Пераезд у Стары замак зацягнуўся, хаця павінен быў адбыцца ў 1924 годзе. Першыя дзве залы ў замку былі абсталяваны і адкрыты ў лістападзе 1929 года.

У першай зале размяшчалася экспазіцыя, прысвечаная Элізе Ажэшка, а ў другой быў прадстаўлены выдатны кнігазбор Марты Красіньскай. Аўтар імкнуўся прытрымлівацца тэматычнага прынцыпу стварэння экспазіцыі, але гэтыя экспазіцыі хутчэй можна назваць доўгачасовымі выставамі. У гэты час асноўная экспазіцыя па-ранейшаму месцілася ў будынку староства.

У 1931 годзе экспазіцыя музея была пераведзена ў Стары замак, дзе заняла пяць залаў. Для музея была зроблена новая мэбля, жырандолі, крэслы. Да сённяшняга дня ў Старым замку захаваліся дзверы і замкі, зробленыя па праектах Ю.Ядкоўскага.

Уяўленнне аб экспазіцыі музея ў Старым замку цяжка скласці, таму што даведніка ці дакладнага вопісу яе не захавалася. Частковыя звесткі аб ёй змешчаны ў розных дакументах музея, ёсць некалькі фотаздымкаў. На адным з іх выява залы, якая прысвечана сярэднявечнаму Гродна.

 

 



Пасля ад’езду Ю.Ядкоўскага стварэнне новых экспазіцый працягвалася. Афармляецца экспазіцыя, якая дэманстравала вынікі археалагічных раскопак на Замкавай гары. Яе аўтарам хутчэй за ўсё быў З.Дурчэўскі – новы кіраўнік археалагічных даследаванняў у Гродне. Захаваліся вопісы залаў археалогіі, дрэва і архітэктуры, якія былі прадстаўлены наведвальнікам у 1938 (ці ў 1939) годзе.

 У зале архітэктуры былі змешчаны выявы помнікаў “рускага” будаўніцтва XII ст., фрагменты гаспадарчага “літоўскага” будынка з дрэва XIV ст., віды замка, планы забудовы Замкавай гары ў розныя часы. Пры гэтым ішоў храналагічны падзел на забудовы XI-XIII стст., часоў Вітаўта, часоў Баторыя, часоў дынастыі Сасаў. Такім чынам, былі вызначаны перыяды будаўнічых зменаў на Замкавай гары. Таксама тут размяшчаліся 13 архітэктурных фрагментаў з замка, цагліны са сцяны часоў Баторыя, адна з іх мела надпіс “Stanisław Chełchowski”.

У зале дрэва экспанаваліся ўзоры старога дрэва – выявы ці самі зрубы XIV ст., вугаль, фрагмент драўлянага насцілу, а таксама здымкі пластоў дрэва нумар 3-6. Апошняе вызначэнне дрэва па нумарах дазваляе меркаваць, што экспазіцыя была створана пасля раскопак З.Дурчэўскага, таму што ён даследаваў дрэва на Замкавай гары, падзяляючы яго на слаі з нумарамі.

 

 



Зала археалогіі прадстаўляла шматлікія артэфакты, а таксама фатаграфіі знаходак.
Музей ствараў не толькі пастаянныя, але і часовыя экспазіцыі – выстаўкі, якія павышалі даступнасць і грамадскую значнасць музейных фондаў ці прыватных збораў.

Ю.Ядкоўскі вёў даволі шырокую дзейнасць па правядзенні выстаў у Гродне. Першая была арганізавана яшчэ ў часы дзейнасці Камісіі апекі над помнікамі мастацтва і культуры. Яна мела назву “Выстава помнікаў краю і старога Гродна”.


Арганізацыя кожнай выставы патрабавала вялікай падрыхтоўчай працы. Большую яе частку, калі не ўсю, рабіў сам Юзаф Ядкоўскі. Ён асабіста дамаўляўся з мастакамі, атрымліваў (а пасля і адсылаў) мастацкія творы, распакоўваў іх і манціраваў выстаўкі. Сам пісаў анонсы ў мясцовыя газеты, складаў тэксты афіш, запрашэнняў, каталогаў, сачыў за выкананнем друкарнямі музейнага заказу. Ю.Ядкоўскі з удзячнасцю рассылаў каталогі выстаў людзям, якія дапамагалі яму ў стварэнні гэтых выстаў, а таксама розным афіцыйным установам, рабіў справаздачы ў мясцовыя і вышэйшыя ўстановы. Ён сам прымаў наведвальнікаў і праводзіў экскурсіі.

На працягу 1920-х гадоў намаганнямі Ю.Ядкоўскага было арганізавана і праведзена восем выстаў. Выстава мастацкіх твораў у тыя часы была падзеяй сенсацыйнай для Гродна. Але паступова выставачная дзейнасць музея з сенсацыі перарасла ў новую традыцыю горада. Мясцовая газета “Echo Grodzieńskie” пісала аб адкрыцці 24 красавіка 1924 года “Першай вясенняй выставы”, дзе былі прадстаўлены працы віленскага мастака Яўгена Казіміроўскага, наступнае: “Выстава карцін у Гродне? – здавалася, што такая падзея занадта ў нас смелая і адразу асуджана на няўдачу. Таму што да гэтага часу сярэдні гродзенец не толькі пра набыццё, але нават пра агляд карцін не марыў”. Трэба адзначыць, што першыя выставы паглядзела вельмі мала гродзенцаў. Першую наведалі 240 чалавек, а другую – 80 чалавек.

 

 


На “Другой восеньскай выставе” (2 – 15 лістапада 1924 г.) былі прадстаўлены мясцовыя краявіды Яцка Мальчэўскага і яго вучняў. Наступныя дзве выстаўкі выяўленчага мастацтва адбыліся пасля значнага перапынку – у 1926 годзе. Гэта былі "Трэцяя выстава твораў Зыха Буйноўскага" і выстава гродзенскага мастака Мар’яна Сланецкага з відамі Гродна і Гродзеншчыны. У гэтым жа годзе адбылася "Чацвёртая выстава праектаў аднаўлення дома імя Элізы Ажэшка" і "Пятая выстава карцін і графікі мастакоў Зоф’і Станкевіч і Мар’яна Сланецкага" (7 лістапада – 2 снежня 1926 г.).


Пасля чарговага двухгадовага перапынку адбылася шостая выстаўка. Яна прадстаўляла творы вядомага далёка за межамі Польшчы мастака Уласціміла Гофмана і эскізы алоўкам яго вучня Станіслава Марка Мазуркевіча (кастрычнік 1928 г.) і праекты адбудовы Старога замка. Наступная выстаўка была прымеркавана да адкрыцця ў Гродне помніка Элізе Ажэшка і прадстаўляла працы аўтара помніка Рамуальда Зэрыха (кастрычнік 1929 г.).

