Назва вёскі Кашубінцы (Гродзенскай вобласці, Гродзенскага р-на, Скідзельскага с/с) ўтворана ад слова “кашубы” – заходнеславянская народнасць на поўначы Польшчы. Кашубаў сялілі ў XVI-XVIII стагоддзях у гэтай мясцовасці як прафесіяналаў па вырабе вугля і дзёгця з дрэва.

 

Гісторыя маёнтка ля вёскі Кашубінцы пачынаецца з XVIII ст., калі ён знаходзіўся ва ўласнасці каталіцкага закону Езуітаў, па скасаванні закону маёнтак быў выстаўлены на таргі і прададзены, наступнымі яго ўласнікамі стаўся род Храптовічаў, а пасля Данкевічаў. Паводле дадзеных інвентароў маёнтка за 1821, 1844, 1856 і 1857 гады, гаспадаром маёнтка быў Франц Багатка. Перад паўстаннем 1863-1864 гадоў уладальнікам Кашубінцаў быў Бачэйка, у якога за ўдзел у паўстанні маёнтак быў секвестраваны.

У 1872 годзе маёнткам валодала Марыя Багатка, з якой прынята звязваць пабудову сядзібнага дома, што захаваўся да сённяшняга дня. У 1890 годзе маёнткам Котра з фальваркам Котра (668 дзесяцін) валодала Марыя Мысліцкая. У міжваенны перыяд яго вярнулі дачцы паўстанца Марыі Бачэйцы-Блаўдзевіч, якая кіравала гаспадаркай разам з мужам Мар’янам Блаўдзевічам да 1939 года, калі маёнтак быў зноў канфіскаваны, цяпер ужо савецкай уладай і выкарыстоўваўся для патрэбаў калгасу. Трэба адзначыць, што апошні ўладальнік маёнтка Мар’ян Блаўдзевіч быў сенатарам у міжваенны час. Ён быў прагрэсіўным гаспадаром. Па яго ініцыятыве ў маёнтку былі закладзены сад, пітомнік з экзатычнымі раслінамі. У малачарні рабілі сыры, якія вазілі ў Гродна.

Будаўнічымі матэрыяламі маёнтак забяспечвала цагельня, якая ўваходзіла ў агульны сядзібны комплекс. На сённяшні дзень сядзіба і парк знаходзяцца ў задавальняючым стане, але жылым застаецца толькі сядзібны свіран, патрабуюцца працы па даследванні і рэстаўрацыі сядзібна-паркавага ансамбля з прыстасаваннем сядзібнага будынка і іншых пабудоваў ансамбля. Непадалёк ад сядзібна-паркавага ансамбля знаходзяцца драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (сяр. XVIII ст.) і могілкі, дзе сярод іншых пахаваная Марыя Бачэйка-Блаўдзевіч.

Сядзіба знаходзілася пры заходнім паркавым ускрайку, мае блізкі да простакутніка план, арыентуючыся галоўным фасадам на паўднёвы-захад, у бок дарогі на Горадню, а бакавым фасадам у бок да ракі. Галоўны сядзібны аднапавярховы корпус мае амаль сіметрычную кампазіцыю, сіметрычнасць парушае двухпавярховая драўляная прыбудова з паўночна-заходняга боку, якая была збудаваная адначасова з усім домам і паводле адзінай праектнай задумы. Прыбудова злучаецца з асноўным аб’ёмам корпуса праз аднапавярховы пераход.

Асноўным акцэнтам і галоўнага і дваравога фасадаў з’яўляюцца драўляныя класічныя портыкі дарычнага ордэру, што маюць два паверхі. Портык выносіцца на пару метраў за плоскасць корпуса, падтрымліваецца чатырма драўлянымі дарычнымі калюмнамі і завяршаецца трохкутным франтонам з паўцыркульным вакном паверх простага антаблемента без дэкору.

 


Трэба адзначыць, што калюмны і бэлькі антаблемента портыка былі пабеленыя, каб ствараць уражанне вырабленых з белага мармуру. Гэтая акалічнасць становіцца вельмі цікаваю, пры правядзенні паралеляў з іншымі класічнымі дэкаратыўнымі і канструктыўнымі дэталямі, выкананымі ў дрэве з імітацыяй каменю, перадусім, мармуру, напрыклад, у Ружанскім палацы XVIII стагоддзя. Сінтэз драўляна-мураваных канструкцыяў і імітацыя формаў, уласцівых аднаму матэрыялу праз пасярэдніцтва другога –характэрная рыса беларускай архітэктуры.

