У адным з нумароў “Гродзенскага штодзённага кур’ера” (“Codzienny Kurjer Grodzieński”) у пачатку чэрвеня 1935 г. з’явілася нататка з паведамленнем аб злачынстве на адной з гродзенскіх вуліц у ноч з 4 на 5 чэрвеня: “Мінулай ноччу а 1-й гадзіне на вуліцы Брыгіцкай разыгралася крывавая авантура.

22-гадовы Кушч (Kuszcz) Уладыслаў (Брыгіцкая, 10) і дзве невядомыя пакуль па прозвішчах асобы іўдзейскага веравызнання пачалі паміж сабою сварку на глебе асабістых парахункаў. У пэўны момант адзін з іх ударыў Кушча нажом у плечы, пасля чаго абодва ўцяклі. Кушча ў вельмі цяжкім стане размясцілі ў шпіталі, дзе той праз некалькі гадзін памёр. 

Пошук нажаўнікоў (асоб, узброеных нажамі – аўт.) вядзе паліцыя”. 

Падобнага кшталту гісторыі з больш ці менш трагічным вынікам адбываліся ў тагачасным Гродне вельмі часта. Даваенныя гродзенскія газеты друкавалі паведамленні аб панажоўшчынах з удзелам двух-трох і нават пяці-шасці чалавек амаль кожны тыдзень. Да прыкладу, у тыя ж самыя хвіліны, калі на вуліцы Брыгіцкай сцякаў крывёю Уладыслаў Кушч, нейкі Кузьміцкі атакаваў з нажом на вуліцы Леванаберажнай Пінхеса Дубінскага. Апошняму, праўда, пашанцавала больш, чым Кушчу, – ён застаўся жывы. 

Чаму ж падзея, якая павінна была стаць толькі эпізодам у крымінальнай хроніцы Гродна, прывяла да яшчэ больш трагічных наступстваў, у выніку якіх загінула яшчэ як мінімум два чалавекі і паўстала своеасаблівая веха ў гісторыі адносін хрысціянскай і яўрэйскай абшчын Гродна? На гэтае пытанне, а таксама на пытанне, ці можна назваць падзеі 7 чэрвеня 1935 г. у Гродне яўрэйскім пагромам, мы і паспрабуем адказаць у гэтым артыкуле. 

 

 

Дом, дзе жыў У. Кушч

Пахаванне Уладыслава Кушча было прызначана на 17 гадзін 7 чэрвеня. Працэсія павінна была вырушыць ад дома, дзе ён жыў. Яшчэ перад тым, як працэсія вырушыла на могілкі, на вуліцы ўжо стаяла каля тысячы чалавек. Звярталі на сябе ўвагу маракі, калегі У. Кушча, якія прыехалі развітацца з памерлым. На чале жалобнай працэсіі ішоў ксёндз Ян Маліноўскі. За ім неслі сем вянкоў з жалобнымі стужкамі ад сяброў і розных арганізацый. 

Па дарозе на могілкі натоўп павялічыўся ў 1,5–2 разы. Трынаццаць паліцыянтаў, якія суправаджалі працэсію, не заўважылі ніякіх дзеянняў, што пагражалі б грамадскай бяспецы. На могілках было забаронена выступаць з прамовамі, і пасля пахавання натоўп павінен быў разысціся. Прысутны Станіслаў Казлоўскі паспрабаваў выступіць з прамовай, але ягоны заклік быў заглушаны малітвай. 

Тады каля трыццаці чалавек сабраліся каля праваслаўных могілак. Да іх рушыла частка натоўпу. Паліцэйскі агент Лазарскі заклікаў людзей разысціся, а студэнт Леанард Сугук прапаноўваў правесці мірную дэманстрацыю. Аднак перамаглі радыкалы, на чале якіх стаяў Альфонс Панасюк.  

