыхай, але, хоць першы раз выступала на сцэне, трэмы ня мела, бо была загрыміраваная так, што мяне родная маці не пазнала. Грыміраваў наш сябра — рэжысёр 3. Абрамовіч, які пазьней належаў да аб’язднога тэатру Ігната Буйніцкага.

На другі дзень, на жаданьне публікі, прыйшлося спэктакль цалкамі паўтарыць. Каб быць кансэквэнтнымі і прытрымлівацца мэтаў гуртка, мы на адным з паседжаньняў пастанавілі выехаць з нашым спэктаклем на вёску. Зрабіць гэта было нялёгка. Наступіла зіма. Наладзіць спэктакль у якой-небудзь адрыне (стадоле) немагчыма, а хаты вясковыя цесныя, на гэтакую імпрэзу не надаюцца. Думалі-думалі і нарэшці пастанавілі зьвярнуцца да ўласьнікау аднаго маёнтку (Крыштапарова пад Новым Дваром Сакольскага павету). I вось паехалі — кс(ёндз) Грынкевіч (каб было паважней), А. Бычкоўскі і я. Падарожа была не зусім прыемная: з Горадні цягніком да ст(анцыі) Бяляны, а там фурманкай вёрстаў 5. Сьнег, мяцеліца і мароз немалы. Наш старшыня ў вучнёўскім шэрым пальтэчку жартаваў: “Каб ня ўмеў дрыжэць, то б замёрз”. Але рэзультаты былі найлепшыя: нам ня толькі далі вялікі пакой, але і абяцалі зрабіць сцэну. I сапраўды, калі мы прыехалі ў назначаны дзень, сцэна была гатовая. Праграма спэктаклю тая самая, што ў Горадні.

На жаль, гледачоў было няшмат. Магчыма, таму, што вёскі Пагараны, Міланкоўцы і Вернікі былі мала знаёмыя, не было належнай агітацыі, ды і надвор’е мала спрыяла. Усё ж такі нейкі пачатак быў зроблены.

Апрача лекцыяў і спэктакляў, ішлі рэпэтыцыі хору і струннага аркестра. Надыйшла вясна. У горадзе не сядзелася, і мы кожную вольную хвіліну праводзілі над Нёманам у Ласосьне, дзе пад шум вады і шчэбет птушак разьвіваўся наш хор.

Карыстаўся хор 1-м спеўнікам А. Грыневіча, але найчасьцей пяялі песьні, прывезеныя сябрамі з роднык вёсак, і такім чынам вырабіўся зусім арыгінальны свой уласны рэпэртуар. Загадчыкам хору быў сябра Янка Ляўковіч з в(ёскі) Біты Камень Сакольскага павету; называлі мы яго мянушкай Капэльдудка.

Хутка, можна сказаць, работа ў гуртку спынілася: экзаміны, канец школьнага году не астаўлялі свабоднага часу. У канцы мая разьехаліся мы на лета.
 
І вось новы 1910-1911 школьны год. Пасьля адпаведнай агітацыі ў сябры гуртка запісалася шмат новых вучняў з малодшых клясаў — 4-й, 5-й, 6-й, а таксама прынялі ў гурток вучняў 1-й, 2-й і 3-й клясаў. Пры новым складзе гуртка неабходна было падзяліцца на сэкцыі. У старшай сэкцыі былі старыя сябры і крыху новых з апошніх клясаў, якія займаліся самаасьветай, кіраўніцтвам гуртка, а таксама вялі заняткі з сярэдняй сэкцыяй і малодшай. У малодшай дзеці вучыліся чытаць па-беларуску, пісалі дыктоўкі, вучыліся вершаў і г.д., раз у месяц рабіліся для іх вечарынкі з дэклямацыямі, сьпевамі і гульнямі.

Адраэу з восені пачалі падгатаўляцца да вечарыны-спэктаклю. Выбралі “Модны шляхцюк” К. Каганца. Пачалі вучыцца роляў - і заварушыўся наш гурток. Рэпэтыцыі, сьпеўкі, рэпэтыцыі аркестру, маляваньне дэкарацыяў запаўнялі ўсе свабодныя ад навукі хвіліны... На гэты раз пастараліся зрабіць куртыну — з блакітнага паркалю з чырвонай аблямоўкай, угары намаляваныя I хмаркі, з-за якіх усходзіць залатое сонца. Купілі таксама крыху рэквізыту: бароды, вусы, фарбы. Галоўнай праблемай былі вопраткі.
Але тут знайшоўся выхад зусім просты: якіх вёрстаў 17—18 ад Горадні I ў СакольскІм павеце была вёска Бяляны, дзе ў мяне было шмат знаёмых.

