Забудова гродзенскіх вуліц Чкалава і Асіпенкі дасюль не звяртае на сябе ўвагі даследчыкаў архітэктуры і гісторыкаў. Між тым акурат у гэтым раёне знаходзіцца так званая «Настаўніцкая калонія», знакамітая адразу некалькімі жылымі, гаспадарчымі і грамадскімі будынкамі, узведзенымі ў стылі «драўлянага канструктывізму».

 1920-я – 1930-я гады – час, калі Гродна было часткай Польскай рэспублікі, так званай Другой Рэчы Паспалітай. І хаця Гродна ў Беларусі, таксама як і Львоў на Украіне ці Вільня ў Літве, лічыліся цэнтрамі польскай культуры на «Усходніх Крэсах», людзей, якія маглі б гэтую польскую культуру ў нашым горадзе прэзентаваць, было насамрэч вельмі нямнога. У Гродне не было універсітэта, ніякіх інстытутаў ці буйных навуковых і культурна-асветныя цэнтраў. Апрача невялікай колькасці настаўнікаў, лекараў і інжынераў асноўную масу польскага насельніцтва горада складала даволі абыякавае да нацыянальных спраў мяшчанства каталіцкага веравызнання, якому проста выгадна было быць польскім у тагачаснай сітуацыі. Культурнае жыццё горада трымалася галоўным чынам на такіх выдатных інтэлігентах мясцовага паходжання як Юзаф Ядкоўскі, Ян Каханоўскі, Станіслаў Жыўна, якія заклалі культурныя і асветныя ўстановы, што існуюць у Гродне да сённяшняга дня – заапарк, гісторыка-археалагічны музей і музей прыроды.

Фрагмент карты Гродна 1937 года
з раёнам сучасных вуліц
Чкалава-Асіпенкі-Лермантава -
так званая Настаўніцкая калонія

Толькі ў сярэдзіне 1930-х гг. польскі ўрад пачаў рэалізоўваць мерапрыемствы, якія спрыялі больш інтэнсіўнаму развіццю адукацыі. Менавіта тады на месцы былой крываватай вуліцай Глінянай была закладзена вуліца Жвіркі і новая вуліца Вігуры – у гонар двух польскіх лётчыкаў, якія ў 1929 годзе абляцелі ўсю Еўропу і загінулі у 1932 г. Раён гэтых вуліц атрымаў назву «Настаўніцкая калонія» і быў пабудаваны па спецыяльным комплексным праекце.

Асновай калоніі стала ўзведзеная пры вуліцы Базыліянскай (цяпер Лермантава) агульная школа №8 (цяпер спецыяльная школа №4). А крыху пад горкай, у раёне вуліц Жвіркі і Вігуры пабудавана каля дзесяці (сёння ацалела восем) драўляных будынкаў для настаўнікаў новай школы і ўсяго горада. Некалькікватэрныя драўляныя будынкі, якія старэйшыя гарадзенцы з-за іх незвычайнага выгляду называюць «жыдоўскімі» дамамі былі зручным жытлом з вялікай колькасцю светлых пакояў, сонечнымі верандамі і аформленымі разьбой па дрэве ці мураванымі ганкамі. Спалучэнне некалькіх кубічных ці прамавугольных аб’ёмаў розных памераў прыдае гэтым будынкам незвычайны, вельмі сучасны ў параўнанні з навакольнымі класічных формаў будынкамі, выгляд. Унікальнасць комплекса ў тым, што ўсе ўзведзеныя ў стылі канструктывізму будынкі драўляныя. Выпадкі выкарыстання дрэва ў якасці будаўнічага матэрыялу для пабудоў у такім сучасным для першай паловы ХХ ст. стылі, як канструктывізм, вельмі рэдкія і сустракаюцца толькі на тэрыторыі былой міжваеннай Польшчы, у прыватнасці ў Заходняй Беларусі і Украіне. Наяўнасць жа цэлага комплекса такіх будынкаў – адзінкавы выпадак, які прыдае забудове вуліц Жвіркі і Вігуры архітэктурную каштоўнасць еўрапейскага маштабу.

Пасля Другой Сусветнай вайны будынкі працягвалі служыць людзям. Пастаянныя дабудовы (асабліва ўзвядзенне верандаў і ганкаў, замена аканіц і інш.) змянілі выгляд некаторых дамоў, пераўтвараючы іх у аднастайныя «каробкі». Адсутнасць пастаянных гаспадароў, рамонты на сучасны лад (усталяванне шклопакетаў і інш.), прывялі да таго, што будынкі выглядаюць надзвычай занядбана. Тым не менш, хочацца спадзявацца, што большая частка ацалелых дамоў былой Настаўніцкай калоніі дажыве да таго дня, калі гэтыя каштоўныя помнікі драўлянай архітэктуры дачакаюцца паўнавартаснага рамонту.

Асіпенкі №4

Спецыяльная школа №4, вул. Лермантава 31

Асіпенкі №1/1

Асіпенкі №3

Мабыць найлепш захаваны з жылых будынкаў былой
настаўніцкай калоніі, вул. Асіпенкі №4

Чкалава №5

Чкалава №6, аб'ём будынка знявечаны закрытым балконам на другім паверсе

Чкалава №8

Чкалава №11, Асіпенкі №1

Чкалава №13, будынак моцна зменены верандамі і закрытым балконам на другім паверсе,
знаходзіцца на мяжы разбурэння

Scroll to top
Website Security Test