Выставы ў асноўным праводзіліся ў старостве, адна з выстаў экспанавалася ў будынку спартыўнага клуба “Kresowia”.


Навуковая дзейнасць з’яўляецца адным з галоўных накірункаў працы любога музея. Яна ўключае апісанне калекцый, правядзенне навуковых канферэнцый, распрацоўку канцэпцый для пастаянных экспазіцый і часовых выстаў, арганізацыю пошукавай працы і іншае – у залежнасці ад профілю музея. У 1920-1930-я гады навуковая дзейнасць гродзенскага музея цалкам залежала ад зацікаўленасцей і даследаванняў яго супрацоўнікаў. Гэты накірунак працы быў прадстаўлены археалагічнай і кансерватарскай дзейнасцю музея.

З самага пачатку дзейнасці музея існавала неабходнасць пераносу збораў у прыдатны для экспазіцыі будынак. Гэта пытанне павінна было вырашацца на ўзроўні мясцовых уладаў. 26 жніўня 1924 года адбылася сустрэча вайсковых і грамадзянскіх улад Гродна для абмеркавання пытання аб перадачы музею часткі замка. На гэтай сустрэчы прысутнічалі гродзенскі стараста К.Рагалевіч, прэзідэнт горада Э.Стэпнеўскі, дырэктар музея Ю.Ядкоўскі і прадстаўнікі вайсковых уладаў. У выніку сустрэчы генерал Л.Бербецкі выдаў загад аб перадачы часткі палаца Старога замка і ўяздной вежы музею на працягу двух тыдняў. Да таго ж планавалася ў найбліжэйшы час аддаць і другія залы замка. На жаль, музей не змог пераехаць у замак да канца 1924 года, таму што вайскоўцы не пакінулі будынак, а таксама не было грашовых сродкаў для рамонту моцна пашкоджаных залаў палаца.

Стварэнне музея ў Старым замку было цесна звязана са справай яго рэстаўрацыі. У 20-я гады ХХ ст. тут знаходзіліся: бальніца, афіцэрскае казіно, лазня, якая размяшчалася на першым паверсе, таму часта вадой заліваліся сутарэнні. Толькі з пераносам музея ў замак пачынаюцца працы па яго рамонту і ўпарадкаванню тэрыторыі.

 



Для правядзення прац на замку выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі. З дапамогай Майстэрні польскай архітэктуры ў Варшаве, якая займалася пытаннямі аднаўлення архітэктурных помнікаў, і Камендатуры ўмацаванага лагера ў Гродне ў верасні – кастрычніку 1924 года былі зроблены падрабязныя абмеры замка. Вымярэннямі займаліся студэнты Варшаўскага палітэхнічнага інстытута Я.Клімашэўскі і Б.Жыўна. З дазволу беластоцкага ваяводы на правядзенне гэтых прац былі выкарыстаны крэдыты Аддзела мастацтва і культуры Беластоцкага ваяводства


Паколькі існавала небяспека абвалу не толькі муроў часоў Вітаўта, але і самога будынка палаца на Старым замку, вайсковыя ўлады паабяцалі дапамагчы ў справе ўмацавання Замкавай гары і выдалі адносна гэтага адпаведныя распараджэнні загадам ад 29 жніўня 1924 года. Аб сваёй дапамозе заявіў і прэзідэнт горада Э.Стэпнеўскі. Ён дамовіўся з Упраўленнем водных дарог у Гродне аб будаўніцтве ахоўнага бульвара ля падножжа Замкавай гары. Дзеля гэтага быў зроблены абмер гары. Па загаду генерала Л.Бербецкага яго ажыццяўляў інжынер Е.Брэйхэ, а Упраўленне водных дарог зрабіла вымярэнні глыбіні Нёмана.

Справа рэканструкцыі Замкавай гары патрабавала вялікіх сродкаў і была разгледжана на пасяджэнні Гарадской рады 29 снежня 1924 года. У выдзяленні на рэканструкцыю 10000 злотых было адмоўлена, праўда, было вырашана звярнуцца да ўсіх устаноў, якія заклапочаны лёсам Замкавай гары ў Гродне, каб наладзіць супрацоўніцтва.

Не чакаючы канчатковага вырашэння пытання, Ю.Ядкоўскі пачаў працы па расчыстцы муроў, каб палегчыць справу правядзення абмераў замка. Падчас прац па даследаванні памяшканняў Старога замка Ю.Ядкоўскім у калідоры, які звязвае ўязную браму з палацам, на другім паверсе былі адкрыты пяць замураваных байніц, схованка і сходы ў сцяне, якія злучалі калісьці верхнюю частку брамы з надворкам. Паралельна Ю.Ядкоўскі пачынае археалагічныя працы. Каля паўночнай сцяны палаца была выкапана траншэя глыбінёй ад 0,5 да 1,5 м, шырынёй 0,6-0,8 м, дзе знайшлі значную колькаць фрагментаў дэкаратыўных аздабленняў палаца: ручка, рэшткі карнізаў, некалькі дзесяткаў аскепкаў рознакаляровай паліванай кафлі і іншыя рэчы, якія, па вызначэнні Ю.Ядкоўскага, паходзілі з часоў перабудовы Старога замка пры Стэфане Баторыі і Яне III. Выяўленыя сцены таўшчынёй 2 м даследчык вызначыў як сярэднявечныя. Раскопкі закончыліся 10 лістапада 1924 года з-за пачаўшыхся маразоў.

 

 


Існавала пагроза разбурэння пабудоў не толькі на Замкавай гары, але і на суседнім пагорку – вясною 1925 года абвалілася прыбудова да Новага замка. У 1927 годзе асунулася частка Замкавай гары і чакаўся абвал амаль вісячых у паветры рэштак муроў часоў Вітаўта. Падобны лёс пагражаў і ўязной браме Старога замка, што стала відавочным яшчэ ў 1926 годзе. Патрэбны былі тэрміновыя мерапрыемствы па захаванні Старога і Новага замкаў і іх атачэння.


Дзеля ўпарадкавання помнікаў 9 лютага 1928 года быў створаны Камітэт адбудовы замка (Kuratorjum Zamkowy), у склад якога ўвайшлі восем чалавек, сярод іх быў Ю.Ядкоўскі. Са стварэннем гэтага Камітэта пачынаюцца працы па добраўпарадкаванню Замкавай гары.