І вось паехала я туды, пагаварыла, і нам абяцалі пазычыць аўтэнтычныя вясковыя вопраткі — як мужчынскія, так і жаночыя. Апошнія на выбар: даматканыя спадніцы, андаракі, папярэчкі, што мне падабаецца, нават са старых бабуліных скрыняў. Зналі мяне бялянскія сяляне ад малога, так што ахвотна згадзіліся памагчы ў нашым клопаце. Апрача вопратак удалося мне завербаваць музыку-скрыпача Яна Шыдлоўскага, які іграў заўсёды на вясковых вясельлях, вечарынках і г.д.

Калі вярнулася ў Гродна і расказала, як усё ўдалося наладзіць, радасьць сяброў была вялікая. Нарэшці ўсё было гатова. Памяшканьне дасталі добрае: вялікі пакой з сумежным малым на гардэроб. Нашы хлопцы зрабілі сцэну выгодную, нават з суфлёрскай будкай пад сцэнай.

На пару дзён перад спэктаклем я са сваім сцэнічным бацькам Язэпам Лявіцкім (я была Ганкай) паехалі ў Бяляны па вопраткі. Набралі два вялікія мяхі ўсяго-ўсякага, аж да ботаў уключна. Прыйшлося пераначаваць, але было не да сну: у Бялянах была тады тайная школа, у якой вучыла дзяцей сяброўка нашага гуртка Марыся Бобрык. Праўда, вучыла па-польску, бо сяляне-католікі ўважалі польскую мову неразлучнай з “польскай верай”, але Марыся ўмела паміж іншым прачытаць дзецям беларускую кніжку, верш, сьпяваць з дзецьмі беларускую песню. Вось мы з ёю цэлую ночку перагаварылі.

Раніцай сяляне адвязьлі нас на станцыю, а ў Гродне спаткалі нас на вакэале нашы таварышы і сярод сьмеху, жартаў давалаклі мяшкі да нашага тэатру. У назначаны на спэктакль дзень — каля паловы лютага 1911 г.,— прыехаў і музыка.

Насамперад быў прачытаны рэфэрат на тэму “Адгалосак душы беларускага народу ў яго песьнях, казках і легендах” А. Бычкоўскага. Далей пеў хор, было некалькі дэклямацый. Паміж іншымі дэклямавала мой верш “Што я люблю?” малая дзяўчынка Юзя Грынкевічанка. Тут выйшла сьмешная сцэнка. Я з-за сцэны шапчу ёй: “Юзя, не кажы чый верш", а наш старшыня грозна: “Юзя, скажы абавязкова!”, а яна павярнулася да нас і кажа ўголас: “То каго ж з вас я маю слухаць?” — аж публіка засьмяялася. “Модны шляхцюк” выйшаў вельмі добра.

У гэтым вечары прыймалі ўдзел: Л. Сівіцкая (Ганка), Язэп Лявіцкі (бацька), Казюк Калышка (шляхцюк), Вінцук Семяновіч (Ігнась), Янка Ляўковіч (сват), Адольф Зянюк (суфлёр), Адам Бычкоўскі (рэжысёр). Дэклямавалі і належалі да хору: Анна і Марыя Салянкоўны, Юзя Грынкевічанка, Стася Кундоўна, Юзя Касацкая, Марыся Бобрыкаўна, Фэлька Лабенец, Антон Сьпявак, Эдзюк Кунда і інш.

Публікі было шмат, быў нават адзін вучыцель літаратуры з рэальнай гімназіі — разумны, паступовы чалавек. Але найбольшую радасьць адчувалі мы, бачачы дарагога госьця з Вільні: Іван Луцкевіч на нашы запросіны не адмовіўся прыехаць. Пасьля ў “Нашай ніве” (N0 8 за 1911 г.) зьмясціў карэспандэнцыю: “Я дзіваваўся, гледзячы на артыстаў, як яны ўмелі падгледзець, падсьцерагчы характар вясковых сватаньняў, умелі наладзіць усё так, як яно папраўдзе бывае ў хаце беларусаў”. У канцы карэспандэнцыі кажа: “Вынес я ў падзяку за прыемны вечар веру, што горадзенская беларуская моладзь родную справу пасуне ўперад”.