Сцены выкананыя з дрэва зрубам, неашаляваныя, рагі сценаў выдзеленыя простай вертыкальнай шалёўкай. Сцены прарэзаныя амаль аднолькавымі простакутнымі ваконнымі і дзвярнымі празорамі з простымі плоскімі пабеленымі ліштвамі. Сцены завяршаюцца прафіляваным драўляным карнізікам і абшытым дошкамі вынасам даха. Дахі будынка – стромкія, з ухілам каля 45° з цаглянамі непатынкаванымі пячнымі трубамі, маюць прычолкі (паўвальмы) і трапецападобныя шчыты па тарцовых фасадах корпуса, а таксама па галоўным і дваравым фасадах паўночна-заходняй прыбудовы. Шчыты прарэзаныя парамі простакутных вокнаў з простымі ліштвамі.

На портыку галоўнага фасада маецца драўляны балкон на вынасных бэльках, аформленых у выглядзе фігурных кранштэйнаў. Агароджа балкона выкананая ў выглядзе ажурнай драўлянай краткі. У інтэр’ерах сядзібнага дома захаваліся двухколерныя паркетныя падлогі, што засведчыла экспедыцыі пад кіраўніцтвам доктара архітэктуры сп. Сергачова (Сергачев, С.А. Белорусское народное зодчество. – Мн.: «Ураджай», 1992. Стар. 68).

Перад галоўным фасадам сядзібы ўздоўж дарогі захавалася ўязная ліпавая прысада, таксама прасочваюцца рэшткі клумбы. У сядзібны комплекс уваходзілі апроч сядзібнага дома, свіран (захаваўся), малачарня (не захавалася) і іншыя будынкі, рэшткі якіх знаходзяцца паблізу ад сядзібнага дома.

Арыгінальным з’яўляецца захаваны дасюль амбар з пачатку ХІХ стагоддзя, які знаходзіўся крыху далей ад сядзібнага дома і іншыя гаспадарчыя пабудовы, але ўваходзіў у агульны комплекс. Цяпер амбар часткова перабудаваны, але яго першасная канструктыўная кампазіцыя захавалася. Раней амбар быў аднапавярховым, па ўздоўжных сценах цягнуліся галерэі, на якіх даспявала садавіна і гародніна. Гэта патрабавала адпаведнага рашэння галерэяў. Будаўнікі вырабілі іх глыбокімі, зацемненымі, асноўны элемент галерэяў – часта пастаўленыя брусочкі.

Трапіць на галерэі можна было толькі з амбару, у які вялі адзіныя дзверы. (Сергачев, С.А. Белорусское народное зодчество. – Мн.: «Ураджай», 1992.Стар. 132).

 


Парк. Пейзажны парк няправільнай формы быў разбіты ў пойме ракі Котры з улікам ландшафту і, верагодна, адначасова са збудаваннем сядзібнага комплекса, з якім утварае адзіны ансамбль. У парку прасочваюцца ставы, а таксама некалькі ліпавых і дубовых прысадаў, што кампазіцыйна звязваюць сядзібны дом і комплекс у заходняй частцы парка з поймай ракі пры ўсходняй яго частцы. У парку захаваліся рэшткі аднаго з выбітных твораў беларускага паркавага мастацтва – гэтак званай “зялёнай” альтанкі, якая складалася з квадратам высаджаных ліпаў вакол каменнай мемарыяльнай пліты XVIII ст., пакладзенай тут, верагодна, законам Езуітаў.

 


Агулам. Сядзібна-паркавы ансамбль у Кашубінцах рэпрэзентуе тыповую сярэднепамесную шляхецкую сядзібу сярэдзіны ХІХ – першай паловы ХХ стст. З вялікай колькасцю захаваных аўтэнтычных элементаў. Стылістыку сядзібнага дома можна акрэсліць як класіцызм з мясцовымі асаблівасцямі, адной з якіх з’яўляецца, сярод іншага, адсутнасць энтазіса на драўляных пабеленых калюмнах галоўнага портыка. Не апошнім па важнасці тут з’яўляюцца спробы падражання ў дрэве модным тагачасным архітэктурным мураваным ці літым з чыгуну формам (кранштэйны і агароджа балкона і інш.). Пейзажны парк, чыя прастора з’яўляецца арганічным працягам прысядзібнага двара, быў уласцівы эпосе рамантызму ХІХ-ХХ стст.

Вёска Кашубінцы мае вялікі турыстычны патэнцыял для Гродзенскага раёна, ды і ўсёй Беларусі. Сядзібны комплекс разам з касцёлам XVIII ст. могуць стаць прывабным аб’ектам для наведвання іх турыстамі. Гэтаму садзейнічае не толькі багатая гісторыя вёскі і маёнтка, мастацкая вартасць будынкаў, прыгажосць пейзажнага парка, але і добрае месца размяшчэння – некалькі кіламетраў ад магістралі М6, якая злучае Мінск і Гродна.

Scroll to top
Website Security Test