Раман Якімовіч, кіраўнік Дзяржаўнага археалагічнага музея ў Варшаве, які аналізаваў раскопкі Ю.Ядкоўскага, першым даў памылковыя звесткі аб датаванні пачатку земляных прац. Ён указвае, што працы па ўмацаванні схілаў гары пачаліся пад кіраўніцтвам ваяводскага Камітэта ўшанавання памяці Стэфана Баторыя. Але Камітэт быў створаны ў канцы 1933 года, а працы па ўмацаванні гары пачаліся ў 1928 годзе, аб чым пісаў Ю.Ядкоўскі ў кароткай справаздачы для ваеннага кіраўніцтва.

Трэба адзначыць, што функцыі Камітэтаў былі рознымі. Па словах генерала А.Літвіновіча, кіраўніка Камітэта адбудовы замка, адміністрацыйна-гаспадарчыя і кансерватарскія працы, у тым ліку раскопкі, не павінны ўваходзіць у сферу кампетэнцыі Камітэта ўшанавання памяці Стэфана Баторыя. Ён павінен быў займацца выключна арганізацыяй мерапрыемстваў па святкаванні 400-годдзя караля Рэчы Паспалітай. Таму датай пачатку аднаўленчых прац трэба лічыць менавіта 1928 год, калі быў арганізаваны Камітэт адбудовы замка. Гэтую памылку ўслед за Р.Якімовічам паўтарыў М.М.Варонін, а потым і аўтары калектыўнай працы “Стары замак у Гродне XI – XVIII стст.”, дзе пачатак земляных прац на Замкавай гары звязваюць з веснавой паводкай 1932 года, пасля якой узнікла неабходнасць у працах па прадухіленні абвалу муроў часоў Вітаўта.

Праект аднаўлення Старога замка і ўмацавання Замкавай гары быў прадстаўлены на "VI выставе мастацкіх прац Уласціміла Гофмана і праектаў адбудовы Старога замка" ў кастрычніку 1928 года. На выставе былі прадстаўлены: праект пабудовы ахоўнага бульвара ўздоўж Нёмана ад вуліцы Падзамча да вусця рэчкі Гараднічанкі, праект уладкавання падворка Старога замка (аўтар Ю.Ядкоўскі), праекты адбудовы ўязной брамы з узвядзеннем на ёй яшчэ аднаго паверха з дахам у выглядзе шлема (аўтары Б.Збароўскі і Ю.Ядкоўскі), перспектыўныя малюнкі дзядзінца (аўтар Б.Збароўскі), рэканструкцыя разбураных аркад (аўтар Ю.Ядкоўскі), праекты адхілення філяраў у Сеймавай зале (аўтар Ю.Ядкоўскі) і іншыя.

 

 


У праекце, распрацаваным Камітэтам па адбудове, былі вызначаны асноўныя мерапрыемствы па аднаўленні Старога замка і добраўпарадкаванні Замкавай гары. Планавалася ўзвесці апоры на пагорку Новага замка, што магло быць выканана толькі пасля зносу старых будынкаў на беразе ракі. На вясну 1929 года планавалася стварэнне тэрасы з балюстрадай каля сярэднявечных муроў з боку Нёмана. Праект прадугледжваў зніжэнне ўзроўню пляцоўкі двара замка на 4,5 м. Гэта рабілася, каб наблізіць двор да ранейшага ўзроўню, калі ён быў на два метры ніжэй. Вызваленую зямлю планавалі выкарыстаць на падсыпку схілаў гары з боку Нёмана. Меркавалася, што гэта дасць магчымасць адкрыць рэшткі старажытных замкавых муроў, якія знаходзяцца пад зямлёю.

Па перакананні Ю.Ядкоўскага, гэта паніжэнне ўзроўню дало б магчымасць доступу да акенца пад абрывам, пра якое хадзіла легенда, быццам гэта ўваход у падземны ход, што вядзе пад самы Нёман, і таму ён стане цікавым для наведвальнікаў замка. Гэта акенца і сёння знаходзіцца ў абарончай сцяне XIV ст., яно бачна з боку Нёмана. У паўночнай частцы замка Ю.Ядкоўскі спадзяваўся знайсці частку падзямелля і рэшткі акруглай сярэднявечнай вежы, якая, па яго меркаванні, тут існавала. Адначасова на падставе навуковых даследаванняў павінны былі распачацца працы па рэстаўрацыі Старога замка.


Галоўны ўваход у замак планавалася перанесці на сярэдзіну будынка, размясціць насупраць галоўных сходаў да бальнай залы (раней Сеймавая зала), прыбіральню з разбуранымі сходамі перарабіць у хол з гардэробам. Сенатарскую залу на першым паверсе, на той момант падзеленую на тры часткі (сталовую, сенцы і гардэроб), рэканструіраваць з той мэтай, каб адсунуць два філяры, на якія абапіраюцца скляпенні. Прэзентацыйную залу часткова зрабіць ніжэй з мэтай схаваць яе верхнюю частку пад новым дахам. Па праекце планавалася прыбраць надбудову часоў Расійскай Імперыі (трэці паверх), якая псавала знешні выгляд будынка. Вялікая ўвага надавалася эстэтычнаму выгляду Старога замка. Таму Камітэт шукаў сродкі на аздобу абрамленняў уваходных дзвярэй і брамы. У замку меркавалася размясціць гісторыка-мастацкі, этнаграфічны і вайсковы музеі.

Трэба адзначыць, што на рэалізацыю праекта патрабаваліся значныя сродкі, якіх не хапала ні ў Міністэрстве грамадскіх прац, ні ў іншых установах. Таму ўжо ў праекце ўказваецца на доўгатэрміновасць работ на Замкавай гары, якія могуць зацягнуцца на два-тры гады. Але гэты тэрмін не з’яўляецца доўгім для правядзення рэканструкцыі па сучасных мерках, таму можна лічыць, што праект павінен быў ажыццявіцца ў досыць кароткі тэрмін.

Цалкам здзейсніць рэканструкцыю і частковае аднаўленне замка не атрымалася. Праблема заключалася ў адсутнасці дастатковых сродкаў. Тым не менш, пэўныя працы былі праведзены. Галоўным вынікам стала стварэнне ў 1929 годзе ахоўнай набярэжнай уздоўж Нёмана, якая звязвала раён Рыбакі (сучасная вул. Рыбацкая) і вул. Падзамча (зараз не існуе), што ішла непасрэдна каля замкаў. Пасля паводак 1931 і 1932 гадоў набярэжная была адрамантавана, у гэтай працы з дапамогай ваяводы М.Зындрам-Касцялкоўскага было задзейнічана 200 беспрацоўных. Такім чынам, ажыццявілася ідэя Ю.Ядкоўскага – стварэнне бульвара ўздоўж Нёмана, пра што ён пісаў яшчэ ў 1924 годзе. Гэтая набярэжная і сёння з’яўляецца месцам адпачынку гараджан. Напэўна, варта было б надаць ёй імя Ю.Ядкоўскага.