На другі дзень прыйшлося спэктакль паўтарыць для вучнёўскай моладзі (малодшай), для якой у першы дзень не хапіла месца.

Аддаючы вопраткі бялянскім сялянам, мы абяцалі, што прыедзем са спэктаклем да іх. У хуткім часе мы мелі тры дні свабодных ад навукі г.зв. “царскія дні”. Вось у гэты час мы пастанавілі паехаць. Недалёка ад вёскі Бяляны быў маёнтак горадзенскага архірэя — Дубніца, там мы дасталі ў арандатара менш-больш адпаведнае памяшканьне. Разумеецца, прыйшлося тром нашым сябрам паехаць раней, каб зрабіць сцэну. Я паехала з імі, бо ўся гэтая ваколіца была мне добра знаёмая. Сцэну зрабілі. Пакуль хлопцы працавалі, я абыйшла блізкія вёскі: Бяляны, Хварасьцяны і Стрэльчыкі ды паведаміла жыхарам, калі адбудзецца спэктакль.

У назначаны дзень мы прыехалі цягніком на станцыю Бяляны, а адтуль — пехатой у Дубніцу. На гэты раз была нас немалая грамада: артысты, хор, аркестр. Ізноў вопраткі прыгатавалі нам бялянскія жанчыны, і музыка той самы зьявіўся нават без просьбы. Праграма: рэфэрат асьведамляюча-агітацыйны А. Бычкоўскага, крыху дэклямацыяў (з “Дудкі беларускай”, “Смыка”), хор, аркестр і “Модны шляхцюк”.

Усё ўдалося добра. Публікі было маса. Цесната такая, што адны другіх на сцэну выпіхалі, выходзячы, сходы паламалі... Ну, але нічога. Арандатар не злаваў, чалавек быў добры і з пачуцьцём гумару.

Позна вечарам, шчыра пажагнаныя здаволенымі сялянамі, мы пайшлі на станцыю. Сьвяціў месяц, пагода была добрая; мы ішлі радасныя, з музыкай і песьнямі. Цягнік быу няхутка, і мы, чакаючы ў пустой у той позьні час пачакальні, пайшлі скакаць “Лявоніху”.

Але такая прыемная і вясёлая (а крыху, можа, і карысная) імпрэза ледзь ня скончылася для некаторых з нас вельмі сумна... Справа вось у чым: у арандатара Дубніцы не было адпаведных на сцэну дошак, і ён парадзіў нам пайсьці ў фальварак Малая Дубніца да жыўшага там манаха і ўзяць дошкі адтуль. Дошкі манах даў, але ў хуткім часе, паехаўшы да архірэя, пахваліўся: “А ў нас быў спэктакль, прыяжджала моладзь”. Архірэй да губэрнатара: “Каму даваў дазвол?” Губэрнатар, разумеецца, нічога ня ведаў, паслаў у мястэчка Новы Двор паліцыю, тыя таксама нічога ня ведалі; зьвярнуліся на станцыю Бяляны да жандара і начальніка станцыі, і так па нітцы да клубка дайшлі, што прыяжджала моладзь з Гродні. А хто? Уся амаль моладзь не тутэйшая, а ведалі толькі мяне і яшчэ аднаго з так зв(анай) Пушкінскай школы, які паходзіў з в(ёскі) Хварасьцяны. I ён, і я былі ў апошніх клясах, і нас, разумеецца, у найлепшым выпадку выгналі б са школ. Але, на нашае шчасьце, у губэрнатарскай канцылярыі працаваў бацька адной з нашых сябровак. Баючыся, каб і яго дачку не пацягнулі да адказнасьці, пастараўся, каб наша “дзела” прапала...
Ізноў пачалося нармальнае жыцьцё гуртка. Бібліятэка ўсё пашыралася. Перапіска з I. Луцкевічам, В. Ластоўскім і А. Уласавым была сувязяй з віленскімі беларускімі справамі. Наш маленькі гурток чуўся часткай вялікага цэлага...

У гэтым самым школьный годзе ў траўні адбылася ў нас вечарынка, на каторай ГГБМ разьвітаўся з вялікім жалем са сваім арганізатарам і першым старшынём Адамам Бычкоўскім, каторы, скончыўшы гімназію, выяжджаў з Горадні.

Нядоўга пачакаўшы, усе сябры разьехаліся на летні адпачынак. Зьехаўшыся ўвосені, ГГБМ першым чынам мусіў выбраць сабе старшыню; у канцы быў выбраны Казюк Калышка — гімназіст VIII клясы.

