Гродненский блог

РЭКАНСТРУКЦЫЯ

Аналітыка
У прэсе
Фотахроніка
Горадня заўтра

ГІСТОРЫЯ

Галерэя
Слаўныя імёны
Бібліятэка

 

Гасцёўня
Статыстыка
Апошнія каментарыі
Альтэрнатыва
Каложа
Савецкая пл.
Савецкая вул.
Стары мост
Транспартная сістэма
Замкі
Новы Свет
Канструктывізм
Парк Жылібера
Гарадніца
Археалогія
Грамадская актыўнасць
Замежны вопыт
Экалогія

Пошук па сайце

Google

Зварот да ўсіх гарадзенцаў і беларусаў – за падручнікі, за веды, за доўгую і ўпорыстую працу
23 чэрвеня 2007 года

Прапануем наведвальнікам ліст аднаго з гарадзенцаў, наведвальніка сайта.

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.

Яны аддалі нам свой меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых.
І нам немагчыма пайсці адсюль,
І пакінуць са смерцю іх.

Словы выдатнага нашага паэта Уладзіміра Караткевіча актуальныя сёння для Горадні і ў пераносным і ў літаральным сэнсе. Хваля грамадскага пратэсту, якая стыхійна паднялася ў нашым горадзе ў гэтым годзе, уражвае. Шкада, што такой хвалі не было год таму, вясной 2006-га, калі на Савецкай плошчы пілавалі скверы і выкідвалі на сметніцу культурны слой. Але ўсяму свой час.

Горадня стала для многіх праверкай на сумленнасць і адказнасць, маленькім паўтарэннем Плошчы 2006-га. Літаральна некалькі дзесяткаў самых разнастайных акцый, дзесяткі тых, што трапілі ў міліцыю ці былі нават асуджаныя за тое, што стаялі перад асуджанымі на знішчэннне дамамі. Гістарычны цэнтр Горадні – адно з апошніх прыбежышчаў нацыянальнага духу і нацыянальнай гісторыі – баранілі беларусы з Менску, Салігорску, Бярэсця, Баранавіч, Пінска і многіх іншых гарадоў Беларусі.

Вынік – пра справу Горадні ведае ўся Беларусь і, без перабольшвання, увесь свет. Вынік – пачынаючы з вясны ўлады рашыліся разбурыць толькі адзін будынак – млын па Васілька 3.

Вельмі ўражвае таксама і тое, што моладзі і ўвогуле ўсім тым, хто хоча абараніць свой горад, непатрэбны ніякія партыйныя шыльды і сцягі. Калі ў горадзе з’явіліся налепкі з тэкстам: “Абаронім Гародню разам” і подпісам “Партыя БНФ”, тыя маладыя гарадзенцы, якія за сваё стаянне каля будынкаў ужо некалькі разоў пабывалі ў міліцыі, або нават трапілі пад суд, кінуліся адрываць з гэтых налепак ніжнюю частку з подпісам партыі. “Не трэба прысвойваць сабе плады нашага змагання”, – сказаў адзін з маладзёнаў. І гэта праўда. Права сказаць: “І я бараніў Горадню”, не належыць сёння ніводнай партыі, руху ці арганізацыі. Усё робіцца простымі патрыётамі, большасць з якіх нават не ведаюць адзін аднаго.

У сувязі з усімі падзеямі апошніх месцаў хочацца звярнуцца да ўсіх беларусаў, гарадзенцаў і найперш да моладзі, якая найбольш актыўна бароніць наш горад і якая, паводле выказвання доктара Алеся Краўцэвіча з’яўляецца нашым гонарам.

Шаноўныя гарадзенцы, найперш маладыя. Змаганне, пошук сваёй Плошчы і спосабу выказаць свой пратэст з’яўляюцца мужнай справай. Але гэта справа далёка не самая галоўная. Справа не ў будынках. Дакладней кажучы, не толькі ў будынках. Справа ў тым, як адзін раз выйшаўшы на плошчу, выказаўшы свой пратэст, пераўтварыцца ў людзей, здольных даказаць сваю рацыю ў любой сітуацыі.