У 1933 годзе справы па аднаўленню Старога замка ўзяў на сябе Камітэт ушанавання памяці Стэфана Баторыя. Яго кіраўніком быў генерал Ф.Клеберг. На жаль, крыніцы не захавалі звестак аб тым, чаму кіраўніцтва працамі перайшло ад Камітэта адбудовы замка да Камітэта ўшанавання. Далейшы лёс Камітэта адбудовы невядомы. Камітэт ушанаванння планаваў аднавіць залы замка ў 1936 годзе да запланаванага на гэты год прыезду прэзідэнта Польшчы Ю.Пілсудскага на 350-ю гадавіну смерці караля Стэфана Баторыя ў Гродне.

У час аднаўлення Старога замка музей увёў спецыяльныя білеты на наведванне музея, сродкі ад аплаты якіх ішлі на адбудову замка. На квітках была выява плануемага выгляду замка і надпіс “50 грошаў замест цаглінкі на адбудову – ахвяра на кансерватарскія працы”.

З 1925 г. пачынаецца паступовы пераезд фондаў музея ў Стары замак. У сакавіку таго ж года паклалі падлогу і асмалілі столевыя бэлькі ў вестыбюлі, пакоях 1, 2, 5 і пакоі над брамай. 15 мая 1929 год адбылося зацвярджэнне праграмы работ на 1929-1930 гг. У першую чаргу планавалася абсталяваць хол, які б адпавядаў прызначэнню замка.

 

 


У канцы 1929 года ў Старым замку былі абсталяваны дзве залы. У адной была адкрыта экспазіцыя, якая прысвячалася пісьменніцы Элізе Ажэшка, у другой экспанаваўся кнігазбор, падараваны музею графіняй Мартай Красіньскай. У 1931 годзе экспазіцыя музея, якая працягвала ўвесь гэты час працаваць у старостве, пераязджае ў замак, дзе заняла на той час пяць залаў.

Ю.Ядкоўскі імкнуўся арганічна ўвесці новую экспазіцыю ў каралеўскі палац. Былі выкананы па эскізах кусташа мэбля, свяцільнікі, стылізаваныя пад XVI ст., замоўлены партрэт Стэфана Баторыя ў поўны рост. Гэта экспазіцыя была папоўнена за кошт дарункаў і матэрыялаў, якія былі сабраны падчас экспедыцый, археалагічных раскопак.

Пасля пераезду ў Стары замак замаруджваецца дзейнасць музея: марудна ствараюцца экспазіцыі, змяншаецца колькасць музейных выданняў (у 1923-1929 гг. выйшла 11 выданняў: каталогі выстаў, справаздачы, у 1930-1936 гг. – толькі 3). Гэта адбывалася таму, што Ю.Ядкоўскі актыўна заняўся даследаваннямі Замкавай гары. З другога боку, дзякуючы даследаванням, вельмі добра быў прадстаўлены іншы накірунак дзейнасці музея – навукова-даследчы.

У канцы 1931 года пачаліся земляныя працы па зніжэнні ўзроўню надворка Старога замка, якія сталі пачаткам сенсацыйных для гісторыі Гродна адкрыццяў. Былі знойдзены рэшткі каменных пабудоў ХІІ ст. – княжацкага хорама і царквы, што стала яшчэ адным доказам старажытнасці нашага горада. Іх даследаванне здзяйсняў Ю.Ядкоўскі як адзіны на той момант у Гродне спецыяліст у галіне археалогіі і архітэктуры.

На жаль, Ю.Ядкоўскі недастаткова добра валодаў методыкай археалагічных даследаванняў і зрабіў шэраг памылак, якія значна паўплывалі на навуковую вартасць адкрыццяў. Тым не менш нельга замоўчваць яго ролю першага даследчыка, які прыцягнуў увагу грамадскасці да старажытных помнікаў Гродна. У канцы 1933 года кіраўніцтва працамі на Старым замку перайшло да Камітэта ўшанавання памяці Стэфана Баторыя. Па яго ініцыятыве Ю.Ядкоўскі быў зняты з пасады кіраўніка раскопак на Замкавай гары, а замест яго прызначаны З.Дурчэўскі.

 

 

 


Даследаванні на Замкавай гары сталі сенсацыяй у навуковым свеце. Так адзін з артыкулаў, напісаны кансерватарам В.Кешкоўскім і прысвечаны раскопкам у Гродне, меў назву “Гродна – сярэднявечная Троя”. А рускі даследчык А.В.Салаўёў пісаў у 1935 годзе, што раскопкі Ю.Ядкоўскага адкрылі ўнікальныя помнікі XII ст. і вырашылі на карысць сучаснага Гродна пытанне аб знаходжанні летапіснага Гарадзена.

Вынікі археалагічных даследаванняў пашырылі ўяўленне аб гісторыі Гродна. Цяпер вылучаўся і польскімі навукоўцамі перыяд “рускай” гісторыі горада. Знойдзеная Ніжняя царква адназначна была праваслаўнай, што яшчэ раз пацвярджала факт з’яўлення праваслаўя на гэтых землях раней за каталіцызм. Гэта не ўкладвалася ў польскі погляд на гісторыю краю. Нават калі дакладна было вядома, што знайшлі непольскія пабудовы, М.Ліманоўскі так піша пра мінулае Гродна: “Мы знаходзімся на Замкавай гары, якая хавае ў сабе таямніцы. За святыняй мусіць быць дзядзінец, далей дамы баяраў. У гэтым рускім месцы, напэўна, будзе адкрыта лацінская капліца. Калі ў Львове польскія князёўны збудавалі сабе рымскую святыню, чаму б тады ў гэтых часах якая-небудзь польская князёўна не звязала б свой лёс з гродзенскай дынастыяй, збудавала б рымскі санктуарыум і пасылала б малітвы, каб братнія народы Русь і Польшча не ваявалі, а захацелі служыць спакою, будуючы мост як у казцы: Каляровага Усходу і Тэхнічнага Захаду”.

Вынікі раскопак на Замкавай гары сталі нечаканымі для самога Ю.Ядкоўскага. У яго ўяўленні аб гісторыі і культуры Гродзеншчыны яны ўкладваліся не цалкам. З аднаго боку, яны даказвалі старажытнасць горада. Ю.Ядкоўскі лічыў, што Гродна фарміруецца ў XI ст. З другога боку, у сваёй працы “Grodno” ён пісаў, што меркаванне аб валоданні горадам у XII ст. удзельнымі рускімі князямі памылковае, а даследаванні паказалі адваротнае.

Тым не менш ён меў шырокія погляды на гісторыю Гродна. Доказам гэтага стала даследаванне Ю.Ядкоўскім Барысаглебскай ці Каложскай царквы. Такім чынам, гродзенскі музей у асобе дырэктара далучыўся да захавання самага старажытнага архітэктурнага помніка Гродна.