Пачаліся, як і раней, сьпеўкі і вербаваньне новых сяброў. У кастрычніку, на імяніны кіраўніка, малодшая сэкцыя гуртка прыгатавала маленькі спэктакль. Дзіцячых сцэнічных твораў у нас не было. На маю просьбу прыслаць што-небудзь В.  Ластоўскі прыслаў мне рукапіс “Снатворнага маку” К. Лейкі. Мы эараз перапісалі, а рукапіс адаслалі назад. На жаль, гэты твор нам не падыйшоў: шмат дзеючых асоб, касьцюмы вымагалі б і кошту, і вялікай работы. Тады я пералажыла з польскай мовы сцэнку “Пастушка”, і яе паставілі.


Ігралі ў нашым памяшканьні на Гараднічанскай вуліцы. Прывеэьлі поўны воз ёлак, кветак І зрабілі сцэну: лясную паляну. Апрача “Пастушкі” былі крыху дэклямацыяў і жывыя вобразы, асьветленыя каляровымі агнямі. Усё выйшла добра, эфэктыўна, дзеці, г.зн. самыя малодшыя нашы сябры, былі вельмі задаволеныя сваёй работай. Зараз пасля гэтага пачалі думаць аб спэктаклі, маючыся паставіць “У зімовы вечар” Э. Ажэшка. Пачалі нават рабіць рэпэтыцыі. Але ж, пераканаўшыся, што сілы заслабыя І добрага выкананьня цяжка спадзявацца, пакінулі думку аб спэктаклі і пастанавілі зрабіць Калядамі ёлку для дзяцей у якой-небудзь вёсцы.

 


Выбралі вёску Серуцёўцы Сакольскага павету, бо ў той бок мы яшчз не дабіраліся. Грошай ў касе гуртка было мала, так што мы зрабілі складчыну. Купілі цукерак, пернікаў, арэхаў, яблыкаў. Зрабілі крыху цацак і, узяўшы з сабою вялікую колькасьць газэт, календароў і кніжак, каб раздаць сялянам, паехалі. Ізноў да станцыі Бяляны, а там пехатой. Трэба было ісьці вёрстаў 6 ці 7. Зіма, сьнег, добра, што мароз быў невялікі. Пакуль зайшлі, ужо сьцямнела. Зараз жа гаспадар хаты прынёс ёлку. Прыбралі, запалілі сьвечкі. Дзяцей і дарослых набралася поўная хата. Крыху пагулялі з дзяцьмі каля ёлкі, раздалі дзецям цукеркі І г.д., а дарослым — календарь і кніжкі і пачалі зьбірацца на цягнік. Цяпер ужо было лепш, бо запраглі каня і адвязьлі нас на станцыю.

 


Езьдзіла нас, здаецца, чалавек 6. А ў наступную нядзелю ў парафіяльным касьцёле (у мястэчку Новы Двор) з амбоны пробашч лаяў нас (завочна) за беларускую прапаганду. Толькі бацюшка маўчаў. Мусіць, ня ведаў, што там былі і яго “авечкі”

Хутка пасьля Новага году (1912) наш кіраўнік пад націскам вышэйшых духоўных уладаў адыйшоў ад гуртка і наогул ад беларускіх спраў. Старшыня К. Калышка быў старшынёй толькі з тытулу. Сакратаром у той час быў Ст. Більмін, які аказаўся здраднікам: зьнішчыў усе пратаколы паседжаньняў гуртка ад самага пачатку яго існаваньня.

Працаваць было штораз трудней. Капэлян мужчынскай гімнаэіі меў на ўвазе тых гімназістаў-католікаў, якія належалі да ГГБМ і гразіў ім, што будуць мець рэлігію па-расейску, а з захаваньня — паменшаныя ацэнкі. Некаторыя малодшыя на жаданьне бацькоў пакінулі гурток. Усё гэта адбілася цяжка на настроях нашай старшай моладзі. Хутка, аднак, скінулі з сябе гэтую прыбітасьць і няпэўнасьць і пад кіраўніцтвам сваіх лепшых сілаў з падвойнай энэргіяй узяліся за работу. Праектаў было шмат. Не прапускаючы лекцыяў з сярэдняй і малодшай сэкцыямі, папаўнялі бібліятэку і тэатральны рэквізыт, чыталі і разьбіралі новыя творы беларускіх пісьменьнікаў, ад часу да часу некаторыя з сяброў прыносілі на лекцыі і свае ўласныя творы. На запускі адбыўся I невялікі спэктакль, ставілі “Міхалку” і “Варажбу цыганкі” (пераробка з польскае — мая). Але цеснае памяшканьне і даволі нядбалая распрацоўка зрабілі дрэннае ўражаньне.

