Першы крок! 19 красавіка 2006 года
Грамадскасць усё-ткі здолела сказаць сваё слова і прымусіла “рэканструктараў” паслухацца: праект пабудовы падземнага перахода перагледжаны – флігель палаца Радзівілаў будзе захаваны.
Сціплая, але перамога адбылася выключна дзякуючы неабыякавым да лёсу гістарычнага цэнтру Гродна гарадзенцам і менчукам. Вызначаныя заканадаўствам інстанцыі, якія мусяць забяспечваць хаду сапраўднай паўнавартаснай рэканструкцыі, з сваімі абавязкамі не справіліся. Адныя патроху бурылі; іншыя рабілі выгляд, што нічога не бачаць. А хтосьці папросту паціскаў плячыма: “А што мы можам?”
А яны маглі!!! І больш таго – былі абавязаныя не бурыць і сачыць за хадой рэканструкцыі. А што да археолагаў, то яны пры неабходнасці павінны былі ісці пад экскаватар, каб спыніць разбурэнні.
У пятніцу 14 красавіка Гродна наведала супрацоўніца Дзярждэпартаменту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. На месцы “рэканструкцыі” яна зафіксавала шматлікія парушэнні парадку правядзення падобных работ, вызначанага заканадаўствам. На наступны дзень на пляц вышлі каля 15 студэнтаў гістфаку ГрГУ і энтузіястаў, якія крыху пакорпаліся на вуліцы Маставой. У гэты ж момант працягвалася разбурэнне падмуркаў палаца Радзівілаў, знішчаўся кульурны слой – не менш за шэсць метраў гаротнай беларускай зямлі з драўлянай маставой пасярэдзіне (XVI-XVII стст.).
Аднак галоўнае пачалося ў панядзелак 17 красавіка. Менавіта ў гэты час праз вул. Мяшчанскую (зараз вул. Стэфана Баторыя) пачалі капаць другую палову падземнага перахода, першая частка якога была збудаваная летась. Стваральнікі grodnoproblem.km.ru яшчэ ўвосені мінулага году пралічылі, што выхад з перахода абавязкова павінен зачапіць і цалкам знішчыць адзін з флігеляў палаца Радзівілаў (гл. арт. “У чаканні новага будаўнічага сезона”). Выхады з пераходу павінны былі капаць на наступны дзень. Набліжаўся дзень Х...
Учора а 12-ай гадзіне дня некалькі хлапцоў і дзяўчат з Гродна і Менску скочылі ў яму пад коўш экскаватара і толькі гэтак здолелі спыніць зямельныя работы. Будаўнікі былі вымушаныя адступіць. Моладзь уручную расчысціла месца запланаванага “рэканструктарамі” выхада з падземнага перахода (у кірунку крамы “Баторыя”). У выніку частка падмуркаў флігеля палаца Радзівілаў была ачышчаная ад зямлі і друзу. Адбыліся перамовы моладзі з кіраўніцтвам праекту, у выніку якіх была дасягнутая дамова аб тым, што выхад з падземнага перахода будзе пабудаваны не ў бок “Баторыі”, але ў супрацьлеглы бок – да гасцініцы “Нёман”.
Сёння земляныя работы працягваюцца. Будаўнікі пачынаюць прыслухоўвацца да грамадскіх актывістаў. Але цешыцца пакуль што рана. Катастрафічна не хапае валанцёраў і рыдлёвак для правядзення раскопак (мэтай гэткіх раскопак з’яўляецца дакладнае акрэсленне месцазнаходжання старажытных падмуркаў, якое дазваляе карэктаваць рыццё будаўнічых траншэй дзеля мінімізацыі шкоды для падмуркаў).
МЫ ЗВЯРТАЕМСЯ ДА ЎСІХ НЕАБЫЯКАВЫХ ДА ЛЁСУ СТАРАЖЫТНАЙ ГАРОДНІ ЛЮДЗЕЙ ЗА ДАПАМОГАЙ! Калі ласка, прыходзьце/прыязджайце на Савецкую плошчу (калі ёсць магчымасць, абавязкова захапіце з сабой рыдлёўкі), падыходзьце да раскопак. Вам пакажуць і патлумачаць, што і як рабіць. Калі ласка, бярыце ўдзел у раскопках столькі часу колькі здолееце: адну-дзве гадзіны, дзень ці тыдзень – у зручны для Вас час (з 09:00 да 18:00). Кожная гадзіна Вашай працы з’яўляецца неацэнным унёскам у нашую агульную справу ратавання нашай Гародні!
|