У маім жыцці было дзве вялікія сустрэчы з Алесем Белакозам. Першая адбылася восенню 1996 года, нас, ліцэістаў, павёз у Гудзевічы Алесь Пятровіч Госцеў. Мы былі ўражаныя і канцэнтраванай беларушчынай месца і асобай спадара Белакоза.

Мы з захапленнем слухалі пра крамянёвую ваду, разглядалі партрэты і старыя кнігі і фотаздымкі... А такіх у музеі было нямала. Напрыклад арыгінальныя здымкі Францішка Багушэвіча ці адно з яго прыжыццёвых выданняў. Пры чым у Беларусі больш гэтай кніжкі ніводнай няма. Уявіце, што некалі людзі здавалі такія рэчы ў просты школьны музей у далёкай вёсцы, а не ў дзяржаўную інстытуцыю. Гэта шмат пра што гаворыць. І пасля ў мяне каля ложка доўга стаяла вялікая бутэлька ад спірта "Раяль" з крамянёвымі каменьчыкамі на дне. Стуль я любіў папіваць ваду. Але пра крамянёвую ваду самі пачытайце...  
Другая сустрэча была летам 2003 года. Мы з Дзімай Люцікам на колькі дзён прыехалі ў Палаўкі каля Воўпы, дзе жыла Дзіміная цётка. І аднаго дня вырашылі пешшу пайсці ў Гудзевічы. Ішлі палямі, і не маючы ніякіх гуглкартаў, збіліся з дарогі, выйшлі аж да вёскі Сугакі на захадзе. Адным словам, толькі ў адзін бок адмахалі кіламетраў 13. У Гудзевічах сціпла прыйшлі ў музей і Белакоз пасадзіў нас у крэслы і сваёй зале, пачаставаў травяной гарбатай і доўга распытваў пра жыццё-быццё. Помню сказаў : "Галоўная была ў мяне памылка што я катэгарычна адмаўлялўся ісці ў начальства. Мог бы значна больш зрабіць для Беларусі тады". І даў нам параду ў выпадку чаго ад начальсцвенных пасадаў не адмаўляцца. Назаўсёды засталася ў памяці тая яго ўвага да кожнага чалавека, ягонае жаданне памагчы кожнаму. І канешне ягоны патрыятызм. Дасюль памятаю і Алеся Белакоза тым летнім днём і жаўрукоў, якіх мы з Дзімам слухалі, стоячы пасярод бясконцага беларускага поля, белага-белага ад квітнеючай грэчкі

А.В.

 

Scroll to top
Website Security Test