Натоўп прайшоў па вуліцах Ерусалімскай, Брыгіцкай, Дамініканскай, Гувера, Калючынскай, Напалеонскай, плошчы Баторыя. Каля тысячы чалавек рассыпаліся па ўсім горадзе і пачалі біць шыбы ды збіваць яўрэяў на вуліцах. Супрацьпраўныя дзеянні ажыццяўляліся невялікімі групамі ў пяць-дзесяць чалавек. На вуліцах былі выбіты шыбы ў 183 дамах і 85 крамах. Былі цяжка паранены два яўрэі – Ізраіль Беразоўскі і Эліяш Бехер (Becher), кравец па прафесіі. Іх перанеслі ў яўрэйскі шпіталь, але яны хутка памерлі. Было моцна збіта больш за сорак чалавек (чатырох паранілі цяжка: Ахуна, Клейнбарта, Атласа і Лейпунскага). Сярод пацярпелых былі дачка яўрэйскага літаратара Эстэра Амброз і ўладальніца гатэля Шэйна Хозэ. Горад панёс страт больш чым на 20 тысяч злотых. Даставалася не толькі яўрэям – пад гарачую руку падпадалі і хрысціяне, знешне падобныя да яўрэяў, аднаго такога нават скінулі з балкона. 

 

У "браме" гэтага дома У. Кушч быў забіты

Пагром цягнуўся прыкладна з 18.30 да 22 гадзін. Але перыядычныя нападзенні ажыццяўляліся ўсю ноч, перакінуўшыся ў занёманскую частку горада. Што характэрна, пагромшчыкі не ўвайшлі ў раён, шчыльна населены яўрэямі – на вуліцы Траецкую, Пераца, Школьны Двор, даліну Гараднічанкі. Вечарам 7 чэрвеня паліцыя арыштавала каля 59 чалавек, сярод якіх было 8 яўрэяў. 

Пагром суправаджаўся крадзяжамі з разбітых крамаў. К. Крамаруха ўспамінае: “І вось увесь гэты натоўп кінуўся з могілак у горад, перабілі на Савецкай вуліцы ўсе крамы, усё павыносілі. У нас па суседству жыў хлопчык, сын жанчыны, якая мела пяцёра дзяцей. Дык той прыбег, прынёс цэлую банку марожанага, раней яго вазілі ў такіх вазках у банках, абкладзеных лёдам. Ён прыцягнуў банку марожанага ў двор і прыбег у красоўках, хаця раней бегаў заўсёды босы. Маці пачала на яго крычаць, скуль ты гэта ўзяў. А ён кажа: “А я не ведаю. Я бег па вуліцы, усе беглі, а нейкі пан, вайсковы, кажа, што ты тут босы бегаеш і накіраваў мяне ў краму, і тут, кажа абувайся”. Тады ўсё разрабавалі. Дзе былі польскія крамы ці дамы, то там свечкі запальвалі, каб толькі іх не чапалі”. 

Ранкам наступнага дня горад чакаў працягу эксцэсаў. “Пагром... Яўрэйскі пагром... – пісала ў сваім дзённіку яўрэйская дзяўчынка з Гродна, – выбітыя вокны, палкі, нажы, камяні... Гуманныя метады... Цывілізацыя... Цэлы свет прынізіўся перад купкай людзей без Айчыны – спрадвечных іншаземцаў. Выбралі добры момант, Вы, сярэдневяковыя варвары! Хто быў у стане бараніцца ад шайкі азвярэлых “людзей”, узброенных камянямі і нажамі? Гляджу на пакой. Шкло... Шкло... Паўсюль шкло... А на сярэдзіне пакоя ляжыць камень... Звычайны шэры камень, толькі трошкі запэцканы зямлёю. Вецер вые праз пустыя ваконныя рамы. На парапеце ляжыць разарваная фіранка. А на падлозе пабіты вазон. Здаецца, што на камяні кроў. Аднак не, так толькі падаецца. У шмат якіх яўрэйскіх дамах ляжаць параненыя. У шпіталь прывозяць новых пацыентаў. Яўрэйская кроў сцякае з нажоў і крывава чырванее на камянях... Не першы раз, і не дзясяты раз... Кожную хвіліну адгукаецца тэлефон – паўсюль тыя ж самыя словы: “У нас кепска”. Паўсюль кепска. Няма аніводнай добрай навіны... Ужо позна... Але ніхто з дваццаці тысяч гродзенскіх яўрэяў не спіць...”.

