Рэдакцыя: Сталы аўтар (яшчэ тут і тут) harodnia.com, Сцяпан Стурэйка, сёння прадставіў на суд грамадскасці свой новы твор у незвычайным фармаце "іранічна-фантастычнай гісторыі" пра абаронцаў спадчыны.

У кніжцы, выдадзенай “Тваім стылем”, знаёмы нам гарадзенскі свет перакручваецца, а фантастыка робіцца ці не сапраўднейшай за рэальнасць. Даўным-даўно, у далёкай-далёкай, але вельмі падобнай да нашай галактыцы, на амаль ідэнтычнай планеце ў памежным горадзе Нёман, на берагах ракі Кронан, адбываліся неверагодныя рэчы…

 Вокладка кнігі Сцяпана Стурэйкі -

З кнігі Сцяпана Стурэйкі “Разрушыцель” мы даведаемся, што насамрэч хаваецца пад паняццем аховы спадчыны, дзе шукаць зніклыя ў мінулым Нёманскія помнікі, якія ёсць сакрэтныя пратаколы да Венецыянскай хартыі ды хто ва ўмовах памежжа можа стаць deus ex machina.

“Разрушыцель” гэта кароткае і даволі прыемнае чытво, якое добра пасуе для нудных паездак у маршрутках. Не варта ўспрымаць аповесць з усёй сур’ёзнасцю – хаця яна і закранае важныя ды балючыя для гарадзенцаў праблемы, варта заўважыць аўтарскую іронію датычна ўсіх герояў.

У той час, калі многія звышдраматызуюць і пагружаюцца ў змрочныя думкі пра будучыню нашай спадчыны, Сцяпан прапануе пасмяяцца з саміх сябе, расслабіцца, уявіць іншую рэальнасць. Ён не папракае за залішнюю наіўнасць, але наадварот, перакручвае наш свет, паказваючы фантастыку і фікцыю больш рэальнай за саму рэальнасць. Халадзееш, калі прачытваеш фрагмент: “Проста гэта ваш апошні шанец убачыць горад такім, якім ён насамрэч ёсць”.
Пра што ж аповесць? Групка маргіналаў-гісторыкаў змагаецца за старыя гарадскія развалюхі з прывідным і няўлоўным разрушыцелем, але, як бывае ў жыцці, у выніку перамагае бабло. Гэта калі ў двух словах. Да гэтага традыцыйнага гарадзенскага сюжэту ён дадае амаль казачныя элементы – і сапраўды, чым “Разрушыцель” не казка? Крыху страшная, але павучальная ды забаўляльная адначасова.

13 частак (ці выпадковая лічба?) аповесці дапаўняюць выбітныя ілюстрацыі гарадзенкі Наталлі Клімовіч.

Аляксей Шота

Спампаваць кнігу ў фарматах epub, mobi, fb2 і pdf можна тут.

Scroll to top