Будзе вельмі сумна, калі ўжо восенню з тых, хто сёння бароніць Горадню, застануцца ў родным горадзе адзінкі. У кожнага, канешне, свая дарога. Але тыя, хто думаюць, што адседзеўшы 15 сутак, чалавек становіцца героем нейкага змагання і можа спакойна ехаць у Польшчу як палітычная ахвяра, вельмі моцна памыляюцца.

Сістэме выгадна, калі вы становіцеся маргіналамі, губляеце глебу на роднай зямлі і едзеце невядома куды. Сістэме выгадна, каб кожны, хто разумее, адчувае больш, чым можна разумець і адчуваць, пакінуў сваю Радзіму.

У сваю чаргу Вас прыманьваюць прыгожыя, цёплыя і бесклапотныя гарады Польшчы і іншых еўрапейскіх краін. Вам абяцаюць грунтоўную еўрапейскую адукацыю і працу. Вам часта гавораць: “Калі нешта зменіцца ў Беларусі, то вы вернецеся і будзеце самай адукаванай і “прасунутай” часткай беларускага грамадства.”

Лухта, выгадная і ўладам і частцы апазіцыі, якая адмывае на гэтай справе грошы. Адтуль, ад добрага жыцця не вяртаюцца. Трэба быць перакананым патрыётам, каб пяць год пражыўшы ў Варшаве, вярнуцца ў родную вёску пад Слонімам ці Навагрудкам. Такіх сярод сямнаццацігадовых хлопцаў і юнакоў адзінкі.

Крытыка, можа, і правільная, падумае кожны з вас, але што рабіць нам, тым, хто сёння скончыў школу, або заканчвае ўніверсітэт? Адказ просты – заставацца ў Беларусі, не даць уладзе магчымасці зрабіць з вас маргіналаў і ўсімі спосабамі пашыраць беларушчыну. Зразумейце, вы беларусы, вы лепшыя і патрэбныя толькі тут, сярод тых сваіх калегаў па ўніверсітэце, працы ці вучылішчы, якія думаюць толькі пра выпіўку, заробак і сэкс.

Вы павінны стаць прыкладам для гэтых людзей у любой справе: вучобе, паводзінах, грамадзянскай пазіцыі. З вас будуць смяяцца, большасць ад вас нават адвернецца. Але з часам колькасць вашых сяброў пачне хутка расці. Да моцнага і перакананага заўсёды цягнуцца больш слабыя, але чыстыя душой людзі. Кожнае слова, сказанае вамі па-беларуску, будзе для іх вельмі важным, кожная праведзеная вамі вечарына ці турыстычны паход будуць для іх памятнай падзеяй жыцця. З такіх суполак і пачынаецца Беларусь. Чым больш будзе такіх патрыётаў не на словах, а на справе, тым будзе лепш.

Грамадства цягнецца да лепшага і калі аб актуальных грамадскіх справах не пішуць гарадскія газеты, пераўтварыўшыся ў дудачкі для праслаўлення нашых дасягненняў, аб гэтых справах пачынаюць пісаць іншыя. Прыклад – выдатна арганізаваная гарадзенскімі блогерамі абарона пакусанай сабакам жанчыны, якой адмовіліся дапамагчы ў адной гродзенскай бальніцы.

Так будзе і з вамі. Калі ніхто не гаворыць праўду, калі свет прасякнуты культам гвалту, грошай і нацыянальнага нігілізму, праўду павінны гаварыць вы. Але дзеля гэтага патрэбныя веды. Выйсці з плакатам “Стоп вандалы” – мужна, жыць пераконваючы ў гэтым людзей – мужна дзесяць разоў. Бярыце ў рукі кнігі па гісторыі, вывучайце наш горад глыбока, так каб умець даказаць кожнаму, што флігель палаца віцэ-адміністратара ў Горадні – гэта не халупа пад знос, гэта выдатны помнік архітэктуры.