 



Праектаваная выстаўка хатніх вырабаў не наладзілася, хоць гэта было абгаворана з Вільняй. 3 Вільні Іван Луцкевіч пісаў нам: “Праект добры. Рабіце выстаўку ў сябе (у Горадні), мы тым часам падрыхтуемся тут, і вы са сваімі экспанатамі таксама да нас прыедзеце”. Чаму гэта ня зьдзейснілася - ня памятаю.

Затое пачалася энэргічная праца дзеля падрыхтоўкі матэрыялаў для аднаднёўкі. Рэдакцыйная калегія, якая складалася з А. Зенюка, Язэпа Лявіцкага, Л. Сівіцкай, М. Бобрыкаўны і Ф. Лабенца, працавала шчыра і заўзята. Я. Лявіцкі (псэўд(анім) ЮркаСнапко) даў пару вершаў, А. Зянюк і М. Бобрык — апавяданьні, таксама з апавяданьнем выступіў Ф. Лабенец, я напісала перадавіцу. Пазычылі і шапірограф і позна ўвечары, пазавешываўшы вокны, узяліся за работу. А. Зянюк перапісываў (ён прыгожа пісаў), а Я. Лявіцкі адбіваў. Прасядзелі амаль да раніцы, адбілі 50 экз(эмпляраў). Назва аднаднёўкі — “Колас беларускай нівы”. На вокладцы — загаловак і рысунак каласоў...

 


Якая радасьць, можна сказаць, шчасьце запанавала ў сэрцах ініцыятараў і рэдактароў, калі ўгледзелі сваю працу. Зьдзейснены праект, вылітыя на паперу думкі ажыцьцявілі неяк і дадалі веры ў свае сілы. Крыху аднаднёўкі прадалі, параздавалі сябрам гуртка, паслалі тым, хто выехаў, і ў мяне астаўся адзін экзэмпляр, і то бракоўны. Вазіла яго з сабой у Варшаву і Менск, ды назад у Горадзеншчыну, аж тут, у Вільні, на мой вялікі жаль, прапаў...

У восені 1913 г. я выехалаў Варшаву на курсы. Гурток астаўся пад кіраўніцтвам Адольфа Зенюка. Як ён мне пісаў у Варшаву (лісты маю), прабавалі вясьці сякую-такую працу далей, але гэта нядоўга трывала. Гурток скончыў сваё існаваньне. Бібліятэка і тэатральны рэквізыт, астаўленыя ў Горадні падчас Першай сусьветнай вайны, прапалі.
Мушу ўспомніць незразумелы для мяне факт. Незразумелы, бо ня ведаю, каму і нашто было гісторыю ГГБМ выкрывіць і заблытаць. У часопісе “Крывіч” (№ 1/7, год 1924) на старонцы 64 пад загалоўкам Торадзенскі беларускі гур¬ток” (ужо сама назва няправільная) — успаміны, аўтар якіх, невядомы мне Ян з-пад Ласосны, піша рэчы, зусім нязгодныя з праўдай. Паміж іншым ён піша: “Адзіным вядомым дакумэнтам тагачаснай дзейнасьці Беларускага гуртка пад духоўным кіраўніцтвам кс(яндза) Грынкевіча, асталася аднаднёўка “Колас нашай нівы” (загаловак няправільны). Далей: “Прадмова, пісаная ру¬кой кіраўніка”... (Для мяне вялікі гонар, што мая прадмова прыпісывалася! кс(яндзу) Грынкевічу!)

