Разбурэнне чарговых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Гродна стала ўжо звычайнай з’явай і можна прыдумаць тысячу нагодаў, каб разбурыць старасвецкі дом. Можна аб’явіць яго аварыйным.

Адпаведны “эксперт” з канторы, якая хоча вельмі добра зарабіць на праектаванні новага дома, лёгка напіша, што дом зношаны на 55% (пасля будынак знясуць і ўжо нічога не дакажаш). Можна таксама сказаць, што ў доме жывуць бамжы і цэглу 150 гадоў таму рабілі няякасна (!!!). Можна проста сказаць, што будынка няма ў спісе спадчыны, а гэта, ва ўмовах калі Мінкульт і Саўмін прынцыпова не хочуць спіс аб’ектаў спадчыны папаўняць, адразу гучыць як прыгавор… Адным словам нагодаў шмат і ўсё гэта можна было б прыгадаць, гаворачы пра разбурэнне дома на рагу Віленскай вуліцы і Віленскага завулка. Але сёння пра іншае…

Знесены дом па вул. Віленскай, 20 і фрэска С.Палякова на ім

Кожны гродзенец каля гэтага дома хаця раз у жыцці праязджаў і кожны бачыў зробленую ў тэхніцы сграфіта фрэску з выявай бяскрылага анёла з “гарадзенскімі трубамі”, Каложай і маладымі гродзенцамі, якія аптымістычна глядяць у будучыню. Маленькай Каложы на сцяне дома ўжо няма, як няма і самога дома. Аўтар гэтай работы Сяргей Палякоў не дажыў некалькі месяцаў, каб пабачыць як нішчыцца адзін з найлепшых ягоных твораў.

Мастак-манументаліст Сяргей Палякоў

Уражэнец Баранавічаў Сяргей Палякоў выглядаў акурат так, як павінен быў выглядаць мастак-манументаліст. Высокі чалавек з магутнай барадой меў, аднак, вельмі шырокую душу і шмат каго са сваіх вучняў натхніў да творчай работы. У 1976 г. С.Палякоў скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацкае вучылішча (цяпер Акадэмія мастацтваў імя Штыгліца) і напрыканцы 1970-х – пачатку 1980-х гг. стварыў у Гродне цэлы шэраг прац, якія дасюль фармуюць атмасферу нашага града. У складзе творчых груп выканаў сграфіта “Зямля Беларуская” і “Песня пра Нёман” на фасадах цяперашняга рынка “Карона”, стварыў інтэр’еры гродзенскага драматычнага тэатра і дома грамадзянскіх абрадаў па БЛК, аформіў мазаікамі дамы адпачынку АЗОТа і Хімвалакно… Адным словам з творамі гэтага чалавека гродзенцы сутыкаюцца амаль штодзённа.

Люстры ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры

Апошнія гады не радуць манументалістаў добрымі замовамі. Усё болей шпаклёўка-тынкоўка, усялякія дэкаратыўныя штамовачкі і іншая безгустоўнасць. Вось і Сяргей Палякоў працаваў галоўным чынам як выкладчык. І студэнты любілі яго і за яго заступаліся, хаця як чалавек ён быў далёка не бясхмарны.

Мастака няма, знікаюць і ягоныя творы, так як фрэска-сграфіта на доме па Віленскай, якая за трыццаць гадоў стала з гэтым домам адзіным цэлым. Асірацеў без утульненькага доміка з маленькай Каложай і куточак старога Гродна ў раёне вуліц Віленскай і Мядовай.

Scroll to top