У 1934 годзе былі заўважаны расколіны ў сценах царквы і вырашана арганізаваць спецыяльны Камітэт па аднаўленні святыні на Каложы. У склад яго ўвайшоў Ю.Ядкоўскі. Задачай камітэта ў першую чаргу было ратаванне царквы, таму неабходна было правесці яе даследаванне.

У сваёй кнізе, прысвечанай Каложскай царкве, Ю.Ядкоўскі распавядае не толькі аб выніках археалагічных даследаванняў яе падмуркаў, але і гісторыю самой царквы і манастыра. Даследчык робіць выснову аб тым, што Каложская царква не зведала пажару ад маланкі ў 1183 годзе, таму што слядоў гэтага ён не знайшоў. Але на святыні, адкрытай на Замкавай гары ў 1932 – 1933 гг. (мае на ўвазе царкву ХІІ ст., вядомую як Ніжняя), сляды пажару ёсць у выглядзе спаленага напалову парога, вялікіх кавалкаў вугля і іншых прадметаў. І гэта можа пацвердзіць тое, што звесткі аб спаленай царкве ў Іпацьеўскім летапісе пад 1183 годам тычацца менавіта святыні на Замкавай гары. У выніку гэтыя факты становяцца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што летапісны Горадзен з’яўляецца сучасным Гродна, але сам даследчык не называе гэтага факта.
Даследаванні Барысаглебскай царквы, праведзеныя Ю.Ядкоўскім у 1935 годзе, пашырылі навуковыя ўяўленні аб архітэктурных асаблівасцях і гісторыі помніка. Акрамя таго ён звяртаў увагу ўлад і грамадскасці на неабходнасць правядзення прац па ўмацаванню схілаў плато, на якім знаходзіцца царква, бо рэшткам святыні пагражае разбурэнне. Праца Ю.Ядкоўскага, прысвечаная Барысаглебскай царкве, да сённяшняга часу з’яўляецца адзіным манаграфічным выданнем па гісторыі гэтага ўнікальнага помніка Беларусі.

Археалагічная дзейнасць Ю.Ядкоўскага ў Гродне стала адной з крыніц пашырэння яго ўласнага светапогляду на гісторыю гэтых зямель. Гэта змена павінна была праявіцца ў экспазіцыі музея, але даследчык быў адхілены ад кіраўніцтва раскопкамі і выехаў з Гродна.

Пасля аднаўлення Польшчы, ў адпаведнасці з указам 1918 года аб ахове помнікаў гісторыі і культуры, пры Міністэрстве веравызнання і асветы ў 1920 годзе быў створаны Камітэт кансерватараў дагістарычных старажытнасцей — дзяржаўная ўстанова, якая павінна была ахоўваць і вывучаць археалагічныя помнікі. Да 1926 года Камітэт кансерватараў узначальваў прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Уладзімір Антаневіч, затым — дацэнт Раман Якімовіч. Было створана сем кансерватарскіх акруг, у кожную з якіх уваходзілі па два ваяводствы, гэта значыць 35-40 паветаў. Кансерватарам усходніх ваяводстваў (Заходняя Беларусь і Валынь) быў прызначаны Людвіг Савіцкі — спецыяліст па вывучэнні помнікаў эпохі каменя. У 1927 годзе ўрад скараціў пасаду кансерватара ўсходніх ваяводстваў, тэрыторыя якіх увайшла ў распараджэнне варшаўскага кансерватара Р.Якімовіча. Дзяржаўная служба аховы археалагічных помнікаў не была дастаткова мабільнай. 3-за недахопу сродкаў і часу нешматлікі калектыў кансерватараў (у 1928 г. іх налічвалася пяць) не заўсёды мог аператыўна рэагаваць на паступаючыя звесткі аб разбурэнні археалагічных помнікаў [41, с. 83]. Менавіта гэта паўплывала пазней і на стан раскопак Ю.Ядкоўскага ў Гродне.

Паспяховаму выкананню мерапрыемстваў па ахове перашкаджала таксама прыватная ўласнасць на зямлю. Лёс археалагічных помнікаў, асобных знаходак і скарбаў часта залежаў ад волі ўладальнікаў зямельных участкаў, на якіх яны былі знойдзены. Так, напрыклад, дастаткова было згоды старасты і ўладальніка зямлі, каб пачаць раскопкі на Шведскай гары ў Ваўкавыску. У 1920 годзе Ю.Ядкоўскі становіцца кіраўніком Бюро дзяржаўнай апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гродне і Гродзенскім павеце. Ён вядзе перапіску з кансерватарам беластоцкага ваяводства для вырашэння шматлікіх праблем, без якіх не абыходзілася праца абаронцы помнікаў гісторыі і культуры. Гэта перапіска вялася паміж гродзенскім музеем у асобе дырэктара і рознымі ўстановамі ці прыватнымі асобамі.

Юзаф Ядкоўскі з 1922 года займае пасаду кансерватара Беластоцкай акругі і кіраўніка аддзела мастацтва і культуры ў Беластоцкім ваяводстве. Адным з абавязкаў кансерватара было распаўсюджанне інфармацыі аб нерухомых помніках гісторыі і культуры, якія ахоўваюцца дзяржавай. Ю.Ядкоўскі ад імя Дырэкцыі музея піша лісты з указаннем помнікаў Гродзенскага павета ў розныя ўстановы з просьбай паведамляць аб парушэннях ў дачыненні рухомых і нерухомых помнікаў каменданту дзяржаўнай паліцыі, рэгіянальнаму архітэктару і інш.

