“Сэрцам да неба” – здаецца, так з лацінскага гучаць гэтыя некалькі сціплых словаў,  напісаныя перад гарадзенскім Фарным касцёлам. Сваечасовая парада, асабліва, калі трэці раз запар сядаеш пісаць in memory...

Сыход Уладзіміра Юр’евіча Анісімава – былога галоўнага гарадзенскага архітэктара, ужо абмяркоўваецца ў сеціве. Не дзіва, што ягоная смерць не сталася падзеяй надзвычайнай і патрапіла ў лік навін, аб якіх узгадваюць пры нагодзе. Па-першае, чалавек –  з “былых”, толькі што амаль незаўважальна ён сышоў са сваёй пасады. Па-другое, памёр далёка ад Гродна. Афіцыйныя старонкі на гэтую тэму маўчаць, прынамсі пакуль…

Аднак, што кінулася ў вочы. Допісы на S13, дзе чытачы не заўсёды адрозніваюцца паліткарэктнасцю, на гэты раз вельмі аднолькавыя: спачуванне, “на жаль”, “шкада”, і вельмі шчырыя. Можа памыляемся, але так надзвычай узгадваюць людзей, чыя станоўчыя якасці былі відавочны. На жаль, мы не з іх ліку…

Не, не, зразумела, “аб памерлых толькі добрае, ці нічога”. І мы чулі гэтыя добрыя словы ад нашых знаёмых, якія ведалі Уладзіміра Юр’евіча пры жыцці, яшчэ тады, калі ён разам з заўзятарамі гарадзенскай мінуўшчыны выказваўся ў абарону гістарычнай спадчыны Гродна. Але, мы чулі і іншыя словы – пад час выступлення галоўнага архітэктара на “круглым стале” з нагоды  “рэканструкцыі” Савецкай плошчы, і на сустрэчах у кабінетах, чыталі ягоныя шматлікія інтэрв’ю...

Чалавека няма і няма больш аб чым з ім спрачацца. Але засталіся мы і спрадвечны пошук адказу на пытанне, што вартаснае ў гэтым жыцці. Застаецца плён ягонай працы. Sursum cordа.

Дарэчы, Уладзімір Юр’евіч як раз хварэў на сэрца…

Scroll to top