Колькі словаў і аб выбары прафесіі. Выбіраць ва ўмовах Беларусі гуманітарную прафесію не варта. Прынамсі, далёка не ўсім. Беларусі падтрэбныя патрыёты інжынеры, будаўнікі, спецыялісты па сельскай гаспадарцы, вайскоўцы. Такія людзі павінны зарабляць грошы, моцна стаяць на нагах і быць прыкладам для сваіх калегаў па парце і працы, шырыць беларушчыну ў сваім коле.

Могуць быць нейкія рэпрэсіі, размовы ці звальненні. Але баяцца гэтага не варта. Абавязак кожнага грамадзяніна сваёй краіны – ўмацоўваць яе незалежнасць і пашыраць веды пра гісторыю сваёй краіны сярод яе грамадзян. У гэтым няма нічога супрацьзаконнага.

Не трэба зайздросціць тым, хто сёння зарабляе вялікія грошы і едзіць на дарагіх машынах. Не трэба падманвацца ўяўнай магутнасцю шэрагаў БРСМ, якой небудзь “Белай Русі” ці нават танкавых калонаў беларускага войска. Гэтыя, заснаваныя выключна на адміністратыўным рэсурсе арганізацыі, на вялікі жаль, ніколі не абароняць Беларусі, яны трымацца толькі пакуль жыве сістэма і знікнуць у той дзень, калі гэтая сістэма знікне. На іх можна проста не звяртаць увагі.

І яшчэ, аб самым важным напрыканцы. Дарога да Бога і справа прыхода веры ў кожнага свая. Але просім вас, думайце пра Бога, наведвайце храм. Пабураныя Храмы Горадні, гэта не проста знішчаныя архітэктурныя помнікі, гэта прыбежышчы Бога, памяці і душаў нашых продкаў.

У добрую дарогу з добрай верай у тое, што ўсё толькі пачынаецца.

Праметэй.
Горадня, 23 чэрвеня, год ад Раства Хрыстовага 2007-ы.


Дадаць каментарый
Імя*:
E-mail:
Каментарый*:
сем тры чатыры чатыры - увядзіце гэты код лічбамі (цифрами)*


* - палі, абавязковыя да запаўнення

Апошнія каментарыі:

Гэфест

28-06-2007, 19:45

Паважаны спадар Праметэй!

Вельмі прыемна, што ў нашым асяродзі ёсць такія людзі як Вы і вашыя

паплечнікі.На фоне агульнага заняпаду актыўнасці грамадства Вашая

спроба актывізаваць іншых на сякую-такую дзейнасць заслугоўвае

ўхвалы.

Аднак, ці не памыляецеся Вы ў ацэнцы маштабаў грамадскай рэакцыі на

падзеі "Рэканструкцыі"? Вы кажаце "Хваля грамадскага пратэсту, якая

стыхійна паднялася ў нашым горадзе ў гэтым годзе, уражвае "... "

Дзесяткі тых, што трапілі ў міліцыю ці былі нават асуджаныя за тое,

што стаялі перад асуджанымі на знішчэннне дамамі". Магчыма, я не

валодаю ўсёй паўнатою інфармацыі на гэты конт, але, здаецца, лік

"асуджаных"(гучыць прыгожа, але...) усё ж такі не ідзе на дзесяткі.

Але, нават калі б гэта і сапраўды было так(толькі, бадай, ня ёсць)

- ці шмат гэта для ТРОХСОТТЫСЯЧНАГА места? Любы незаангажаваны

назіральнік сцвердзіц - відавочна не. Тым болей, што ў абароне

гістарычнай забудовы прымалі не апошні(а ці не першы?) удзел

"іншаземныя(прабачце, іншагароднія) дабрахвотнікі"? Дык можа трэба

суаднесці гэтыя Вашыя больш чым смелыя колькасныя паказчыкі з амаль

ДЗЕСЯЦІМІЛІОНЫМ народам нашая Бацькаўшчыны? Ці трэба тады гэталькі

пафаса -"пра справу Горадні ведае ўся Беларусь і, без

перабольшвання, увесь свет."?