Ю.Ядкоўскі прымаў актыўны ўдзел у справе рэстаўрацыі шматлікіх помнікаў Гродна і Гродзенскага павета. У 1919-1929 гг. ён быў ініцыятарам справы рэстаўрацыі Аўгустоўскага палаца XVIII ст., які быў пабудаваны для Станіслава Аўгуста Панятоўскага – апошняга караля Рэчы Паспалітай. Палац XVIII ст. быў зруйнаваны ў час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе. У 1919 годзе збіраецца камісія ў складзе раённага архітэктара Мікалая Перавоза, дырэктара Музея ў Гродне Ю.Ядкоўскага і з удзелам палкоўніка Цярэнція О'Браена дэ Ласі, уладальніка палаца. Пасля агляду будынка камісія прышла да высновы, што такі помнік вымагае ратавання, асабліва сярэднія рызаліты, аздобленыя манаграмай караля. Для гэтага патрабавалася каля 12000 злотых. У 1923 годзе беластоцкі ваявода просіць прыгатаваць інвентарызацыйныя аркушы з мэтай далучэння палаца да інвентара дзяржаўных помнікаў. Справа адбудовы палаца зацягнулася. Прычынай гэтаму сталі непаразуменні паміж уладальнікамі. У 1928 годзе палкоўнік О’Браен дэ Ласі высякае самыя старыя ліпы ў парку, разбірае на цэглу прыбудовы больш позніх часоў, тое самае плануе зрабіць і з палацам і паведамляе Ю.Ядкоўскаму, што “ў ніякія сантыменты граць не мае намеру”. Праўда, дэ Ласі збіраўся пакінуць сярэднюю частку палаца з гербам, прадухіліць далейшае яе разбурэнне, але выкарыстаць у якасці ўвахода ў парк. Таму Ю.Ядкоўскі звяртаецца за дапамогай да акруговага кансерватара ў Варшаве, каб спецыялісты выканалі абмеры галоўнага фасада палаца. Можна меркаваць, што сталічныя кансервацыйныя ўлады станоўча паўплывалі на ход рэканструкцыі, бо ў маі 1928 года Ц. О’Браен дэ Ласі збіраецца ўжо адбудаваць палац з захаваннем усіх яго асаблівасцей на падставе прамераў, якія захаваліся з даваенных гадоў. Аднак ён просіць аб дапамозе ў 5000 злотых і доўгатэрміновы крэдыт у 12000 злотых, удакладняючы, што адбудова знешняга выгляду палаца вымагае каля 25 тыс. злотых, не лічачы ўласных матэрыялаў. О’Браен дэ Ласі ўсе гэтыя просьбы да кансерватара перадае праз Ю.Ядкоўскага, які звяртаецца з лістом у Варшаву. Гэты ліст быў не апошні, сродкі не паступалі, і Ю.Ядкоўскі быў вымушаны не раз пісаць да кансерватара. Палац Панятоўскага, перажыўшы адну сусветную вайну, напрыканцы наступнай быў зруйнаваны (1944 г.).

У 30-х гадах ХХ ст. Ю.Ядкоўскі займаўся рэстаўрацыяй палаца ў Свяцку. Захавалася толькі некалькі дакументаў аб гэтай справе. З іх вынікае, што ў гэты час у палацы, які выкарыстоўваўся як шпіталь, праводзіліся працы па аднаўленні паліхроміі. Ю.Ядкоўскі піша ліст да галоўнага кансерватара помнікаў мастацтва Вітольда Кешкоўскага. У лісце змешчана просьба паўплываць на выдзяленне крэдыту для прац па аднаўленні.

 

 



Вядома, што ў міжваеннай Польшчы панавалі антысеміцкія настроі. Асабліва моцнымі яны сталі ў 1930-я гады. Паводле дактрыны Р.Дмоўскага, яўрэі для палякаў уяўлялі расава варожы элемент. Яны не павінны былі мець выбарчага права, займаць дзяржаўныя пасады і выконваць вайсковую службу. У палітычнай практыцы гэта дактрына паўплывала на погляды жыхароў Польшчы, робячы з іх антысемітаў.

У 1920-я гады антысеміцкія настроі не былі настолькі моцнымі. У гэты час Ю.Ядкоўскі займаўся пытаннем рэстаўрацыі ўрэнкадэшу (алтара) сінагогі ў мястэчку Воўпа. Прадстаўнікі кіраўніцтва яўрэйскай гміны мястэчка звярнуліся з просьбай аб рэстаўрацыі да ваяводы. У лісце да Ю.Ядкоўскага ён піша аб тым, што патрэбны кваліфікаваны рэстаўратар з Варшавы, а працы будуць цалкам аплачаны кіраўніцтвам гміны. Ю.Ядкоўскі добра ведаў стан сінагогі ў Воўпе, таму што ў 1922 годзе яна была ўнесена ў спіс помнікаў, якія ахоўвае дзяржава, і знаходзілася пад апекай дырэктара музея. Сінагога з’яўлялася помнікам драўлянага дойлідства XVII ст. Гродзенскае староства прапанавала гміне разабраць урэнкадэш на часткі і перавезці ў Варшаву для рэстаўрацыі спецыялістамі пад надзорам З.Ракоўскага, кансерватара беластоцкага ваяводства. Гэта вымагала не так шмат сродкаў у адрозненне ад другога варыянта – прыезду спецыялістаў у Воўпу. Ю.Ядкоўскі павінен быў прысутнічаць пры ўпакоўцы помніка. Але перавоз урэнкадэшу не адбыўся, і прадстаўнікі яўрэйскай гміны яшчэ не раз звярталіся за дапамогай. Дакументаў аб канчатковым лёсе ўрэнкадэшу няма, таму невядома, ці быў ён адрэстаўраваны. Сінагога была зруйнавана падчас Другой сусветнай вайны.

Музей не акцэнтаваў увагу на рэлігійнай прыналежнасці помніка. Дапамога ў ратаванні іўдзейскай спадчыны Гродзеншчыны чарговы раз пацвярджае разуменне супрацоўнікамі музея яе каштоўнасці. Не ставілася пытанне аб польскасці ці няпольскасці помніка, а ішла дапамога па афіцыйнай просьбе.

Ю.Ядкоўскі надаваў вялікую ўвагу рэстаўрацыі каталіцкіх храмаў. На пасяджэнні Камісіі апекі над помнікамі мастацтва і культуры 1 чэрвеня 1920 года была распачата справа рэстаўрацыі касцёла ў Вялікай Бераставіцы Гродзенскага павета, які быў пабудаваны на сродкі Гераніма Хадкевіча ў XVII ст. Справа рэстаўрацыі зацягнулася, нягледзячы на тое, што Ю.Ядкоўскі паведамляў аб касцёле кансерватару ў Варшаве.

У 1934-1935 гг. дырэктар музея зноў займаўся рэстаўрацыяй касцёла ў Вялікай Бераставіцы. У мястэчку было два касцёлы: новы парафіяльны, у якім адбываліся службы, і стары, пра які і пісаў Ю.Ядкоўскі. Ён лічыў, што варта перанесці службы ў стары прыгожы касцёл, які спачатку трэба адрэстаўраваць. Праўда, уладальнікі Бераставіцы, сям’я Касакоўскіх, выступала супраць пераносу службы. Ю.Ядкоўскі прапанаваў ім зрабіць сваім фамільным маўзалеем новы касцёл, але яны не згаджаліся. Ён звяртаецца да кансерватара Ю.Клюса з просьбай паўплываць на аднаўленне старога касцёла, у якім знаходзяцца каштоўны алтар і скульптуры ў стылі ракако. У далейшай перапісцы з кансерватарам Ю.Ядкоўскі ўказвае на неабходнасць кансервацыі будынка касцёла. Асабліва пашкоджаным быў гонтавы дах касцёла. Ю.Ядкоўскі просіць аб грашовай дапамозе, таму што парафія невялікая (трохі больш за 1500 чалавек), і назбіраць патрэбную суму грошай немагчыма. У 1935 годзе пачаліся працы па кансервацыі касцёла. Спачатку быў запрошаны павятовы архітэктар С.Грахоўскі з мэтай агледзець будынак і даць тэхнічныя парады ў справе ратавання сцен ад разбурэння, а таксама па рамонце даху. У выніку пробашч касцёла атрымаў 500 злотых на кансервацыю будынка, былі праведзены працы па рамонту даху касцёла. Сцены касцёла Візітацыі Дзевы Марыі захаваліся да сённяшняга часу, але будынак па-ранейшаму патрабуе значных рамонтна-рэстаўрацыйных работ.