Нічога падобнага. Кс(ёндз) Грынкевіч ад гуртка адышоў у пачатку 1912 г., значыцца, кіраўніком у час выхаду аднаднёўкі ня быў і аб ёй да часу яе паказаньня ў сьвет нічога ня ведаў. У гэтым самым артыкуле аўтар піша: “У 1913 г. у Горадні група вучняў сярэдніх школ залажыла Беларускі гурток...” У той час, калі ГГБМ быў зарганізаваны ўвосені 1909 г., а ў 1913-м, можна сказаць, дажываў свае апошнія дні. Далей: “Утварыўся гурток, у аснову якога паложана была веравызнаўчая азнака. Гэта адпавядала характару кіраўніка гуртка, які вызначаўся рэлігійным фанатызмам”. I тут аўтар, далікатна кажучы, вельмі памыляецца. Праз увесь час існаваньня ГГБМ ніякія рэлігійныя пытаньні не былі закрануты ні сябрамі, ні кіраўніком. Сябрамі былі як католікі,так і праваслаўныя (Пушкарэвіч, Дзядзевіч, Сасноўская і інш.), праўда, апошніх менш, чым першых, але ж гэта толькі таму, што яны былі больш зрусыфікаваныя (царкоўныя школы), чым католікі спалянізаваныя.


Праўда, быў такі факт (з ліста А. Зенюка ад 19.10.1913 г): “Паклікаў нас да сябе кс(ёндз) Ф. Грынкевіч і радзіў нам зьмяніць крыху статут. Лепш сказаць, дапоўніць. Апрача напрамку самаасьветнага дадаць пункт аб самавыхаваньні. Мы згадзіліся. Адначасова пазнаем нашу мову, вывучаем гісторыю, геаграфію Беларусі, як і раней”. Дзе ж тут веравызнаўчая азнака?

Вясной 1914 г. сябры ГГБК разьехаліся па хатах, каб болей у Горадню не вярнуцца. Пачалася вайна і параскідала іх па сьвеце.


НЕКАЛЬКІ БІЯГРАФІЙ СЯБРОЎ ГГБМ

АДВАКАТ АДАМ БЫЧКОЎСКІ

Адзін з арганізатараў і першы старшыня ГГБМ Адам Бычкоўскі паходзіў з фальварку Талочкі ў Сакольшчыне. Яшчэ будучы гімназістам, апрача працы ў гуртку, вёў работу асьведамляючую ў сваёй ваколіцы, што даводзіла да канфліктаў з мясцовымі ворагамі беларускай справы, а нават і з паліцыяй. Паступіўшы ў Пецярбурзе на юрыдычны факультэт, адразу ўзяўся разам з іншымі студэнтамі-беларусамі за арганізацыю гурткоў — і легальных, і нелегальных. Дзейны, энэргічны, шмат часу аддаваў працы грамадзкай. Пача-лася вайна. А. Бычкоўскі канчае права. Але дрэнныя матэр’яльныя варункі і справы сямейныя на нейкі час адрываюць яго ад гэтай працы. Пры першай магчымасьці выяжджае на бацькаўшчыну і працуе судзьдзёй у Саколцы. Пасьля ўжо на сталае жыцьцё едзе ў Варшаву. Аб першых гадах яго жыцьця ў Варшаве дакладных вестак німа. Вядома толькі, што стала выпісываў беларускую прэсу і спатыкаўся з беларусамі з Вільні.

У 1935 г. знаёміцца з адвакатам А. Бычкоўскім Пётр Ластаўка, які меў намер паклікаць да жыцьця ў Варшаве беларускую арганізацыю. Дзеліцца сваімі праектамі з адв(акатам) А. Бычкоўскім, паказвае яму ўжо гатовы праект статуту. А. Бычкоўскі горача падтрымлівае ініцыятыву. escortinticino.ch Бярэ на сябе дапрацаваньне статуту. Прымае ўдзел у арганізацыйным сходзе і, паміма працы ў судзе і ў сваім бюро, уваходзіць у арганізацыйны камітэт і ў статутовую камісію. Ён жа складае дакумэнты ў камісарыят ураду Варшавы дзеля зацьвярджэньня статуту Беларускага культурнага т(аварыст)ва. Камісарыят зацьвердзіць статут адмовіўся. Тады адв(акат) А. Бычкоўскі зьвярнуўся да Міністэрства ўнутраных справаў. Працавіты, ахвярны, энэргічны, жыў дзеля грамадзкай працы сярод беларусаў: даваў безінтэрэсоўна парады, выступаў у судах...
Цешыла яго сувязь з беларусамі, якая нагадвала яму працу ў маладых школьных гадах у Горадзенскім гуртку беларускае моладзі. На жаль, не дадзена яму было далей працаваць і цешыцца плёнамі сваёй працы. Нават не дачакаўся зацьверджаньня Беларускага таварыства, аб што так ахвярна стараўся. Памёр раптоўна ў сваім бюро на сэрцавы атак 18 лістапада 1937 г., маючы ўсяго 48 гадоў.