І чым Вам недагадзілі партыі ды іх сцягі? Можа Вам проста хочацца

заснаваць сваю, асабістую партыю ? Адсюль столькі гучных ды

траскуча-бліскучых фраз? Нічога благога ў гэтым няма, але навошта

уводзіць сваіх будучых "аднапартыйцаў" у свядомы(або несвядомы)

зман?
І , наогул, замала ў Вас, спадар Праметэй, канкрэтных прапаноў да

сумленных і неабыякавых суайчыннікаў. Палітыка - рэч канкрэтная і

патрабые канкрэтыкі. Калі Вы не дэмагог, накшталт некаторых...

Ды і ці пагодзяцца з Вамі іншыя барацьбіты за Старую Гародню? Людзі

ж тут, пэўна, розныя.

Тут у адным з артыкулаў, адміністратары сайта, трэба разумець,

недвухсэнсоўна сваю пазіцыю пазначылі: "Грамадская канфрантацыя

нікому непатрэбная. " А што за палітыка без канфрантацыі?

Так што займайцеся гісторыяй, змагайцеся за "пераўтварэння нашага

горада у турыстычную сталіцу Беларусі, каб будынкі пачалі не

развальвацца (рэканструявацца) уладамі, а рэстаўравацца паводле

ўсіх навуковых метадаў" і у палітыку ні-ні.

Гэта пэўна, не Вашае.

З павагай

Гэфест

  
Праглядзець усе выказванні (Усяго 1)

Галоўная | Аналітыка | Артыкулы ў прэсе | Фотахроніка | Галерэя | Слаўныя імёны | Бібліятэка | Гасцёўня | Апошнія каментарыі | Статыстыка наведванняў

Архітэктура Гродна па-беларуску і па-руску Architektura Grodna po-polsku Architecture of Hrodna in English Architektur Garthen in Deutsch

Лірыка...


Гараднічанка


Гараднічанка - рэчачка малая,
яна з вялікім Нёмнам размаўляе.
Учора размаўляла і сягоння.
На берагах яе жыве Гародня.

Гародня - мужны старажытны горад.
Гародню вельмі любіць Нёман-волат.
У Нёман адусюль бягуць крыніцы.
Крыніцы не замуцяць чужаніцы.

А хто жадаў Гараднічанцы згубы,
той закаваў Гараднічанку ў трубы.
Ды рэчачка з вязніцы той выходзіць,
крынічыць у Вялікдзень, у стагоддзі.

Данута Бічэль-Загнетава

Дасылайце свае вершы пра Гародню


Помнік

вул. Гараднічанская 23

Слаўнае імя

Мядзёлка Паўліна Вінцэнтаўна (12(24).09.1893 – 13.02.1974)
старшыня Грамады беларускай моладзі, адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі па п’есе Я. Купалы, арганізатар дзіцячых прытулкаў, беларускіх школ

Чытайце ў Бібліятэцы

Аляксей Карпюк. Масты
30 снежня 2007 года
Нарыс нашага земляка Аляксея Карпюка, прысвечаны гісторыі гарадзенскіх мастоў. Артыкул быў надрукаваны ў часопісе "Беларусь" у 1983 годзе (№2). Глядзець


Рэканструкцыя - аднаўленне чаго-небудзь па апісаннях ці рэштках, якія захаваліся
(Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 1999)


Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка  KAMUNIKAT.ORG

Save Hrodna !

Моладзевы інтэрнэт-праект 'Твой стыль'

Нашыя дзеткі

Радзіма майго духу

МГА Гісторыка: Робім гісторыю разам !

Rating All.BY

ewropa.blox.pl

Архітэктура Гродна: гісторыя і сучаснасць