У самым канцы 1950 года ў горадзе над Нёманам нарадзіўся ГРОДЗЕНЕЦ. Мы не ведаем яго імя, не ведаем яго нацыянальнасці і сацыяльнага статуса ягоных бацькоў, ведаем толькі, што ад самага свайго нараджэння ён быў гродзенцам і лёс нашага горада стаўся і ягоным лёсам.

 Удзельнікі праекта «У пошуках Гісторыі: штодзённае жыццё cавецкага Гродна 1950-80-х г.г.» вырашылі прайсці разам з гэтым гродзенцам праз першыя сорак гадоў ягонага жыцця і адпаведна праз увесь гэты вельмі важны перыяд гісторыі Гродна.

Яго вачыма мы бачым разбураны вайной горад і першыя новабудоўлі. Разам з ім ходзім у школу, становімся піянерам і камсамольцам, удзельнічаем у першамайскіх дэманстрацыях. Разам з ім закладаем сям’ю і перасяляемся ў новы мікрараён. Разам з ім будуем лепшае заўтра і стаім у чэргах за чарговым дэфіцытам.

Напрыканцы снежня 2010 г. наш гродзенец адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе і выйшаў на пенсію. Аднак будзем спадзявацца, што для яго, яго дзяцей і ўнукаў, таксама як і для ўсяго нашага горада ўсё самае цікавае яшчэ толькі-толькі пачынаецца.

Выстава рэалізавана сумесна Музеем педагогікі Гродзеншчыны ліцэя №1 г. Гродна, Гродзенскім абласным грамадскім аб’яднаннем маладых навукоўцаў “ВІТ” і Прадстаўніцтвам зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь.

Здымкі і прадметы, якія экспануюцца на выставе, паходзяць са збораў Музея педагогікі Гродзеншчыны ліцэя №1 г. Гродна, Віктара Саяпіна і іншых удзельнікаў праекта “У пошуках штодзённасці.”

 
 
 
 
 
 
 
 
Scroll to top