Усе гэтыя апошнія весткі маю ад гр(амадзяніна) П. Ластаўкі.

ЯЗЭП ЛЯВІЦКІ

3-пад Сухаволі Сакольскага павету. Мой сцэнічны бацька (з “Моднага шляхцюка”), не адразу знайшоў сваю дарогу. Насамперш пасьля гімназіі пайшоў на біялёгію, правучыўся адзін год, пасьля думаў ісьці ў Лясны інстытут, але зьмяніў намеры яшчэ раз і паступіў на мэдыцыну ў Вайсковую акадэмію ў Петраградзе. Цяжка яму было ўжыцца з горадам.
Пісаў мне: “Людзей тут шмат, але чалавека, то далібог, не знайшоў бы, хоць бы, як Дыёгенас, з лучынаю шукаў. Кожны сабой заняты, кожны думае, каб сабе дагадзіць... А пажыўшы паміж такімі “дабрадзеямі”, і сам з часам навучышся трымацца іх этыкі, а тады ўжо пішы прапала. Відзела ў вешчых, прарочых вобразах сэрца матулі, што чакае яе сына, і спарадзіла яна яго не магнатам-багачом, а мужыком, а гэтакае мяса нялёгка жуецца... Шмат яго салілі, сьлязамі мачылі, горам-перцам пасыпалі і тады складалі. Вось гэтак я злажыўся, і места мяне не зламала, а толькі яшчэ болей стаў я яго ненавідзець, а людзей яшчэ больш любіць...”

“Бацька” рвецца на вёску. Не здавальняе яго праца ў студэнцкім гуртку. Ён лічыць, што робіцца ў гуртках — гэта для сябе, дзеля ўласнага здавольненьня... “Каму мы робім добра, што наладзім вечарыну? Каму ад гэтага лягчэй жыць будзе? Праўда, мы вучымся, працуем, каб пасьля сваю веду нясьці ў вёску, дзеля яе карысьці. Толькі маладому трудна чакаць, яму хочацца хутчэй быць там...” Нядоўга гэтак біўся з думкамі.

Трэба заўважыць, што гэта былі настроі не штодзённыя, бо фактычна быў і вясёлы, поўны жыцьця. Акадэмію мабілізуюць, студэнтаў гоняць на фронт. Перад гэтым яшчэ піша: “Пытаешся, “дачка”, ці пішу? Пішу, толькі па-старому - веры многа, толку мала! Пачнеш штосьці, ды так на паўслове і змоўкнеш. Пасылаю верш, не хвалі, а крытыкуй”.
У 1916 г., калі я прыехала ў Петраград, спаткаў мяне на вакзале. Пагаварылі, паўспаміналі мінуўшчыну, Горадню, гурток. У хуткім часе пасьля гэтага быў ужо ў арміі пры лязарэце. Нядоўга там быу: прыйшла вестка — забіты...

АДОЛЬФ ЗЯНЮК

3 мястэчка Сухаволя Сакольскага павету, Прыйшоў у ГГБМ будучы ў 3-й клясе гімназіі. Нацыянальную сьвядомасць вынес з роднай хаты. У гуртку прыймаў актыўны ўдзел ва ўсіх яго працах. Раней, як сябра сярэдняй групы, пасьля - старшай, у канцы, калі ўсе старшыя сябры разьехаліся, скончыўшы гімназію, А. (Зянюк) астаўся як кіраўнік і старшыня гуртка. Паміма яго стараньняў гурток не ўтрымаўся. Скончыўшы гімназію, едзе ў Петраград, паступае на юрыдычны факультэт. Дбаючы аб агульным разьвіцьці, ходзіць на лекцыі хіміі і філязофіі. Прыймае сталы ўдзел у працах беларускіх студэнцкіх арганізацый, а таксама ў агульна-грамадзкім беларускім руху.
Ён, як сталы сябра сабраньняў у праф(эсара) Б. Эпімах-Шыпілы, у курсе ўсіх петраградзкіх беларускіх падзей, і таму зьяўляецца як бы сувязьзю паміж Петраградам і Менскам. Яго лісты да мяне адбіваюць увесь беларускі рух у Петраградзе, і таму чыталі іх супольна з усімі менскімі беларусамі, якія зьбіраліся ў Беларускай хатцы (Захараўская, 18). I наадварот, мае лісты аб нашай працы ў Менску чыталі на сабраньнях у праф(эсара) Эпімах-Шыпілы.

