Горад стварае чалавека. І чалавек стварае горад. Да гэтых тэзаў я прыйшоў, спакваля разважаючы пра ролю горада ў маім жыцьці і жыцьці ўсіх беларусаў увогуле. Я гарадзенец, хаця ў Горадні стала не жыву ад 18 год. Пасьля быў Менск, цяперака Вільня, але родным горадам застаецца Горадня. Ёй я і прысьвячу гэты эсэй.

 Я не лічу сябе чыстым месьцічам, бо амаль штолета бавіўся ў дзядоў на вёсках. Гэта між іншага дало мне вельмі многа ў пляне разуменьня беларускага гораду, які непарыўна зьвязаны зь вёскай, хаця гэтая повязь памалу губляецца. Таму я лічу, што мяне стварылі вёска і Горадня. Горадня першай паловы 90-х. Старадаўнія замкі па-над Нёмнам, велічныя касьцёлы, брук, камяніцы й брамы, вузкія ціхія вуліцы ў спалучэньні са школьным курсам “Гісторыя Беларусі” пэрыяду ВКЛ далі мне ўсьведамленьне таго, што я – частка эўрапейскае цывілізацыі, жыхар места з найбагацейшай гісторыяй, грамадзянін краіны, якая пераняла ў спадчыну традыцыі славутага Вялікага Княства. Горадня пачатку 90-х тады мела адмысловы дух сярэднявечча, які застснецца ў маёй памяці назаўжды. Цяпер ад гэтага духу мала што засталося, надта зьмянілася ўсё, на жаль, у горшы бок.

Для нас, месьцічаў у 1 ці 2 пакаленьні, горад шчэ ня стаўся той каштоўнасьцю, за якую мы гатовыя змагацца. Тымчасам нашае кіраўніцтва, кіруючыся выключна пошукам хуткага прыбытку, дэманструе яскравы прыклад недальнабачнасьці, зьнішчаючы нашую культурную спадчыну, якая ёсьць найважнейшым чыньнікам самаідэнтыфікацыі.

Горадня заўжды прэтэндавала на званьне “заходняга”, “эўрапейскага” горада, цэнтра Заходняе Беларусі з адмысловай культурай ды мэнтальнасьцю. Ці сапраўды гэта так? Адназначна адказаць на гэтае пытаньне няможна. Так, гарадзенцы больш павязаныя з заходняй цывілізацыяй. Прычым тычыцца гэта ня толькі каталікоў. Гэтаму спрыяюць і геаграфічная блізасьць да Захаду, якая ўплывала на жыцьцё рэгіёну на працягу ўсяе гісторыі, асабліва ў міжваенны пэрыяд 1921-1939 гадоў, які стварыў заходнебеларускую адметнасьць. Тут адбываюцца больш інтэнсыўныя кантакты з краінамі-сябрамі Эўразьвязу – Польшчай і Літвой.

Нягледзячы на гэта, Горадня не стала беларускім Львовам, перадусім праз тое, што нам “пашчасьціла” увайсьці ў склад Расейскае імпэрыі. Таму гарадзенцы пры ўсёй адметнасьці застаюцца даволі тыповымі беларусамі, што да пытаньняў дэмакратыі, правоў чалавека, нацыянальна-культурнага араджэньня ды адказнасьці за лёс горада і краіны. Як ужо зазначалася вышэй, гарадзенцы – нашчадкі сялянаў, што толькі-толькі пакінулі свае сядзібы, палі й гароды і, атрымаўшы сякую-такую адукацыю, перасяліліся ў бэтонныя гарадзкія гмахі. Яны не маглі пераняць тае гарадзкое традыцыі, што існавала тут спрадвеку. А карэнныя гараджане (перадусім жыды й спаланізаваныя “тутэйшыя”) былі вынішчаныя катаклізмамі 20 стагоддзя ці зьехалі ў пошуках лепшае долі.

Вялікай праблемай Горадні сёньня, на мой погляд, ёсьць так званыя ўцёкі мазгоў. Малады чалавек, скончыўшы сярэднюю школу, выпраўляецца па адукацыю ў Менск, Польшчу, а хто і далей на захад. Там яны па атрыманьні адукацыі часьцей за ўсё і застаюцца, працуючы на карысьць тамтэйшае супольнасьці, у той час як родныя мясьціны апынаюцца ў занядбаньні. Гэта тычыцца і сталых людзей, што ўжо зьверыліся ў магчымасьці пераменаў ды памкнуліся хто куды. У выніку культурны ўзровень гораду падае, адсутнасьць адукаваных людзей адчуваецца ўсё мацней. Але што робіцца дзеля таго, каб прадухіліць гэтую сумную тэндэнцыю? Што могуць прапанаваць маладому чалавеку мясцовыя улады? І ці маюць яны прынамсі жаданьне штосьці прапаноўваць? Пытаньне рытырычнае.

Актуальным для Горадні застаецца разьвіцьцё прадпрымальніцтва, дужа распаўсюджанага сярод гарадзенцаў віду дзейнасьці. Тут існуе шэраг буйных савецкіх прадпрыемстваў, што дажываюць свой век, і адсюль выцякае праблема працаўладкаваньня вялікае колькасьці жыхароў. Але пра спрыяньне прадпрымальнікам з боку дзяржавы застаецца толькі марыць. Тое ж тычыцца і сфэры паслугаў, якая не атрымлівае належнае ўвагі пры ўсёй яе важнасьці для сучаснага гораду.

У Горадні няма інфраструктуры забаваў, што адмоўна ўплывае як на разьвіцьцё турызму, гэдак і на культурны ўзровень гараджанаў. Вядома, ёсьць колькі клюбаў ды корчмаў, але на тле нават краінаў-суседзяў гэта сьмех ды ганьба. Пры жаданьні можна было б ператварыць Горадню ў буйны турыстычны цэнтар з усімі вынікаючымі адсюль выгодамі, але зноў ці то рэсурсаў не стае, ці то розуму…

Горадня мае багата праблемаў, што патрабуюць неадкладнага вырашэньня. Тутака патрэбны дбайны, вопытны, дальнабачны гаспадар, які б меў уяўленьне пра тое, як і што трэба рабіць, і ажыцьцяўляў гэта. Ці можам мы, жыхары горада, стаць зборным вобразам гэтага гаспадара? Мяркую, так, калі ў нас зьявіцца сапраўднае мясцовае самакіраваньне, што дасьць магчымасьць жыхаром актыўна ўдзельнічаць у жыцьці горада, тварыць ягоны лёс. Калі праблемы гораду будуць усьвядомленыя, а пошук шляхоў іх вырашэньня будзе адбывацца ва ўмовах сталага грамадзкага дыялёгу. Калі зьявіцца моцная грамадзянская супольнасьць, здольная супрацьстаяць свавольству кіраўніцтва і абыякавасьці абываталяў. Калі мы будзем адпавядаць велічнасьці ды культуры таго гораду, у якім жывем.
Вадзім Смок

Scroll to top