Адной са сфер дзейнасці музея было аднаўленне, адкрыццё і стварэнне помнікаў вядомым асобам і падзеям. Напрыклад, да музея звярнуўся кіраўнік школы ў Мастах з просьбай аб устаноўцы памятнай дошкі на магіле паўстанцаў 1863 года ў маёнтку Міхайлаўка. Ю.Ядкоўскі згадзіўся дапамагчы, калі не будзе супраць уладальнік маёнтка. У 1935 годзе на магіле быў пастаўлены помнік, запрашэнне на яго адкрыццё было даслана ў музей.

У 1934 годзе Ю.Ядкоўскі прымаў удзел у арганізацыі адкрыцця помніка невядомаму жаўнеру ў Вялікай Бераставіцы. Ён рассылаў запрашэнні, у тым ліку кансерватару помнікаў мастацтва Юзафу Клюсу.

Ю.Ядкоўскі цікавіўся не толькі помнікамі Гродзенскага павета. Падчас стварэння помніка Адаму Міцкевічу ў Вільні ў 1924 годзе ён дасылае мастацкаму аддзяленню Віленскага ўніверсітэта фотаздымак помніка паэту, які ён знайшоў у Румянцаўскіх зборах у Маскве.

 

 


Ю.Ядкоўскі займаўся рэстаўрацыяй помніка Яну і Цэцыліі, які знаходзіцца ў в. Багатырэвічы на беразе Нёмана. Прыгожая легенда пра заснавальнікаў роду Багатырэвічаў апісана Элізай Ажэшка ў рамане “Над Нёманам”. У музеі захоўваецца перапіска Ю.Ядкоўскага з рознымі ўстановамі па пытанні рэстаўрацыі помніка ў 1934-1935 гг. Рэстаўрацыяй помніка займаўся скульптар-самавучка Багдан Болдак, якога Ю.Ядкоўскі ведаў даўно. Дзякуючы намаганням многіх людзей – кансерватара мастацкіх помнікаў Ю.Клюса, павятовага інжынера-архітэктара С.Грахоўскага, памочнікаў скульптара студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, – 18 мая 1935 года ў Багатырэвічах, падчас урачыстасцей з нагоды 25-ай гадавіны смерці Элізы Ажэшка, усе прысутныя сталі сведкамі адраджэння помніка Яну і Цэцыліі. Старая скульптура была перададзена ў фонды гродзенскага музея. Фрагменты яе можна бачыць у экспазіцыі Старога замка.

У сферы дзейнасці музея была не толькі ахова помнікаў архітэктуры, але і помнікаў садова-паркавага мастацтва. У 1928-1929 гг. Ю.Ядкоўскі піша аб знішчэнні парка ў маёнтку Галавачы (раней належаў Чачотам) Гродзенскага павета. Новы ўладальнік маёнтка А.Матушынскі пачаў вырубку старых туй і лістоўніц, якія раслі ў англійскім парку – самым значным на той час у павеце. У парку была адзіная ў павеце яловая алея, якая ахоўвалася дзяржавай. Ю.Ядкоўскі просіць гродзенскага старасту прадухіліць вырубку парка і пералічвае артыкулы парушэння заканадаўства. Стараста накіроўвае ўладальніку маёнтка адпаведны зварот са спасылкамі на закон аб ахове помнікаў.

З падобным лістом Ю.Ядкоўскі звяртаецца да старасты ў дачыненні да парка маёнтка Забалаць-Русота Верцялішскай гміны Гродзенскага павета. Новы ўладальнік збіраўся высечы ліпавыя алеі ў гэтым парку, які раней належаў Храптовічам. Ю.Ядкоўскі просіць даслаць ўладальніку маёнтка паведамленне з пералічэннем парушэнняў заканадаўства.
У 1934 годзе быў знішчаны парк у маёнтку Ляхнаў у Індурскай гміне. У ім засталося толькі некалькі некранутых алей, менавіта іх імкнуўся ўратаваць Ю.Ядкоўскі. Былі яшчэ дзве каменныя паркавыя скульптуры, якія таксама трэба было ратаваць. Ю.Ядкоўскі звяртаецца да старасты, каб прадухіліць злачынства.

Трэба адзначыць, што гэтыя паркі не захаваліся. Засталіся толькі невялікія фрагменты былых багатых садова-паркавых ансамбляў.

Музеем пастаянна праводзілася навукова-кансультацыйная дзейнасць. Так Ю.Ядкоўскі шукаў ў фондах музея па просьбах старастаў, школьных настаўнікаў і іншых зацікаўленых асоб інфармацыю пра касцёлы і розныя старыя будынкі. Ён склаў гістарычныя даведкі пра касцёлы ў Жыдомлі, Радзівонавічах, пра будынак “Сукенніца” ў Вялікай Бераставіцы, мястэчка Лунна, Пакроўскі сабор у Гродне і шэраг іншых.
Музей – гэта ўстанова, якая не толькі збірае і захоўвае інфармацыю, але і трансліруе яе ў грамадства, і таму асвета становіцца вядучай часткай яго дзейнасці. Самая пашыраная частка асветніцкай дзейнасці – экскурсіі па музеі. Але адзіны супрацоўнік музея не мог шырока займацца правядзеннем экскурсій. Яны адбываліся толькі ў вызначаныя дні тыдня па папярэдняй дамоўленасці з Ю.Ядкоўскім.

Музей спрабаваў спалучаць асветніцкую дзейнасць з навуковай. Так у 1925 годзе ў павятовыя школы былі разасланы спецыяльныя анкеты для збору тапаграфічных дадзеных пра мясцовасць. У іх павінны былі заносіцца звесткі пра мястэчка, вёску ці хутар (геаграфічнае палажэнне, гісторыя, помнікі і г.д.). У выніку гэтыя анкеты станавіліся выдатным матэрыялам па гісторыі Гродзеншчыны.