16.12.1914 г. А. Зянюк чытае рэфэрат “Стасунак беларусау да іх суседэяў”, які выклікаў дыскусіі, а Б. Тарашкевіч рэфэрат пахваліў, што іншыя сябры ГГБМ спаткалі з вялікім здаваленьнем: наш — з ГГБМ!

У 1916 г. А. Зенюка бяруць у войска, дакладней — у Ваеннае вучылішча ў Кіеве. Скончыўшы, юнкерам пападае ў Перм... Унівэрсітэт канчае ужо пасьля вайны — у Вільні. Належыць да Беларускага студэнцкага саюзу. У 1925 г. зьяўляецца рэдактарам “Студэнцкай думкі”. Скончыўшы, працуе судзьдзёй, здаецца, на Палесьсі. Памёр рана (у Вільні), у 1938 г., маючы ўсяго каля 44 гадоў.

ЯНКА ЛЯЎКОВІЧ

3 вёскі Біты Камень (Сакольшчына). Заўсёды ціхі, скромны, як бы крыху сонны, не зварочваў бы на сябе ўвагі, каб не яго добры голас і вельмі разьвіты слух. Дзеля іх ён зрабіўся кіраўніком нашага гуртковага хору і атрымаў мянушку Капэльдудка. На гэтым становішчы пратрымаўся ад пачатку да канца існаваньня гуртка. Які ён ні быў ціхі, усё ж яго пастанова — скончыўшы гімназію, ісьці ў духоўную каталіцкую сэмінарыю,— вельмі нас зьдзівіла. Але кожны выбірае дарогу, якая для яго найлепшай здаецца.
Ужо ў сэмінарыі цікавіўся дзейнасьцю ГГБМ, і мы з ім не перарывалі кантактаў. Пісаў мне, стараючыся пераслаць ліст праз рукі, абмінаючы цэнзуру. У першым лісьце з Вільні піша: “24 лютага (1913 г.) у нас у сэмінарыі будзе спэктакль. Можа, мне ўдасца дэклямаваць “Град” (беларускі верш). Беларускай камэдыі паставіць не пазволілі. Але ж Бог з імі. Можа, калі-небудзь больш даб’ёмся, а цяпер і з гэтага рады. Ці ведаеце, што выходзіць газэта “Беларус” — рэдактар Антон Бычкоўскі? Можа, гэта наш старшыня? Я выпісаў гэтую газэту для бацькоў”. Рэдактарам “Беларуса” быў Антон Бычкоўскі — першастрэчны брат нашага старшыні Адама.

Калі гурток наладзіў ёлку ў в(ёсцы) Серуцёўцы, мы запрасілі клерыка Янку Ляўковіча і кс(яндза) Хлявінскага з Залесься, каб прыехалі. Але памылкова заадрасаваны ліст у пару не дайшоў, тады Я. Ляўковіч піша мне: “Хоць я з Вамі ня быў і хоць гэта ўжо даўно было, а мне ўсё здаецца, што я паміж сваімі, што чую свае песьні, што цешуся з сваім народам. Прыміце ад мяне і ад нас усіх (клерыкаў-беларусаў) шчырую падзяку за трудную працу для нашай сьвятой справы. Цяпер і мы тутака штось значым: маем свае кніжкі, падчас з намі лічацца, але толькі падчас, бо нядаўна за нашу якраз справу аднаго з нашых выкінулі. Ды гэта нічога. У сьвеце ён больш зробіць добрага, бо тутака цяпер штораз болей прыціскаюць, і мы нічога абсалютна для сваёй справы зрабіць ня можам. А цяпер, калі мы выстаўлены на крыжавы агонь паміж расейцаў і палякаў, праца патрэбная, праца жывым словам, а не на паперы. Ды, з другога боку гледзячы, цешыцца сэрца, калі сьвядомых з кожным днём лік павялічваецца. Я думаю, што калі так далей пойдзе, то нядоўга трэба будзе ждаць свай го часу, калі народ скажа: “Мы не палякі” Ды аб гэтым мо калі пагаворым”.

3 іншых сяброў: Ул. Чаржынскі (увайшоў у самую малодшую сэкцыю) — літаратурны крытык; Янка Чарапук — адвакат; Хіркоўскі — лекар; Я. Жук — лекар; Марыся Бобрык — сястра міласэрдзя, у час Першай сусьветнай вайны адзначалася мэдалямі.

Scroll to top