 

Будынак на Фарштаце з выбітымі падчас пагрома вокнамі

Прэса адрэагавала на падзеі даволі стрымана. Як аказалася пазней, улады забаранілі шырока распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбылося, у прэсе. Быў нават канфіскаваны нумар газеты “Dziennik Kresowy” за тое, што ў ім быў змешчаны спіс ахвяр падзей 7 чэрвеня. Большасць гарадзенскіх газет абмежавалася надрукаваннем камуніката ўлад, падпісанага замест гродзенскага старасты М. Крашэўскім – рэферэнтам аддзела грамадскай бяспекі. Камунікат коратка падаваў наступную інфармацыю. Кушч быў паранены ноччу 4 чэрвеня ў браме дома № 13 па Брыгіцкай, а памёр 5 чысла (па іроніі лёсу, у яўрэйскім шпіталі). Спраўцы Мейлах Кантароўскі (Kantorowski) і Шмуль Штэйнер (Stejner) былі хутка затрыманы паліцыяй. 7 чэрвеня Кушча хавалі пры ўдзеле шматлікіх гродзенцаў. “Пасля пахавання групы грамадскіх адкідаў накіраваліся ў яўрэйскі квартал, дзе камянямі павыбівалі вокны ў кватэрах і крамах. Таксама былі пабітыя некалькі чалавек як яўрэяў, так і хрысціян. Прыбыўшая паліцыя спыніла інцыдэнт, арыштоўваючы вінаватых”.

Ранкам 11 чэрвеня быў пахаваны памерлы ад ран, атрыманых падчас пагрому, Ізраіль Беразоўскі (21 год). Ніякага працягу сутычак не адбылося, толькі былі зачынены па горадзе яўрэйскія крамы. Рабіліся спробы раскідання ўлётак, якія, аднак, свайго выніку не дасягнулі. 

19 і 20 верасня 1935 г. у Гродзенскім акруговым судзе адбыўся працэс над забойцамі Уладыслава Кушча Шмулем Штэйнерам (жыў па адрасе Пераца, 22, меў 21 год і быў па прафесіі фарбавальшчыкам) і Мейлахам Кантароўскім (Падзамча, 26, меў 23 гады, цырульнік). Абвінавачанага Штэйнера бараніў адвакат Фірстэнберг, Кантароўскі абаронцы не меў. У якасці пацярпелай выступала маці У. Кушча Ганна. Яе інтарэсы на судзе прадстаўлялі адвакаты Даніловіч і Сасноўскі. Суд адбываўся ў поўнасцю запоўненай гледачамі судовай зале. 

Сутнасць абвінавачання заключалася ў наступным. Кантароўскі і Кушч уступілі ў канфлікт у танцавальнай зале Рэйзнера. Прычынай канфлікту была танцорка Ніна Маліноўская. Пасля выхаду з залы Кантароўскі, пакрыўджаны Кушчам (апошні, магчыма, раней ударыў яго), напаў на апошняга. Падчас бойкі да Кушча ззаду падбег Штэйнер і ўдарыў яго нажом у плечы, што і прывяло да смерці пацярпелага. Абодва абвінавачаныя сваёй віны не прызналі. 

20 верасня 1935 года суд прыгаварыў Штэйнера да 12 гадоў турмы, а Кантароўскага – да 2 гадоў. Суд не закранаў наступстваў забойства (падзеі 7 чэрвеня), аднак падкрэсліў, што ў горадзе і ваколіцах існуе праблема высвятлення адносін паміж маладымі людзьмі пры дапамозе халоднай зброі. Сведкі таксама сцвердзілі, што Штэйнер за два тыдні да забойства ўжо спрабаваў у той самай танцавальнай зале вырашыць спрэчку пры дапамозе нажа, але быў своечасова стрыманы. Вінаватыя ў забойстве павінны былі выплочваць Ганне Кушч па 30 злотых у месяц аж да яе смерці.  

 

 

У панядзелак 4 лістапада 1935 г. перад судом па справе пагрому сталі 17 чалавек. Вось спіс абвінавачаных ва ўдзеле ў пагроме: Альфонс Панасюк (Panasiuk), 25 г., Станіслаў Казлоўскі (Kozłowski), 46 г., Уладыслаў Марцінчук (Marcińczuk), 38 г., Уладыслаў Жукоўскі (Żukowski), 30 г., Эдмунд Зыгманскі (Zygmański), 23 г., Вольга Жукава (Żukowa), 28 г., Францішак Можджар (Moźdżer), 21 г., Мікалай Баліцкі (Balicki), 28 г., Юзаф Бельскі (Belski), 24 г., Уладзімір Рудзяк (Rudziak), 17 г., Вінцэнт Зайко (Zajko), 21 г., Уладыслаў Алешчык (Aleszczyk), 21 г., Дамінік Ярашэвіч (Jaroszewicz), 18 г., Мечыслаў Раманчук (Romańczuk), Аляксандр Нарэйка (Norejko), 29 г., Францішак Лясота (Lasota), 37 г. 