Асветніцкая дзейнасць праяўлялася ў супрацоўніцтве з рознымі ўстановамі культуры і адукацыі. Ужо ў першы год існавання музея быў створаны праект арганізацыі Таварыства сяброў Музея ў Гродне. З прычыны ўмяшання з боку бяздзейснага Таварыства сяброў навук у Гродне, яно павінна было ўвайсці ў склад апошняга як секцыя. Аднак Таварыства сяброў навук і яго музейная секцыя пасля некалькіх сходаў, якія прайшлі пры вельмі слабым удзеле ініцыятараў і прадстаўнікоў мясцовага грамадства, не сталі жыццяздольнымі. Рабіліся спробы прывесці ў рух Гродзенскі аддзел Польскага краязнаўчага таварыства, які таксама меў на мэце аказанне дапамогі музею. Вынікам стала “Выстава прац экспедыцыі Польскага краязнаўчага таварыства (Гродзенскі аддзел) “Гродна і Гродзенскі павет”, арганізаваная ў прыватным памяшканні, таму што яе характар зусім не адпавядаў задачам Краязнаўчага таварыства, а яшчэ менш – музея.
Адзін з аспектаў асветніцкай дзейнасці – гэта пашырэнне ведаў пра гісторыю Гродна сярод грамадскасці. Ю.Ядкоўскі быў запрошаны Варшаўскім палітэхнічным інстытутам з выступленнем аб адкрыццях на Замкавай гары ў Гродне і калекцыі керамікі, якая захоўваецца ў музеі. Начальнік паліцыі Гродзенскага павета ў 1930 г. звяртаўся да дырэктара музея з просьбай напісаць брашуру пра помнікі і гісторыю Гродна для азнаямлення ўсіх паліцэйскіх.

Нам няшмат вядома пра працу музея пасля 1937 года, калі Ю.Ядкоўскі пакідае пасаду дырэктара і ад’язджае ў Варшаву. Наступным кіраўніком музея стаў Мар’ян Мяшчынскі. Можна меркаваць, што ён праводзіў досыць актыўную дзейнасць. Так у снежні 1938 года ён піша ліст у гродзенскі аддзел Польскага гістарычнага таварыства, каб запрасіць дэлегата ад гэтай установы на інфармацыйна-справаздачны сход у Старым замку. Такія лісты былі накіраваны і ў іншыя ўстановы, зацікаўленыя ў справе развіцця і дзейнасці музея. Падчас сходу планавалася заслухаць справаздачу аб дзейнасці музея ў 1937-1938 гг., рэферат М.Мяшчынскага “Задачы рэгіянальных музеяў”, план будучай дзейнасці і паведамленне аб дабрачынных ахвяраваннях на музей.

Пасада М.Мяшчынскага азначалася як кіраўнік музея, а не дырэктар ці кусташ, як раней указвалася пасада Ю.Ядкоўскага. Магчыма, гэта звязана з тым, што М.Мяшчынскі ўжо не выконваў функцыі кансерватара, як гэта рабіў яго папярэднік. М.Мяшчынскі быў апошнім кіраўніком польскага Музея ў Гродне.

1 верасня 1939 года пачынаецца Другая сусветная вайна, але для Заходняй Беларусі больш важнай падзеяй стала дата 17 верасня 1939 г., калі Чырвоная Армія рушыла праз польска-савецкую мяжу. 20-21 верасня Гродна быў заняты Чырвонай Арміяй.

Падчас баёў у Гродне экспазіцыя музея была пашкоджана, супрацоўнікі наводзілі ў ёй парадак. Салдаты Чырвонай Арміі забралі з музея частку мэблі, пішучую машынку, тэлефонныя апараты.

У лютым 1940 года музей, згодна пастанове Беластоцкага абласнога выканаўчага камітэта (БАВК), быў перададзены Упраўленню мастацкіх спраў з мэтай арганізацыі мастацкага музея. Аддзел мастацтва БАВК прызначыў дырэктарам музея М.І.Крынскага. Аднак афіцыйная перадача музея не адбылася, таму што М.Мяшчынскі ўцёк у невядомым кірунку.
Праз месяц дырэктарам новастворанага мастацкага музея ў Беластоку быў прызначаны А.М.Бяльковіч, а гродзенскі музей быў перададзены пад яго кіраўніцтва. Памяшканні музея некалькі месяцаў выкарыстоўваліся як склад, у які прывозілі з сядзібаў канфіскаваныя карціны.

У чэрвені 1940 года камісія пад кіраўніцтвам А.М.Бяльковіча складала спіс экспанатаў музея, праводзіла прыняцце фондаў музея. Было прынята 34.172 прадметы, у тым ліку 14.356 кніг, 15.722 манеты і 334 карціны. У гэты склад не ўвайшлі новыя прадметы, таму мы маем уяўленне аб фондзе даваеннага музея. Гэта былі багатыя і разнастайныя мастацкія калекцыі, культавыя прадметы, нумізматыка і інш. Выдатныя фонды сабраў музей на працягу амаль 20 гадоў.


У верасні 1940 г. музей быў перайменаваны ў Гродзенскі дзяржаўны гістарычны музей. Гэта азначала не проста змену шыльды. Карэнным чынам мянялася адукацыйна-выхаваўчая і прапагандысцкая дзейнасць установы. “Калектыў навуковых супрацоўнікаў будучага савецкага музея ставіць сабе за мэту зрабіць з яго сучасную навукова-даследчую і палітычна-асветніцкую ўстанову, зрабіць з яго ўстанову для выхавання сярод мас савецкага патрыятызму, пры дапамозе яго экспазіцыі прапагандаваць сярод рабочых мас навуковыя марксісцка-ленінскія веды”. Музей становіцца цалкам установай для прапаганды савецкай ідэалогіі, а навуковая праца адыходзіць на другі план.

Музей у 1939-1941 гг. стварыў новую пастаянную экспазіцыю і праводзіў выставы цалкам ідэалагічнага зместу. Пашыраецца штат супрацоўнікаў, але ў дзейнасці музея ў гэты час не было стабільнасці. Так на працягу трох гадоў змянілася шэсць дырэктараў. Вядома, частая змена кіраўніка ўстановы не на карысць справе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны музейныя экспазіцыі былі зачынены, але значных фондавых страт не адбылося. Страты адбыліся пасля вайны, калі частку фондаў музея перадалі іншым музеям БССР і Польшчы.

У гады вайны супрацоўнікі музея займаліся аховай збораў, іх сістэматызацыяй. Вядома, што захавальнікам фондаў быў тады Браніслаў Шушкевіч. За супрацоўніцтва з Арміяй Краёвай ён быў арыштаваны ў канцы 1943 года і загінуў у канцлагеры Штутгаф. На жаль, ваенны перыяд у гісторыі музея застаецца недаследаваным і чакае распрацоўкі.

Scroll to top