Менавіта гэтым асобам гарадзенцы хочуць убачыць помнікі ў сваім горадзе, піша “Вячэрні Гродна”

 

Горадня – еўрапейскі і адначасова беларускі горад. Найбольш беларускі. Нягледзячы на тое, што нават у нашай краіне Горадня выглядае як нейкі запаведнік савецкага часу (найперш дзякуючы пазіцыі гарадскіх уладаў), жыхары горада помняць сваю гісторыю. Апытаныя журналісткай Дар’яй Гуштын гарадзенцы выказалі жаданне бачыць на галоўных плошчах свайго горада помнікі героям і ваярам – вялікаму князю літоўскаму, шматгадоваму ўладару Горадзена Вітаўту, каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Батораму (які вельмі любіў наш горад і нават прасіў пахаваць яго тут), абаронцу Горадзена ад крыжацкай навалы Давыду Гарадзенскаму. Сапраўды, такія помнікі патрэбныя, бо калі ў іншых гарадах Беларусі ўжо паставілі помнікі Усяславу Чарадзею, Кірыле Тураўскаму, Францыску Скарыне, Еўфрасінні Полацкай, то ў Горадні ўлады пакуль адмазаліся адной куцай скульптукай Жылібера. А далей пачынаюцца прапановы паставіць ўсялякія помнікі рыбаку, жанчыне-кантралёру ў тралейбусах (!!!), ці якому нават каналізацыйнаму люку. Яно можа і файна, але, спадарства, конную статую Баторыя каля адбудаванай гарадзенскай ратушы нам нічога не заменіць. Трэба дадаць, што патрэбен яшчэ помнік вялікаму змагару за свабоду Беларусі Кастусю Каліноўскаму, пажадана замест Леніна ці хоць у тым месцы, дзе яго планавалі паставіць у пачатку 1990-х гг. – каля дома прафсаюзаў на Савецкай плошчы. А што, гарадзенцы, можа сур’ёзна пагаворым, якім людзям і падзеям патрэбны помнікі ў нашым горадзе?

Scroll to top
Website Security Test