Завадатары не прызнавалі сваёй віны, кажучы, што не арганізоўвалі пагрому, а толькі ўдзельнічалі ў ім на хвалі агульнага абурэння. Суд заслухаў 54 сведкаў, сярод якіх было шмат тайных паліцэйскіх функцыянераў, якія апісалі, як абвінавачаныя ішлі на чале дэманстрацыі з могілак. Некаторых затрымлівалі непасрэдна на месцы, напрыклад, абвінавачанага Баліцкага злавілі, калі той выбіў шыбу ў сінагозе. У кішэні ён меў нож. Следства выявіла трагічныя акалічнасці: напрыклад, Бехер быў насмерць закіданы камянямі на вачах у яго 12-гадовага сына, які нават апазнаў абвінавачанага Раманчука. Цяжка паранены сведка Лейба Бучынскі паведаміў, што, ўцякаючы ад натоўпу, ён хацеў схавацца ў будынку староства, аднак чыноўнік Гурскі стукнуў яго па твары і выпхаў на вуліцу. 

Абаронцы падсудных намякалі на існаванне яўрэйскай самаабароны, якая збіралася ажыццявіць у адказ гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да хрысціян і існавала некалькі дзён пасля пагрому ў яўрэйскіх кварталах. Аднак суд не прыняў намёкі пад увагу, паколькі яўрэйская самаабарона ніяк сябе не праявіла. Адначасова суд ухіліўся і ад канкрэтызацыі ўдзелу эндэкаў у пагроме, хаця было вядома, што галоўны абвінавачаны Панасюк належыць да маладзёжнай эндэцкай арганізацыі.

13 лістапада 1935 года ў 13.30 суд агучыў прыгавор. Абвінавачаны Альфонс Панасюк атрымаў год турмы, тры абвінавачаныя атрымалі па 9 месяцаў, яшчэ тры – па 6 месяцаў. Рэшту прызналі невінаватымі. З асуджаных у турму ніхто не трапіў: Панасюка выпусцілі за штраф у памеры 100 злотых, рэшце адтэрмінавалі прысуд на 5 гадоў. Калі згадаць, што забойцаў Кушча суд прыгаварыў да 12 і 2 гадоў турмы, то прысуды пагромшчыкам выглядалі мякка. Прысуды былі прызнаныя “нізкімі” нават ваяводскай адміністрацыяй у Беластоку.

 

 

 

У сітуацыі, калі, здаецца, правасуддзе ажыццявіла сваю работу ў дачыненні і да забойцаў Уладыслава Кушча, і да пагромшчыкаў, добрыя адносіны паміж хрысціянамі і яўрэямі ў Гродне аказаліся пад сур’ёзнай пагрозай. Узаемная непрыязь узмацнілася і перарасла ў нешта накшталт халоднай вайны. У студзені 1936 г. у Гродна прыехаў Юзаф Мацкевіч, аўтар віленскай газеты “Słowo”, вядомы ў міжваеннай Польшчы публіцыст. У сваіх рэпартажах ён добра апісаў узаемны байкот хрысціянскіх і яўрэйскіх крам, цырульняў і рэстаранаў, спробы падпалу яўрэйскай святыні і іншыя акты ўзаемнай агрэсіі. Ён жа апісаў куды менш гучны судовы працэс, дзе разбіралася справа забойства на адной з гродзенскіх вуліц яўрэя Майсея Ліпскага хрысціянінам Вацлавам Дымперам. Апошні атрымаў шэсць гадоў турмы. 

Пераважная большасць гродзенцаў яўрэяў і хрысціян працягвалі мірна і па-прыяцельску суіснаваць: “Былі такія людзі з зялёнымі гальштукамі, хадзілі пад крамамі, стаялі, і калі ідуць пакупнікі, гаварылі “не купуй у жыда!” А людзі ніяк да гэтага не ставіліся, ідуць, дзе ім трэба, і купляюць, што ім трэба. Ведаюць, што ў польскай краме ў два разы даражэй. Нашто ім трэба ісці ў польскую краму… Яўрэі заўсёды спачувалі: “Няма грошай, пасля аддасі, не спяшайся”. Выдатныя людзі былі”. 

У чым жа заключаліся прычыны таго, што менавіта забойства Уладыслава Кушча прывяло да трагічных падзей 7 чэрвеня 1935 г.? Было некалькі прычын, якія ляжаць навідавоку. 

Першай прычынай былі абставіны вясны-лета 1935 г., калі пасля смерці Ю. Пілсудскага па ўсёй Польшчы пракаціліся антыяўрэйскія хваляванні. Асяродкі, звязаныя з народнай дэмакратыяй, заклікалі паказаць яўрэям іх месца ў Польшчы, бо Пілсудскі быў прыхільны да яўрэяў, лічыўся іх “дзядулем”.

 

Па-другое, сімвалічнай аказалася асоба самога Кушча. Ён быў мараком, сімвалам “імперыялістычнай” Польшчы, і ягонае забойства разглядалася як замах на польскую дзяржаўнасць. Падкрэсліваліся таксама яго чалавечыя якасці: “Святой памяці Кушч быў любімы ўсімі з-за свайго ціхага характару і добрага сэрца і розуму. Асаблівай папулярнасцю ён карыстаўся тады, калі з’яўляўся ў Гродне як марак падчас двухгадовай вайсковай службы”.

Але найважнейшай прычынай, на нашу думку, была мадэрнізацыя і “нацыяналізацыя” гарадской прасторы Гродна. Гарадзенская моладзь, як хрысціянская, так і габрэйская, ужо ўсведамляла сябе не проста прадстаўнікамі розных рэлігійных супольнасцей, але адстойвала сваю прыналежнасць да розных сучасных нацый. Гэта абвастрала адносіны паміж супольнасцямі горада, але пры гэтым нават пагром 1935 г. не стаў класічным у разуменні пагромаў у Расійскай Імперыі канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Ён працягнуўся ўсяго адзін вечар, не суправаджаўся падпаламі, не было паўафіцыйнай агітацыі на карысць антыяўрэйскіх выступленняў. Нават Фелікс Зандман, адзін з нямногіх выжыўшых вязняў гродзенскага гета, напісаў: “У Гродне не было пагромаў (выдзелена аўтарам), хаця ў 1935 г., калі мне было восем гадоў, праз Польшчу прайшлі хваляванні. На вуліцах Гродна шалелі банды палякаў, б’ючы шыбы і ламаючы дзверы, знішчаючы маёмасць і атакуючы кожнага сустрэчнага яўрэя. Я з свайго акна бачыў, як людзі кідалі камяні. Адзін камень упаў на нашым панадворку. Пазней я даведаўся, што ў хваляваннях загінулі людзі”. 

Падзел паміж двума светамі Гродна – яўрэйскім і хрысіцянскім – стаў відавочным. Д. Клоўскі, які ў міжваенныя гады быў малым яўрэйскім хлопчыкам, пісаў: “Не памятаю, каб я ў тым узросце сустракаўся з польскімі хлопчыкамі ў адзіночку. Хутчэй за ўсё, адзін я на вуліцу не выходзіў, інакш такія сустрэчы запомніліся б надоўга. Хадзілі мы, яўрэйскія дзеці, толькі групамі. Але і гэта не пазбаўляла нас ад сутычак з польскімі хлопцамі”. 

18 верасня 1938 г. у Гродне пачала выдавацца газета “Czyn Młodych” (“Чын маладых”), якая характарызавала сябе як “незалежны штотыднёвік, прысвечаны грамадска-палітычным справам”. Выданне мела выразны антысеміцкі накірунак, а ў тым самым годзе быў надрукаваны “Інфармацыйна-прапагандысцкі каляндар польскага стану валодання ў Гродне і на Гродзеншчыне на 1938 год”. Разам з лозунгам “Польшча для палякаў!” каляндар змяшчаў на сваіх старонках масу іншых заклікаў кшталту “не купляй у яўрэя, бо нават калі прадасць табе быццам танней, то ўсё адно цябе ашукае”, “у імя нацыянальнага гонару – не дапамагай яўрэям знішчаць нашу айчыну”, “купляй усё ў хрысціяніна, а не ў ворага Святога Крыжа, якім з’яўляецца яўрэй”. 

“Паляк! Абыходзь яўрэя – падтрымлівай сваіх! Купляй толькі ў хрысціян. Бяры на працу толькі работнікаў хрысціян. Імкніся развіваць хрысціянскія польскія і культурныя пляцоўкі. Польскі грош у польскія рукі!” – заклікала адна з гродзенскіх антысеміцкіх лістовак. 

Трэба сказаць, што нягледзячы на хуткае знікненне яўрэйскай супольнасці Гродна і вялікія страты, нанесеныя ўсім астатнім гараджанам вайной 1939–1945 гг., падзеі чэрвеня 1935 г. запомніліся гродзенцам. Прывядзем два такія ўспаміны. Першыя належаць Казіміру Сальвясюку: “Хлопец-марак, які служыў у Гдыні, прыехаў дадому ў адпачынак. У выхадны дзень наведаў матч з удзелам мясцовых каманд, а пасля вырашыў з сябрамі пайсці на танцы, якія скончыліся для яго смерцю. Гэты вайсковы хлопец на танцах запрасіў прыгожую яўрэйскую дзяўчыну на танец, усё было добра, калі б яны не пацалаваліся. Але адбылося ўсё інакш, хлопец нават правёў дзяўчыну дадому, а раніцай яго знайшлі мёртвым з нажавымі раненнямі. Усім ужо было зразумела, хто забіў польскага ваеннага. Як высветлілася пазней, хлопца пырнулi ножыкам у бойцы. Варта адзначыць, што амаль кожны яўрэй насіў з сабой ножык, які хаваў недзе збоку. Праз некалькі дзён у горадзе з’явіліся вайскоўцы, і разам з палякамі яны сталі граміць яўрэйскія крамы. Гэта быў сапраўдны пагром, яўрэі ўсе пахаваліся. Не сказаць, што іх было менш – насельніцтва ў нас было 50 на 50. Проста яўрэі разумелі, што нават паліцыя на баку палякаў. Шчыра кажучы, і я прыняў удзел, мне давялося скрасці селядца ў краме, дзе цяпер знаходзіцца сядзіба Саюза палякаў у Беларусі. Тады там была крама “Касмандаль”, а насупраць – “Любіч”. 

 

Наступствы гродзенскага яўрэйскага пагрома

 

Сваю версію падзей выклаў Грыгорый (Гірш) Хасід, вязень гродзенскага гета: “Памятаю, калі памёр Пілсудскі (травень 1935 г.), некаторыя палякі казалі нам: “Памёр ваш дзядуля, ну зараз мы вам пакажам”. Яны дзядулем Пілсудскага называлі, бо лічылі яго заступнікам габрэяў. І ў гэтым жа годзе пасля смерці Пілсудскага ў Гродне здарыўся габрэйскі пагром. Прычынай пагрому стала смерць паляка. На цяперашняй вуліцы Карла Маркса была школа танцаў. Там з-за дзяўчыны паспрачаліся габрэй з палякам, абодва выцягнулі нажы, паранілі адзін другога, і паляк памёр потым. Але габрэя, смяротна параніўшага паляка, не асудзілі. За гэта палякі ўчынілі пагром, рабавалі і грамілі габрэйскія крамы, білі шкло.

Распавядалі, што начальнік Гродзенскага гарнізона спрабаваў утрымаць бандытаў, але ўлады яму сказалі, што гэта справа паліцыі, не войска. А паліцыя не ўмешвалася і паволі ішла па слядах пагромшчыкаў. У кнізе пра Гродна ёсць здымак адной з ахвяр гарадзенскага пагрому. Гэта Беразоўскі – сын кіраўніка хору Вялікай сінагогі, ён памёр у бальніцы. Усяго ж загінула 3 чалавекі, некалькі дзясяткаў былі пакалечаныя.

Хваля пагромаў пракацілася тады па ўсёй Польшчы. Далёка не ўсе палякі гэта ўхвалялі, але ў любым грамадстве заўсёды ёсць пласты рознага ўзроўню, рознага менталітэту. Ды і ў газетах таго часу пераважаў дух антысемітызму. На габрэях ляжала цяжкае абвінавачанне хрыстапрадаўцаў. Гэта значыць, мы былі ў адказе за тое, што адбылося амаль 2000 гадоў таму. Пра тое, што габрэі вінаватыя ў распяцці Хрыста, гаварылася ў касцёлах. А насельніцтва тагачаснай Польшчы, вясковае, непісьменнае і пагатоў глядзела на нас як на злачынцаў”.

Як бачым, нават праз многа гадоў пасля апісаных падзей існавалі нават своеасаблівыя варыянты ўспамінаў, дзе хрысціяне больш акцэнтавалі ўвагу на віне яўрэяў і наадварот. Таксама няма сумневу, што пагром 1935 г. адбіўся на адносінах яўрэяў з іншымі жыхарамі Гродна ў 1939–1941 гг. і меў далёкасяжныя наступствы ў 1941–1944 гг. 

 Андрэй Вашкевіч

Scroll to top